Асцярожна, агонь!

Безопасность и здоровье

12 красавіка выратавальнікам паступіла паведамленне аб загаранні жылога дома ў вёсцы Крыніца Валожынскага сельсавета. На нумар “101” патэлефанавалі суседзі.

Падраздзяленні МНС, якія прыбылі да месца выкліку, выявілі, што адкрытым полымем гарыць аднапавярховы драўляны дом. На момант загарання ў ім знаходзілася гаспадыня 1939 года нараджэння. Пенсіянерка выбегла на вуліцу праз пакой, які ўжо гарэў. У гэты момант яе ўбачыў сусед. Схапіўшы вядро з вадой, мужчына затушыў на суседцы вопратку. Брыгада хуткай медыцынскай дапамогі з папярэднім дыягназам “тэрмічны апёк 30% цела” яе шпіталізавала.

У выніку пажару знішчана веранда, пашкоджаны франтон і столь, закураны сцены і маёмасць па ўсёй плошчы дома. Прычына пажару ўстанаўліваецца.