Патушы недакурак

Безопасность и здоровье Общество

Курэнне часта з’яўляецца прычынай узнікнення пажараў. У спалучэнні з алкагольным ап’яненнем гэта звычка прыводзіць да гібелі людзей ад агню. Здараецца так, што пакутуюць зусім нявінныя людзі – суседзі, блізкія і нават староннія. Незатушаныя цыгарэты прыносяць нямала праблем самім курцам і цягнуць за сабой вялікую працу выратавальнікаў па ліквідацыі наступстваў.

Міністэрства па надзвычайных сітуацыях з лістапада 2020 года праводзіць інфармацыйна-прапагандысцкую кампанію “Не чакай вавёрачку – тушы недакурак”. Выратавальнікі, безумоўна, хацелі б, каб прыхільнікаў шкоднай звычкі было як мага менш, аднак галоўны пасыл кампаніі – тушыць за сабой недакуркі. Калі курыць – то толькі бяспечна! Ці магчыма гэта? Для здароўя, безумоўна, не. А вось з пункту гледжання пажарнай бяспекі, каб арганізаваць гэты працэс, трэба выконваць пэўныя правілы. “Вавёрачка” заклікае не курыць у ложку, не забываць патушыць недакурак, адпачываючы на прыродзе, і не выкідваць непатушаную цыгарэту з акна.

Часта пад балконамі шматкватэрных жылых дамоў можна ўбачыць велізарную колькасць недакуркаў. А гэта – патэнцыяльныя пажары, якія могуць абярнуцца трагедыяй не столькі для самога курца, колькі для суседзяў, якія жывуць на ніжніх паверхах.