Не паўтарайце чужыя памылкі

Безопасность и здоровье Закон и порядок

Навядзенне парадку на прысядзібных участках часта заканчваецца вельмі сумна для іх гаспадароў. Гараць дамы, пабудовы, пакутуюць людзі. З году ў год паўтараецца адзін і той жа сцэнарый, хаця ва ўсіх сродках масавай інфармацыі выратавальнікі заклікаюць грамадзян спыніцца, выбраць іншы спосаб уборкі.

Тыя ж прымяняюць небяспечны, але, на іх погляд, больш лёгкі – чыркнуў запалкай і гатова. І толькі пасля таго, як бачаць, што агонь не спыніць, што ёсць пагроза іх будынкам, разумеюць, што нарабілі і выклікаюць выратавальнікаў. Часам бывае ўжо позна, маёмасць пацярпела. Добра, калі самі не атрымалі апёкі. Толькі тады людзі задумваюцца і перастаюць выкарыстоўваць для ўборкі агонь.

 З пачатку пажаранебяспечнага перыяду выратавальнікі РАНС 32 разы выязджалі на ліквідацыю загарання сухой расліннасці і смецця. З-за халатнасці грамадзян, якія жадаюць навесці парадак з дапамогай агню, пацярпелі некалькі гаспадарчых пабудоў і жылых дамоў.

Работнікі аддзела праводзяць шматлікія рэйдавыя мерапрыемствы па тэрыторыі раёна з мэтай прадухілення неабдуманых учынкаў. У адным з іх прыняў удзел і карэспандэнт раённай газеты. Выратавальнікі сустракаліся з жыхарамі сельскіх населеных пунктаў і дачнікамі, праводзілі з імі прафілактычныя гутаркі, прыводзілі прыклады пажараў, якія ўжо адбыліся сёлета з-за нядбайнага стаўлення грамадзян да бяспекі падчас уборкі тэрыторый.

Праязджаючы па дарогах, мы не аднойчы назіралі выпаленыя ўчасткі сухой травы як каля дарог, так і на прыдамавых тэрыторыях. Агонь там удалося своечасова спыніць, але так бывае не заўсёды. І прыкладаў таму дастаткова.

 Каб пазбегнуць непрыемнасцей, не грэбуйце правіламі бяспекі. Пры спальванні смецця на сваім прысядзібным участку трэба выконваць усе неабходныя правілы: выбраць месца далей ад будынкаў і збудаванняў, акапаць вогнішчы, падрыхтаваць сродкі пажаратушэння і пастаянна кантраляваць гарэнне. І галоўнае, рабіць гэта можна толькі ў зацішнае надвор’е. Выпальванне сухой расліннасці катэгарычна забаронена. За гэта прадугледжана адміністрацыйная адказнасць ад 10 да 30 базавых велічынь.