У лесе таксама існуюць… правілы паводзін

Кругозор Общество

Налібоцкая пушча – вялізны лясны масіў, які займае плошчу каля 240 тысяч гектараў і тэрыторыі адразу некалькіх раёнаў: Валожынскага і Стаўбцоўскага Мінскай вобласці і Іўеўскага і Навагрудскага Гродзенскай. Менавіта тут размешчаны Рэспубліканскі ландшафтны заказнік “Налібоцкі” з тэрыторыяй амаль 87 тысяч гектараў.

Адно з самых глухіх лясных месцаў знаходзіцца ўсяго ў гадзіне язды ад Мінска, і таму гэта тэрыторыя надзвычай прывабная для кароткіх уік-эндаў, для экскурсій на прыроду. Усяго гадзіна… і ты як бы трапляеш у глухмень, дзе ціха, прыгожа і нават перыядычна прападае мабільная сувязь. Аднак прырода і прыгажосць пушчы знаходзяцца пад аховай. Рэспубліканскі ландшафтны заказнік – гэта свой уклад жыцця, ахоўваемая прыродная тэрыторыя, на якой дзейнічае асаблівы (запаведны) рэжым і асаблівыя правілы паводзін і знаходжання, якіх павінны прытрымлівацца наведвальнікі.

Запаведны рэжым разглядаецца як сукупнасць правіл паводзін, якія забараняюць парушаць натуральную хаду прыродных працэсаў, што адбываюцца на тэрыторыі заказніка. І вось менавіта на гэтым хочацца спыніцца і пагаварыць больш падрабязна. Увогуле, ахоўваць каштоўныя прыродныя комплексы – справа няпростая. І ў першую чаргу з-за таго, што яны адкрыты для свабоднага наведвання. Менавіта ў такіх выпадках многія чамусьці забываюцца, што ў лесе яны – госці, пачынаюць адчуваць сябе паўнаўладнымі гаспадарамі і паводзіць сябе па-рознаму. Не ўсе, на жаль, прытрымліваюцца нескладаных правіл. Работнікам заказніка даводзіцца сустракацца са спажывецкімі адносінамі да прыроды і лясных насельнікаў. Іншы раз па пушчы ўстройваюцца “пакатушкі” па ўсіх дарогах без разбору, калі літаральна праследуюць дзікіх жывёл толькі дзеля таго, каб зрабіць фота, а потым выкласці яго ў сацыяльных сетках. Ды яшчэ з каментарыямі, як, мінуючы ўсе забаронныя знакі, дабрацца, напрыклад, да тарпанападобных коней. Нярэдка наўмысна шкодзяцца інфармацыйныя шчыты з правіламі паводзін у разліку на тое, што пры сустрэчы з прадстаўнікамі заказніка можна будзе спаслацца на няведанне правіл і законаў ці адсутнасць забаронных знакаў.

Патрэбна заўважыць, што ўсе ўезды ў заказнік пазначаны спецыяльнымі інфармацыйнымі знакамі, а па перыметры заказніка расстаўлены аншлагі з правіламі паводзін на асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях. Забаронных знакаў і шлагбаумаў перад з’ездамі з дарог агульнага карыстання на дарогі лесагаспадарчага прызначэння няма, бо такіх з’ездаў сотні, паўсюдна паставіць нерэальна.

Для людзей, якія бавяць час на прыродзе, большая частка правіл проста відавочна. Так павінны ўвогуле паводзіць сябе выхаваныя людзі, што адчуваюць сваю адказнасць перад прыродай і яе жывёльным і раслінным светам. Дзікія жывёлы і птушкі, якія не прывыклі да зносін з чалавекам, да шумных кампаній, пазбягаюць сустрэч з двухногімі і вымушаны нават пакідаць абжытыя мясціны. Работнікі заказніка назіраюць шмат карцін непрыстойных паводзін людзей, асабліва другі год запар, калі ў сувязі з пандэміяй выезд з краіны абмежаваны, і рэзка павялічыўся прыток неарганізаваных турыстаў у пушчу. Калі ім не давялося ўбачыць жывёл на экалагічных сцяжынах ці побач, такія гора-турысты пачынаюць самастойны пошук – на веласіпедах, матацыклах, з сабакамі… На забаронныя знакі не звяртаюць увагі. А раней казулі, глушцы і іншыя жывёлы бязбоязна падыходзілі да экалагічных сцяжын.

Лес – складаны жывы арганізм. Калі пакутуе адно звяно, то пачынае дзейнічаць прынцып “даміно” – з агульнага ланцужка выпадаюць і іншыя звёны. Павялічваецца колькасць людзей – павялічваецца нагрузка на тэрыторыю, павялічваецца фактар трывогі для жывёл. Яны пачынаюць сыходзіць у самыя глухія месцы, паступова скарачаючы свой арэал знаходжання. І такім чынам рэальна ставіцца пад пагрозу існаванне ў пушчы не толькі “чырванакніжнікаў”. Жывёлам асабліва патрэбны спакой у перыяд размнажэння – май, чэрвень. Таму варта задумацца кожнаму, ці правільна ён паводзіць сябе на прыродзе.

На тэрыторыі заказніка абсталяваны 4 турыстычныя веламаршруты і дзве экалагічныя сцяжыны: Белакорацкая і Сябрыньская. Уздоўж Іслачы зроблены месцы стаянак – Сутокі, Вялае, Белакорац і Марчаха. Там устаноўлены аншлагі з правіламі паводзін, якія часта зрываюцца, шкодзяцца. Асабліва часта іх даводзіцца абнаўляць на стаянках Сутокі і Вялае. Па трасе веламаршрутаў ёсць альтанкі, кастрышчы, іншыя ўмовы для цывілізаванага адпачынку.

Наталля ШТЭЙНЕР