Неацэнны ўрок для чалавецтва

Главное Общество Официально

26 красавіка 1986 года на 4-м блоку Чарнобыльскай атамнай станцыі, размешчанай у невялікім украінскім горадзе Прыпяць у некалькіх кіламетрах ад мяжы Беларусі, адбылася самая буйная ў сусветнай гісторыі тэхнагенная катастрофа. Велізарная колькасць смяротных радыеактыўных рэчываў выпала практычна на ўсёй тэрыторыі краіны. У некаторых населеных пунктах магутнасць дозы выпраменьвання ў тысячы разоў перавышала натуральны радыяцыйны фон.

Трагедыя Чарнобыля – урок для ўсяго свету. Вывучэнне і аналіз наступстваў і праблем, спароджаных катастрофай, павінны ажыццяўляцца не толькі ў інтарэсах пацярпелага насельніцтва, але і чалавецтва наогул. У той жа час міжнароднай супольнасці неабходна ўзяць на сябе долю адказнасці за будучыню тых, чыё жыццё і здароўе апынуліся пад пагрозай у выніку гэтага глабальнага экалагічнага бедства. Толькі агульнымі намаганнямі, заснаванымі на гуманізме, сацыяльным партнёрстве і супрацоўніцтве, можна пераадолець наступствы бяды, што здарылася, і не дапусціць новай.

Чарнобыльская катастрофа паставіла перад чалавецтвам праблемы выключнай складанасці, якія закранаюць практычна ўсе сферы жыцця, у тым ліку вытворчасць, многія галіны навукі, культуры, маралі і псіхалогіі.

Для Беларусі чарнобыльская трагедыя стала нацыянальным бедствам. “Гэта для нас другая вайна…” – так ацаніла яе старая паляшучка з вёскі Чамкоў Хойніцкага раёна, калі  ў маі 1986 года адбывалася адсяленне.

У час Вялікай Айчыннай вайны нямецкія захопнікі знішчылі 619 беларускіх вёсак, у выніку чарнобыльскай катастрофы  Беларусь пазбавілася 479 населеных пунктаў.

Для ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС былі мабілізаваны значныя рэсурсы, задзейнічаны больш за 600 тысяч чалавек. Сярод іх былі і дзеючыя на той час супрацоўнікі Валожынскага РАУС Казімір Віктаравіч Садоўскі, Іван Ігнатавіч Смолік, Уладзімір Пятровіч Мачульскі, Іван Іванавіч Турскі, Юльян Міхайлавіч Балдоўскі, Васілій Іванавіч Брылеўскі, Міхаіл Сцяпанавіч Таўгень, Антон Эдвардавіч Шарко, Валерый Уладзіміравіч Целяжэвіч, тады яшчэ курсант Мінскай спецыяльнай школы міліцыі Ігар Уладзіміравіч Шакун. Яны дапамагалі ў эвакуацыі грамадзян, змагаліся з марадзёрствам і інш.

Таксама ў разнастайных работах былі задзейнічаны жыхары Валожына і Валожынскага раёна Канстанцін Іванавіч Рэут, Рыгор Сцяпанавіч Рубацкі, Мікалай Іванавіч Сакалоў, Анатолій Міхайлавіч Бізун, Расціслаў Іванавіч Сакаловіч, Васілій Міхайлавіч Смолік, Уладзімір Іванавіч Іваноўскі, Генадзій Францавіч Зянько, Уладзімір Іосіфавіч Жадзейка, Аляксандр Міхайлавіч Сікорскі, Станіслаў Антонавіч Токар, Анатолій Віктаравіч Кавалеўскі, Вікенцій Эдуардавіч Саевіч, Уладзімір Антонавіч Стасяловіч, Віктар Уладзіміравіч Бурко, Андрэй Рычардавіч Бурачэўскі, Мікалай Віктаравіч Шэршнеў і іншыя.

Сумарная шкода, нанесеная Беларусі чарнобыльскай катастрофай, у разліку на 30-гадовы перыяд пераадолення яе наступстваў ацэньваецца ў 235 міліярдаў долараў ЗША, што роўна 32 бюджэтам рэспублікі 1985 года.

Чарнобыль – катастрофа веку. Памяць аб яе наступствах неабходна назаўсёды захаваць для людзей як неацэнны ўрок і перасцярогу будучым пакаленням.

Аляксандр АКУШКА,

намеснік начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні