Музейная педагогіка

Культура

Загадчык музея Людміла Вячаславаўна САДОЎСКАЯ расказвае пра бярозку гісторыі ліцэя.

У Валожынскім сельскагаспадарчым прафесіянальным ліцэі са студзеня 1988 года пачаў працаваць гісторыка-краязнаўчы музей. Размясціўся ён у будынку інтэрната, дзе знаходзіцца і па сённяшні дзень, а арганізатарам выступіў былы выкладчык установы адукацыі Уладзімір Цімафеевіч Нікіцінскі.

Музей займае чатыры пакоі, злучаныя паміж сабой калідорам. У першай зале знаходзіцца экспазіцыя “Сівая памяць даўніны”, што знаёміць з побытам нашых продкаў. Тут можна ўбачыць старадаўнія прылады працы, посуд, ручнікі, народнае аддзенне, музычныя інструменты і інш. У другой – дэманструецца выстава “Памяць і боль”, якая расказвае пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, а таксама пра ўдзел у Афганскай вайне. Асобны яе стэнд прысвечаны подзвігу нашага земляка Паўла Падрэза, які ў свой час вучыўся ва ўстанове.

Пра асноўныя вехі гісторыі Валожынскага краю і славутых людзей, чый лёс з ім звязаны, распавядаюць экспанаты трэцяй залы. Больш дазнацца пра ліцэй можна, завітаўшы ў чацвёрты пакой: дата заснавання, кіраўнікі, змены назвы, спецыяльнасці, шматлікія выпускі, важныя дасягненні. Тут зладзілі бярозку гісторыі, дзе ствол адлюстроўвае саму навучальную ўстанову, галінкі – гады вупуску, а лісце – групы, што адправіліся ў самастойнае працоўнае жыццё.

За час існавання змянілася шмат кіраўнікоў музея. Сярод іх былі Ганна Антонаўна Круглік, Марына Мікалаеўна Рудая, Ала Міхайлаўна Барцэвіч, якая правяла вялікую работу, значна папоўніла экспазіцыі, распачала летапіс ліцэя. Затым прыйшоў перыяд заняпаду. На працягу доўгага часу фонд папаўняўся, але ніхто ім не займаўся. Калі загадчыкам стала Людміла Вячаславаўна Садоўская, у музея пачалося другое жыццё. Зараз кожны экспанат прапісаны, праводзіцца іх ацыфроўка. З дапамогай навучэнцаў выставы памянялі свой выгляд на больш сучасны.

На сённяшні дзень у музеі налічваюцца 400 экспанатаў асноўнага фонду і 53 – часовага ўтрымання. У пачатку кожнага навучальнага года Людміла Вячаславаўна праводзіць для першакурснікаў аглядныя экскурсіі. У ходзе вучэбнага працэсу музей запрашае на розныя тэматычныя мерапрыемствы. Цесна з ім супрацоўнічае малады выкладчык гісторыі Святлана Сяргееўна Яравіцына, якая тут часта ладзіць заняткі, бо добра, калі можна не толькі пачуць, але і ўбачыць прадмет гутаркі. Сучасныя дзеці іншы раз нават не здагадваюцца пра прызначэнне даўнейшых рэчаў, таму актуальнымі становяцца гульні, напрыклад, “Для чаго гэта патрэбна?”, квэсты і інш.

Аглядныя тэматычныя, а таксама прымеркаваныя да гістарычных дат музейныя выставы праходзяць у фае галоўнага корпуса. Без іх не абыходзяцца семінары і іншыя важныя падзеі ўстановы адукацыі. З нядаўняга часу ў кожнага жадаючага з’явілася магчымасць здзейсніць віртуальнае падарожжа па залах музея. У наступным годзе плануецца аднавіць навучанне экскурсаводаў сярод першакурснікаў.

Музей жыве, яго паслугі запатрабаваныя. У маладога пакалення ёсць магчымасць увачавідкі ўбачыць прадметы даўніны, дакрануцца сэрцам да мінулага Радзімы.

Анжэла РАДЫНА,