Зарплата “ў канвертах” сёння падаецца выгадай. Заўтра – абернецца стратай.

Общество

Здараецца работадавец, асабліва ў арганізацыях недзяржаўнай формы ўласнасці, плаціць заработную плату з дзвюх частак. Большую, неафіцыйную (“у канверце”), ён выплачвае работніку, але не афармляе дакументальна, а з меншай, афіцыйнай, выплачвае ўзносы на дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (далей – Фонд).

Матывуючы пагадзіцца на выплату зарплаты “ў канвертах”, наймальнік у якасці аргумента прыводзіць клопат аб работніку: без выплаты падаткаў сума заработнай платы, якая выплачваецца на рукі, будзе большая, чым афіцыйная. Пры гэтым наймальнік замоўчвае, што чалавек губляе сацыяльную абароненасць.

Такім чынам, работадавец спрабуе знізіць выдаткі на аплату працы, падаткі з фізічнай асобы і адлічэнні ў бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь (далей – бюджэт фонду). Аднак падобная эканомія часам прыводзіць да таго, што з суб’ектаў гаспадарання пасля спаганяюцца як сумы неданалічаных і недаплачаных падаткаў і адлічэнняў, так і пеня за несвоечасовасць іх выплаты.

Гэта сур’ёзная праблема не толькі для эканомікі краіны, але і для кожнага грамадзяніна, які атрымлівае падобныя “барышы”.

Выплата заработнай платы “ў канверце” з’яўляецца парушэннем правоў грамадзян на дапамогі, пенсіі і іншыя сацыяльныя гарантыі.

Яшчэ горш, калі заработная плата цалкам выплачваецца “ў канверце” і абавязковыя страхавыя ўзносы ў бюджэт фонду не выплачваюцца наогул. Далёка не кожны жыхар нашай краіны, згаджаючыся на ценявыя грошы, бачыць адваротны бок медаля. Пры афармленні пенсіі ў работнікаў паўстануць складанасці: па-першае, не будуць улічаны ў працоўны стаж тыя перыяды дзейнасці, на працягу якіх не ажыццяўлялася выплата страхавых узносаў у адпаведнасці з заканадаўствам аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні;  па-другое, пры вылічэнні памеру пенсіі будуць улічаны толькі тыя сумы заробку, з якіх выплачаны абавязковыя страхавыя ўзносы. І, тэарэтычна, у работніка застанецца толькі права ў судовым парадку спагнаць шкоду з нядобрасумленнага работадаўца.

Выплачаная неафіцыйна заработная плата адаб’ецца і на памеры сацыяльных выплат у выпадку ўзнікнення праблем са здароўем. Работнік не атрымае аплату бальнічнага ліста па часовай непрацаздольнасці і па цяжарнасці і родах, альбо атрымае толькі з разліку афіцыйнай фактычнай заработнай платы.

Акрамя таго, на карысць легалізацыі даходаў прывядзём некаторыя аргументы, звязаныя з набыццём жылля, аўтамабіля, валюты, аплаты за навучанне дзяцей і іншыя буйныя выдаткі. Падобныя аперацыі знаходзяцца пад кантролем падатковых органаў, і грамадзянін павінен будзе пацвердзіць свае выдаткі наяўнасцю легальных крыніц даходаў, гэта значыць, супастаўленне даходаў і выдаткаў і дакладнасць названых у дэкларацыях звестак аб даходах і маёмасці.

Такім чынам, атрыманне заробку “ў канверце” ўплывае адмоўна не толькі на даход бюджэту фонду са сродкаў якога выплачваюцца пенсіі і дапамогі, але і ў першую чаргу на самога грамадзяніна, які працуе.

Будучыня кожнага работніка – у яго ўласных руках! І яму вырашаць, атрымліваць афіцыйную зарплату з утрыманнем падаходнага падатку з фізічнай асобы і абавязковых страхавых узносаў у бюджэт фонду або згаджацца з прапанаванай работадаўцам умовай атрымання заработнай платы “ў канверце” і заставацца сацыяльна неабароненым, пазбаўляючы сябе права атрымліваць сацыяльныя выплаты і годную пенсію на ўсё жыццё.

Такім чынам, у дакументальным афармленні працоўных адносін павінен быць зацікаўлены перш за ўсё сам работнік.

Грамадзянін, які згаджаецца на працу без заключэння з ім працоўнага дагавора і, адпаведна, на атрыманне заработнай платы без адлюстравання яе ў бухгалтарскім уліку  работадаўца, павінен памятаць, што рызыкуе не атрымаць заработную плату за адпрацаваны час, кампенсацыю за нявыкарыстаны адпачынак, у любы час работадавец можа адмовіцца ад работніка, і ў будучым яна не будзе залічана ў стаж працы пры прызначэнні пенсіі.

Падводзячы вынік, адзначым, што працуючы на наймальніка легальна, грамадзянін атрымлівае сацыяльную абароненасць і годную пенсію на заслужаным адпачынку.

Марына КАЛІТНІК,

начальнік Валожынскага раённага аддзела

Мінскага абласнога ўпраўлення  Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва