Тэхнагенная катастрофа: маштабы і паследкі

Важное Общество

У ліквідацыі надзвычайнай сітуацыі – аварыі на Чарнобыльскай АЭС – і яе паследкаў прынялі ўдзел сотні тысяч людзей: пажарныя, ваеннаслужачыя, работнікі праваахоўных органаў, вучоныя, спецыялісты міністэрстваў і ведамстваў. Кожны, ахвяруючы ўласным здароўем дзеля абароны сваёй краіны, праяўляў высокую ўласную мужнасць і гераізм.

Галоўным паражаючым фактарам стала радыеактыўнае забруджванне. У атмасферу была выкінута вялікая колькасць радыеактыўных рэчываў, сярод якіх – ізатопы ўрану, плутонію, ёду-131, цэзію-137, стронцыю-90 і радыеактыўны пыл. Радыеактыўны шлейф працягнуўся над Еўрапейскай часткай СССР, Усходняй Еўропай і краінамі Скандынавіі. Асноўная колькасць заражаных ападкаў выпала на тэрыторыю Беларускай ССР.

У выніку аварыі пацярпеў і Валожынскі раён, дзе было забруджана 20,3 працэнта тэрыторыі – 18 сельсаветаў, 163 населеныя пункты. Найбольш высокі ўзровень забруджвання адзначаўся ў Пяршайскім і Івянецкім сельсаветах. Дзякуючы мерапрыемствам – пераворванню глебы, унясенню мінеральных угнаенняў, выпасу жывёлы на культурных пашах, пастаяннаму кантролю за радыеактыўным фонам, за ўтрыманнем радыенуклідаў у прадуктах харчавання і г. д. – у выніку натуральнага распаду радыенуклідаў пастаянна зніжалася шчыльнасць забруджвання пацярпелых тэрыторый. Апошняе перавышэнне дапушчальнага ўзроўню ў малацэ на тэрыторыі раёна было зарэгістравана ў 1999 годзе ў в. Сівіца (143,15 БК/л пры дапушчальным узроўні 100 БК/л). У цяперашні час малако на тэрыторыі раёна не забруджана.

На Валожыншчыне колькасць забруджаных радыенуклідамі населеных пунктаў зменшылася на 140: з 163-х да 23-х. У адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 8 лютага 2021 года № 75 “Аб пераліку населеных пунктаў і аб’ектаў, якія знаходзяцца ў зонах радыеактыўнага забруджвання” на тэрыторыі Валожынскага раёна застаюцца 23 населеныя пункты з перыядычным радыяцыйным кантролем у чатырох сельсаветах. У параўнанні з Пастановай № 9 ад 11 студзеня 2016 года з пераліку выключаны дзевяць населеных пунктаў: у Вішнеўскім сельсавеце – вёскі Войштавічы, Ігнатова, Коцеўшчына, Альшанка, Радзюкі, у Дорскім – вёска Раманаўшчына, у Івянецкім – вёска Камень, у Пяршайскім – вёскі Вайнілаўшчына, Смалёўшчына.

Не такімі тэмпамі адбываецца ачышчэнне лясоў. З-за таго, што лясная экасістэма замкнутая, радыеактыўныя прадукты цыркулююць унутры гэтай сістэмы і не выводзяцца з яе. Узровень забруджвання лясных прадуктаў, такіх, як грыбы, ягады, дзічына, і зараз застаецца недапушчальным. Узровень забруджвання рэк і большасці азёраў у цяперашні час нізкі. Аднак у некаторых “замкнёных” азёрах, з якіх няма сцёку, канцэнтрацыя цэзію ў вадзе і рыбе яшчэ на працягу дзесяцігоддзяў можа прадстаўляць небяспеку.

Спецыялістамі РЦГіЭ праводзіцца ацэнка радыяцыйна-гігіенічнай сітуацыі на тэрыторыі раёна: адбор проб малака, агародніны з населеных пунктаў з перыядычным радыяцыйным кантролем, прадукцыі вытворчага сектара і даследаванне іх на ўтрыманне цэзію-137. У 2020 годзе радыялагічнай лабараторыяй даследаваны 293 пробы харчовых прадуктаў – з перавышэннем была адна проба: грыбы з Налібоцкай пушчы.

Штоквартальна адбіраюцца пробы з маніторынгавых кропак для радыёхімічнага даследавання на ўтрыманне стронцыю-90 у лабараторыі Мінскага абласнога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Летась даследаваны 2 пробы малака і агародніны з прыватнага сектара аграгарадка Пяршаі. Перавышэнняў не ўстаноўлена.

З мэтай абмежавання апраменьвання насельніцтва за кошт прыродных крыніц іанізаванага выпраменьвання праводзіцца кантроль магутнасці дозы гама-выпрамянення і эквівалентнай раўнаважнай аб’ёмнай актыўнасці ізатопаў радону пры ўводзе ў эксплуатацыю жылых і грамадскіх будынкаў, пры адводзе зямельных участкаў пад будаўніцтва. Ажыццяўляецца кантроль выканання санітарных норм і правіл будаўнічымі арганізацыямі. Усяго ў мінулым годзе замеры магутнасці дозы гама-выпрамянення зроблены на 12 аб’ектах. Кантроль эквівалентнай раўнаважнай аб’ёмнай актыўнасці ізатопаў радону праведзены на 4 аб’ектах пры прыёмцы іх у эксплуатацыю. Перавышэнняў не ўстаноўлена.

Ірына ГРЫКА,

урач-гігіеніст аддзела гігіены РЦГіЭ