Жывы дыялог дапамагае хутчэй знімаць праблемы

Общество

У гэтым пераканана намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Наталля ГАРДЗЕЕНКА, якая ў мінулую пятніцу правяла на Валожыншчыне «прамую лінію» і прыём грамадзян.

Напачатку Наталля Міхайлаўна прыняла ўдзел у пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, адным з пытанняў на якім была разгледжана рэалізацыя патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 2 «Аб дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату і павышэнні якасці забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва». Затым азнаёмілася з дзейнасцю Валожынскага ўчастка паштовай сувязі Маладзечанскага РУПС Мінскага філіяла РУП «Белпошта», а таксама сэрвіснага цэнтра мясцовага ўчастка РУП «Белтэлекам».

Непасрэдна падчас «прамой тэлефоннай лініі» і прыёму грамадзян да чыноўніка паступілі два звароты. Першае пытанне насіла калектыўны характар ад жыхароў вёскі Няровы: гэты населены пункт знаходзіцца ў зоне няўпэўненага сігналу аператараў сотавай сувязі, часам не тое што выйсці ў мабільны інтэрнэт, але і пагутарыць з іншым абанентам становіцца дастаткова няпростай задачай. Ва ўстаноўлены законам тэрмін заяўнікам адкажуць на запыт у афіцыйным пісьме.

А вось жыхарка вёскі Манькаўшчына патэлефанавала, каб падзякаваць за выдатную арганізацыю работы кур’ерскай службы паштовай сувязі і аператыўнасць у дастаўцы пасылак.

Падчас размовы пра бліжэйшыя перспектывы ў дзейнасці галіны намеснік міністра сувязі і інфаматызацыі закранула пытанне якасці і бяспекі тавараў, якія паступаюць у нашу краіну з-за мяжы. Сёння на стадыі заключэння з аператарамі электроннага гандлю дамова, каб тавары праходзілі сертыфікацыю на адпаведнасць сацыяльным стандартам той краіны, куды яны накіроўваюцца. Пакуль гэта ў большасці тычыцца дзіцячых цацак, але ў далейшым спіс будзе пашырацца.

Тэкст і фота Сяргея САДОЎСКАГА