Моцныя духам

Люди и судьбы Общество

Напрыканцы мінулага тыдня ў Івянецкім доме-інтэрнаце для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця прайшла сустрэча выхаванцаў з сапраўдным героем нашага часу і роднай Беларусі – Аляксеем ТАЛАЕМ. У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны краіны Іван Антонавіч ЛАЎРЫНОВІЧ, старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама Тамара Пятроўна КРАСОЎСКАЯ, кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй райвыканкама Яўгенам Міхайлавічам КРУКОВІЧАМ.

Вось такую ікону падарылі А. ТАЛАЮ.

Аляксей Канстанцінавіч Талай – унікальны і вельмі мужны чалавек. У 1999 годзе, калі яму было 16 гадоў, адбыўся трагічны выпадак: міна часоў Вялікай Айчыннай вайны, якая праляжала ў зямлі не адзін дзясятак гадоў, разарвалася і пазбавіла хлопца рук і ног. Юнак не скарыўся лёсу, а зразумеў у гэтым вялікі сэнс і Божы знак. На сёння ён – член Паралімпійскай Нацыянальнай зборнай па інваспорце, шматразовы рэкардсмен свету і Еўропы па плаванні, матывацыйны спікер, прадпрымальнік, дабрачынец, бацька чатырох дзяцей. Летась А. Талай упершыню ў гісторыі беларускага спорту атрымаў спецыяльнае запрашэнне ад Міжнароднага алімпійскага камітэта на ўдзел у самых буйных спартыўных пляцоўках і зараз рыхтуецца да Паралімпійскіх гульняў у Токіа-2021. 

У сакавіку бягучага года Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі і Дабрачынны фонд Аляксея Талая падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве, у рамках якога запланаваны яго матывацыйныя трэнінгі з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі. Яны закліканы прадаставіць адрасную падтрымку інвалідам і натхняць іх на дасягненне пастаўленых імі ж самімі мэт.

Такая сустрэча з хлопчыкамі і дзяўчынкамі Івянецкага дома-інтэрната адбылася ў другі раз: тры гады таму А. Талай упершыню пазнаёміўся з рабятамі, якія тут знайшлі свой другі дом. Пасля размовы не толькі выхаванцы засталіся пад вялікім уражаннем – вопыт Аляксея натхніў многіх: яны зразумелі, што неабходна рухацца далей і пераадольваць цяжкасці. Прыкладам і пацвярджэннем гэтаму з’яўляюцца знакамітыя выпускнікі. Чэмпіёнкі свету і Еўропы па спартыўных танцах на калясках, майстры спорту міжнароднага класа Ганна Гарчакова і Дар’я Кульш, кандыдат у майстры спорту па тэнісе, пераможца рэспубліканскіх спаборніцтваў Вадзім Стрэльскі, удзельніца міжнародных спаборніцтваў па фехтаванні на калясках Кацярына Мышко, якая зараз рыхтуецца да чэмпіянату свету на Паралімпійскіх гульнях 2024 года.

Падчас размовы на гэты раз Аляксей Талай гаварыў аб пераадоленні самога сябе. “Галоўнае – не падаць духам, – адзначыў ён. – Не шукаць вінаватых, не страчваць надзею, а прыняць сітуацыю, маленькімі крокамі ісці наперад і перамагаць. Знайдзіце магчымасць і знайдзіце сябе!”

У фармаце дыялога знакаміты атлет адказваў на пытанні. Гаварылі не толькі пра шлях спартсмена, але і пра жыццёвыя каштоўнасці. У сваю чаргу выхаванцы падрыхтавалі творчыя нумары: вершы, песні, танцы, а таксама выставу творчых работ з тэматыкай светлага свята Вялікадня. Таму нездарма асаблівым падарункам госцю стала ікона, якую дзеці намалявалі ўласнымі рукамі. Уручаючы букет кветак, дырэктар Івянецкага дома-інтэрната Алена Сігізмундаўна Петрашкевіч адзначыла: “Гэта сустрэча для нас вельмі важная і цікавая. Першы раз, калі прыязджалі, Вы пакінулі часцінку свайго сэрца і многаму навучылі. Мы стараліся развівацца, верыць у сябе і смела пераадольваць цяжкасці. І тое, што ўбачылі сёння на сцэне, пацвярджэнне гэтаму. Дзякуй Вам за ўрокі мужнасці!”

Андрэй КЛОК і Кацярына ЗАХАВАЕВА з песняй “Мы проста іншыя”.

Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны І. А. Лаўрыновіч назваў Талая беларускім нацыянальным героем. “Сёння ў нас знакавая і неардынарная падзея, – сказаў Іван Антонавіч. – Аляксей Канстанцінавіч прыязджае не ў першы дзіцячы дом, і ўвогуле ён – пасланнік свету, той чалавек, які сваёй упартай працай, харызмай, сілай духу робіць вялікую добрую справу. Як і герой “Аповесці пра сапраўднага чалавека” Аляксей Мярэсьеў – лётчык, што застаўся без ног, але насуперак усяму нанова навучыўся лятаць на самалёце, каб абараняць Радзіму ад ворага. Так і А. Талай, толькі спартыўнымі дасягненнямі, праслаўляе родную Беларусь і не на словах пацвярджае, што людзі дрэнна ведаюць як свае магчымасці, так і сілы”.

Пытанні з залы выклікалі жывы інтарэс.
Танец на калясках у выкананні Андрэя КЛОКА і Надзеі МІЦЭВІЧ.

У сваю чаргу Аляксей Талай падкрэсліў, што на такіх мерапрыемствах ён бачыць, як раскрываюцца дзіцячыя сэрцы: “Я памятаю, як матывавалі мяне сітуацыі, гісторыі, людзі. Чытаю іх каментарыі пасля нашых сустрэч і дакладна ўсведамляю, што жывы я застаўся ў гэтым свеце, напэўна, не проста так. Менавіта тая работа нашага дабрачыннага фонду, валанцёрскага руху ў Рэспубліцы Беларусь і павінна быць накіравана на падтрымку адзін аднаго. Калі мы разам, то пераадолеем усе цяжкасці. Мы выстаім і застанёмся пераможцамі, як нашы дзяды і прадзеды. Я – унук ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, памятаю яго навуку: “Лёша, дапамагай блізкаму, бо не ведаеш, што можа здарыцца з табой заўтра і нават праз хвіліну”. І тыя дзеці, якія тут знаходзяцца ў цяжкім фізічным становішчы, многаму нас вучаць. Запрашаю ўсіх людзей добрай волі наведваць такія ўстановы, каб не толькі рабіць добрыя справы, але і насыціцца баявым духам, пазітывам, матывацыяй, як трэба любіць і цаніць гэты свет”.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

 Фота Сяргея БОБРЫКА