10 крокаў, якія можна зрабіць ужо сёння

Общество

14 красавіка ў канферэнц-зале Валожынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прайшоў першы навучальны вебінар “Прафілактыка сіндрому падзенняў: 10 крокаў, якія можна зрабіць ужо сёння” ў рамках праекта “Комплексны падыход да праблемы зніжэння фактараў рызыкі падзенняў у дачыненні да пажылых людзей”. Праект выконваецца пры фінансавай падтрымцы германскага фонду “Памяць, адказнасць, будучыня” ў супрацоўніцтве з МГА “Узаемаразуменне” (праграма “Месца сустрэчы – дыялог”).

У семінары прынялі ўдзел валанцёры аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, валанцёры-добраахвотнікі, што пражываюць у сельскай мясцовасці, члены раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”, прадстаўнікі аховы здароўя, раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа. Гэты кірунак атрымаў сваё развіццё дзякуючы шматгадоваму супрацоўніцтву з маскоўскім навукова-даследчым цэнтрам “Геранталогія”, які ўзначальвае наш зямляк, ураджэнец Віцебска Кірыл Прашчаеў.

Першая палова мерапрыемства прайшла ў анлайн-фармаце. Занятак праводзіла супрацоўнік навукова-даследчага цэнтра, кандыдат медыцынскіх навук Эльвіра Фясэнка. Яна расказала аб праблеме падзенняў пажылых людзей, цяжкіх наступствах, прафілактычнай працы ў гэтым кірунку. Прадстаўленая інфармацыя была цікавая не толькі валанцёрам “сярэбранага ўзросту”, але і псіхолагам, і прадстаўнікам аховы здароўя: акрамя сацыяльнага, медыцынскі і псіхалагічны аспекты праблемы падзенняў таксама былі асветлены досыць шырока.

У ходзе семінара валанцёраў азнаёмілі з асноўнымі напрамкамі работы ў праекце, сумесна быў распрацаваны адзіны алгарытм узаемадзеяння з падапечнымі маламабільнымі пажылымі людзьмі. У канцы мерапрыемства былі вынесены на абмеркаванне пытанні асвятлення праекта ў СМІ, правядзення акцый, працы ў напрамку папулярызацыі сродкаў рэабілітацыі і інш. Новыя валанцёры атрымалі валанцёрскія кніжкі, падпісалі пагадненні аб супрацоўніцтве і выказалі надзею, што агульнымі намаганнямі магчыма зніжэнне колькасці падзенняў сярод пажылых людзей нашага горада і раёна.

Ірына КАВЯЗА,

загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ДУ “Валожынскі ТЦСАН”