Злачынствы ў кіберсферы набіраюць усё большы размах

Важное Общество

Калі ў бліжэйшы час нашы людзі не перастануць быць залішне даверлівымі, тады гэта тэма будзе гучаць у СМІ, напэўна, нароўні з прафілактыкай каранавіруса. З пачатку года не прайшло і чатырох месяцаў, а інтэрнэт-махляры ўжо «падчысцілі» банкаўскія рахункі 17 жыхароў нашага раёна. У вобласці лічбы яшчэ больш сумныя: ахвярамі прайдзісветаў сталі каля тысячы чалавек.

Кіберзлачынствы становяцца настолькі злабадзённай тэмай, што гэтаму пытанню на ўзроўні вобласці нават была прысвечана асобная відэаканферэнцыя з удзелам прадстаўнікоў Мінаблвыканкама, кіраўніцтва праваахоўных органаў і сацыяльных інстытутаў, рэдактараў сродкаў масавай інфармацыі. Мэта яе зразумелая: выпрацаваць стратэгію, каб максімальна скараціць колькасць пацярпелых.

Здзіўляе, прызнацца, той факт, што пра ашуканцаў, якія дзейнічаюць праз сацыяльныя сеткі і гандлёвыя інтэрнэт-пляцоўкі, сёння напісана ледзь не на кожным слупе. У газетах, на старонках СМІ і іншых структур у сусветнай павуціне шмат разоў прыводзіліся канкрэтныя схемы іх дзеянняў. Банкі не стамляюцца папярэджваць: НІКОМУ НЕ ПАВЕДАМЛЯЙЦЕ АСАБІСТЫЯ ДАНЫЯ З ПЛАЦЕЖНЫХ КАРТАК! Сапраўднаму работніку банка яны і так вядомы, а вось злачынец усялякімі хітрыкамі, угаворамі і ўшчуваннямі паспрабуе «вывудзіць» гэту інфармацыю, каб праз некалькі хвілін гэтак жа спрытна «вывудзіць» у вас усе сродкі з рахунка! Тым не менш, як кажуць, воз і цяпер там. Знаходзяцца небаракі, якія даверліва пагутараць з ашуканцамі ў Viber, паквапяцца на «звышпрыбыльную» і «абсалютна бяспройгрышную» прапанову ў Telegramm, іншых месенджарах і сацсетках, згодзяцца аплаціць поўны кошт тавару на Kufar.by яшчэ да яе атрымання…

Міліцыянерам вельмі няпроста прасачыць, куды, на якія рахункі якіх замежных банкаў адправяцца вашы заробленыя грошы. Хіба што кіберзладзеі зусім страцяць асцярожнасць і пачнуць дзейнічаць без боязі, нахабна. Так нядаўна супрацоўнікі праваахоўных органаў і выйшлі на групу злачынцаў, што дзейнічалі з тэрыторыі Расійскай Федэрацыі і Украіны. А вось астатнія – затаіліся. На пэўны час, вядома ж. І спакваля працягваюць тэлефанаваць, угаворваць, патрабаваць. А іх рэспандэнты неўзабаве з жахам даведваюцца, што куплены праз інтэрнэт тавар ніколі не прыйдзе, што грошай на картцы ўжо няма, або што ім неабходна плаціць велізарны крэдыт, які яны нават не спрабавалі ўзяць…

З гэтага дня мы разам з вамі, шаноўныя нашы чытачы, а таксама з прадстаўнікамі іншых зацікаўленых структур будзем вучыцца быць абачлівымі, асцярожнымі і з поўным кашальком. Сачыце за публікацыямі.

Сяргей САДОЎСКІ