У Беларусі плануюць пашырыць магчымасці датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу

Общество

У Беларусі плануюць пашырыць магчымасці датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу. Цяпер падрыхтаваны і ўнесены на разгляд ва ўрад адпаведны праект указа. Аб гэтым паведаміла журналістам у час відэабрыфінгу начальнік упраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

З’яўленне дзяржпраграмы сямейнага капіталу станоўча паўплывала на сітуацыю з нараджэннем трэціх і наступных дзяцей. З 2015 года такіх дзяцей нараджаецца каля 20 тыс. у год, іх доля складае 23 працэнты ў агульнай колькасці нараджэнняў.

Адкрыта 97 тыс. укладаў па праграме «Сямейны капітал» на агульную суму Br2,5 млрд. «Гэта лічба супастаўная з гадавымі расходамі на ўсю сістэму дзяржаўных дапамог сем’ям з дзецьмі», — звярнула ўвагу начальнік упраўлення.

Датэрмінова сямейны капітал выкарысталі 31 тыс. шматдзетных сем’яў (на 1 сакавіка гэта сума перасягала Br440 млн, або 18 працэнтаў ад сродкаў, залічаных на дэпазітныя рахункі). «Даволі актыўна пачалося выкарыстанне сродкаў сямейнага капіталу з 2020 года, калі былі ўнесены змяненні ў заканадаўства і было прадастаўлена права датэрміновага выкарыстання на такія першачарговыя напрамкі для шматдзетных сем’яў, як будаўніцтва жылля і атрыманне адукацыі», — адзначыла Марына Арцёменка.

«Ва ўрад ужо ўнесены праект указа па пытаннях сямейнага капіталу, які прадугледжвае пашырэнне напрамкаў яго выкарыстання», — дадала яна.

Пры падрыхтоўцы праекта ўказа вывучалася меркаванне шматдзетных сем’яў, дзяржаўных органаў. На падставе гэтага былі выбраны найбольш запатрабаваныя ў шматдзетных сем’яў напрамкі.

Напрыклад, прапануецца яшчэ больш пашырыць магчымасці датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу для вырашэння жыллёвых пытанняў. У прыватнасці, накіроўваць яго на пагашэнне запазычанасці па крэдыце ў выпадках, калі грамадзяне самастойна заключылі адпаведны дагавор на будаўніцтва жылля (цяпер — толькі ў выпадках накіравання на будаўніцтва жылля ва ўстаноўленым парадку). Прапануецца дазволіць яго выкарыстанне для пагашэння жыллёвых пазык, прадастаўленых арганізацыямі па месцы работы грамадзян, а таксама на набыццё долі ў праве ўласнасці на жылое памяшканне.

У сферы адукацыі магчымасці выкарыстання сямейнага капіталу пашырацца за кошт яго накіравання для аплаты адукацыі ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі спажывецкай кааперацыі і ВНУ ФПБ.

У праекце ўказа прадугледжаны і абсалютна новы напрамак выкарыстання сямейнага капіталу — на набыццё тавараў сацыяльнай рэабілітацыі і адаптацыі для людзей з інваліднасцю.

«Праект указа змяшчае меры, накіраваныя на абмежаванне нямэтавага выкарыстання сродкаў сямейнага капіталу», — дадала Марына Арцёменка.