Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

На Валожынскім раённым участку паштовай сувязі ў некаторых аддзяленнях абноўлена мэбля. На гэтыя мэты ў першыя месяцы бягучага года выдаткавана каля 3000 рублёў.

Пачалі з асноўнага аддзялення – “Валожын-1”. Новыя блакітныя сталы (фірменнага колеру) з’явіліся ў пакоі, дзе працуюць паштальёны перад выхадам па маршруце. Там жа ў аперацыйнай зале для больш зручнай работы ўстаноўлены сучасныя металічныя стэлажы. Абноўлена рабочае месца ў аддзяленні “Валожын-2”, дзе працуе адзін чалавек. Там устаноўлены новыя сталы.

 Завяршыўся раённы этап рэспубліканскага конкурсу “Талісман для рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў”. У ім прымалі ўдзел 5 устаноў адукацыі: СШ № 2 райцэнтра, Ракаўская і Суднікаўская сярэднія школы, Багданаўскі і Пугачоўскі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа.

 Журы прызнала лепшым талісман пад назвай “Беларусік” 15-гадовай вучаніцы СШ № 2 Алены Стэльмах (педагог Г. А. Садоўская). Другое месца заняла работа “Рызнайка”, якую прадставіла прадстаўніца Ракаўскай СШ Кацярына Мінько (педагог А. Ю. Марсель). Трэцяе месца прысуджана эмблеме “Заяц-быстрак”, якую намалявала Віталіна Даніленка з Багданаўскага ВПК. Ёй дапамагала рыхтавацца да конкурсу настаўніца Т. С. Ціхановіч. Хто ведае, магчыма, адна з гэтых эмблем і стане ў далейшым рэальным талісманам спартакіяды. Пачакаем вынікаў наступных этапаў.

 З 16 па 24 красавіка праходзіць рэспубліканская аперацыя “Чысты вадаём”, у якой прымаюць удзел актывісты і члены раённага аддзела Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, а таксама ўсе жадаючыя, неабыякавыя да чысціні прыродных багаццяў.

 На гэтым тыдні яны запланавалі ачысціць ад смецця “Дубінскія разлівы”, Сакаўшчынскае вадасховішча, абход № 3 на рацэ Іслач, паблізу вёскі Прыбарныя, іншыя вадаёмы.

Праўленне раённай арганізацыі таварыства інвалідаў прыняло рашэнне ўзнагародзіць веласіпедам нямецкай вытворчасці актыўнага члена арганізацыі, воіна-інтэрнацыяналіста Уладзіміра Кругліка. Днямі гэты транспартны сродак быў дастаўлены ў Валожын.

У нашай газеце ўжо паведамлялася пра адкрыццё незвычайнага кафэ на базе цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Дарэчы, яно незвычайнае не толькі для нашага горада. Нічога падобнага няма і ў іншых установах дадатковай адукацыі Міншчыны.

Time-кафэ “ВМесте” разлічана на 15 чалавек, якія могуць тут па-рознаму бавіць свой час: чытаць кніжкі, гуляць у настольныя і рухавыя гульні, разам з сябрамі глядзець любімыя тэлеперадачы ці спартыўныя спаборніцтвы, праводзіць фотасесіі. Яно павінна аб’яднаць па інтарэсах падлеткаў і іх сем’і. Для гэтай мэты работнікі цэнтра на чале з галоўным ініцыятарам дырэктарам Марыяй Валянцінаўнай Кушнір уласнымі сіламі зрабілі многае. Па-першае, кардынальна змянілі інтэр’ер пакоя, прыстасаванага пад кафэ. І звыклае памяшканне прыняло незвычайны выгляд. За ўласныя сродкі, заробленыя пазабюджэтнай дзейнасцю, набылі вялікую колькасць папулярных сярод моладзі настольных гульняў накшталт “Уно”, “Манаполіі”, самых навейшых і традыцыйных – “Лато”, шашкі, шахматы і нават даміно. Усяго гульняў каля 25-і. У красавіку вырашылі зрабіць свайму кафэ бясплатную прэзентацыю. Яго наведалі ўжо ліцэісты, а таксама многія класы СШ № 1, проста групы моладзі. Па водгуках наведвальнікаў, навінка павінна прыжыцца. Дарэчы, працаваць кафэ будзе з 14 і да 19 гадзін у будныя дні, з 11 да 19 у суботу, зацверджаны ўжо і расцэнкі. Гадзіна знаходжання каштуе 90 капеек, 2 і 3 гадзіны – 1,5 і 2 рублі адпаведна.

17 красавіка ў Валожыне ў рамках абласной спартакіяды прайшлі занальныя спаборніцтвы па настольным тэнісе сярод дзяцей і юнацтва, якія займаюцца ў групах і секцыях фізкультурна-аздараўленчай і спартыўнай накіраванасці па месцы жыхарства. У спаборніцтвах прымалі ўдзел юнакі і дзяўчаты 2007-2009 гадоў нараджэння з Мядзельскага, Вілейскага, Маладзечанскага і нашага раёнаў.

ФАЦ Валожынскага раёна прадстаўлялі Цімафей і Піліп Буйніцкія з Ракава і Мікіта Станкевіч з СШ № 2. У камадзе дзяўчат былі Вікторыя Часноўская і Аліна Мілеўская з Дорскага ВПК. І хлопчыкі, і дзяўчынкі занялі ў падгрупе першыя месцы і выйшлі ў фінал спаборніцтваў, з чым мы іх і віншуем! Далей месцы размеркаваліся такім чынам (сярод юнакоў і дзяўчат аднолькава): Вілейскі, Маладзечанскі і Мядзельскі раёны.