Пераможца конкурсу

Ступені поспеху

Таццяна ХАВАНСКАЯ – актывіст клуба юных выратавальнікаў-пажарных “Маланка” Багданаўскага ВПК. Таленавітая шаснаццацігадовая дзяўчына з задавальненнем марыць і будуе планы на будучыню.

Акрамя вучобы і ўдзелу ва ўсіх школьных мерапрыемствах, яна з задавальненнем наведвае ўрокі малявання ў Вішнеўскай дзіцячай школе мастацтваў. У яе атрымліваюцца вельмі прыгожыя і годныя ўвагі работы. Штогод школьніца прымае ўдзел у раённым аглядзе-конкурсе “Выратавальнікі вачамі дзяцей” у намінацыі “Малюнак”. І кожны раз яе творы не застаюцца без увагі. Сёлета малюнак дзяўчыны заваяваў 1-е месца на абласным этапе конкурсу ў намінацыі “Прамысловая бяспека вачамі дзяцей”.

 З перамогай Таццяну павіншавалі і ўручылі дыплом і каштоўны падарунак начальнік Валожынскага РАНС Аляксандр Сівы і дырэктар прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Валожынскім раёне Сяргей Бражаловіч.