Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

У рамках праграмы забеспячэння пераемнасці пераходу выпускнікоў цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі ў аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў апошнім 21 красавіка прайшоў Дзень адкрытых дзвярэй. На яго запрасілі кіраўніка ЦКРНіР Алесю Уладзіміраўну Шпілеўскую і спецыялістаў.

На сустрэчы прысутнічалі дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра Г. Ф. Рай, псіхолаг А. В. Жданюк, старшыня бацькоўскага камітэта дзённага аддзялення А. А. Рай і інш. Загадчык аддзялення Т. В. Акушка правяла экскурсію па аддзяленні, а затым усе перамясціліся ў канферэнц-залу, дзе вялася размова пра пераемнасць, яе мэты, задачы, спецыялізацыю. Да Дня адкрытых дзвярэй была падрыхтавана выстава сувенірнай прадукцыі, зробленай рукамі выхаванцаў, і невялікая канцэртная праграма. Павесяліла прысутных музычная інсцэніроўка казкі “Чырвоная Шапачка на новы лад”, зацікавілі выступленне шумавога аркестра “Вясёлыя ноткі” і танец.

З 22 красавіка народнае літаратурна-мастацкае аб’яднанне “Рунь” раённага Цэнтра культуры ўзначаліла Наталля Фадзееўна Жылевіч.

Н. Ф. Жылевіч з’яўляецца членам “Руні” з 1997 года. Свой першы верш напісала ва ўзросце каля 8 гадоў. Друкавалася на старонках “Працоўнай славы”, “Мінскай праўды”, “ЛіМа”. Яе вершы ёсць у калектыўных зборніках членаў аб’яднання. Валодае арганізатарскімі здольнасцямі. Безумоўна, нялёгка будзе ўтрымаць планку, узнятую ранейшым кіраўніком “Руні” – Валянцінай Гіруць-Русакевіч, якай заўчасна пайшла з жыцця. Але гэта – справа гонару, і ўпэўнена, што пры падтрымцы ўсіх членаў будуць выдавацца і новыя кнігі, і ладзіцца цікавыя мерапрыемствы, прэзентацыі, і адзначацца розныя падзеі.

У гонар 100-годдзя Белдзяржстраху арганізацыя прапаноўвае спецыяльную праграму дабравольнага страхавання медыцынскіх расходаў – “100 на 100!”. Дагавор заключаецца ў офісах Белдзяржстраху па прадастаўленні святочнага купона “100 на 100!”.

Каб атрымаць купон, патрэбна ў перыяд да 31 снежня 2021 года заключыць дагавор дабравольнага страхавання ад няшчасных выпадкаў і захворванняў ці дагавор дабравольнага рэпрадукцыйнага страхавання жанчыны і народжанага дзіцяці, ці дагавор дабравольнага страхавання ад траўмаў “Экспрэс” са страхавым узносам на адну застрахаваную асобу не менш за 50 беларускіх рублёў. Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць непасрэдна ў прадстаўніцтве Белдзяржстраху. Гэта цікава і аберагае ваша жыццё, здароўе ў няпросты час панавання каранавіруснай інфекцыі.

Новыя веламаршруты распрацоўваюцца на тэрыторыі рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Налібоцкі”.

Самы працяглы – 38 кіламетраў, 18 з іх непасрэдна па лясных дарогах. Будуць і больш кароткія маршруты – 4, 6, 10, 12 кіламетраў, якія даступна адолець нават непадрыхтаваным турыстам. Пралягаюць яны па самых цікавых пушчанскіх мясцінах, сярод якіх і экагалічны гадавальнік. Дарэчы, менавіта там можна ўзяць напракат горныя веласіпеды, разлічаныя на розны рост. Рыхтуецца карта лесагаспадарчых дарог, па якіх будуць пракладзены маршруты. Па жаданні веласіпедыстаў яны могуць самастойна павялічваць ці скарачаць маршрут. Сезон толькі пачынаецца, і Налібоцкая пушча падорыць наведвальнікам шмат цікавых момантаў.

Дзесяцікласнік СШ № 1 райцэнтра Уладзіслаў Акушка заняў 3-е прызавое месца ў Інтэрнэт-алімпіядзе па нямецкай мове, якую праводзіў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка.

 Алімпіяда праходзіла дыстанцыйна ў тры туры, фінал адбыўся 10 красавіка. Усяго ад першай школы ўдзельнічалі 4 вучні, да фінальнага трэцяга тура дайшла таксама адзінаццацікласніца Вікторыя Бітэль, што таксама выдатна. Але У. Акушку пашчасціла больш. Поспех вучня падзяліла яго настаўніца нямецкай мовы Таццяна Уладзіміраўна Сікорская.

Бібліятэкам раёна многія жыхары дораць кнігі з уласных бібліятэк. Праўда, не так часта, як гэта магло б быць. Далёка не ўсе чытачы аддаюць перавагу электронным заменнікам кніг, таму чытачоў хапае.

 У раённую бібліятэку нядаўна перадаў кнігі панамар беларускай грэка-каталіцкай царквы Яўген Барысавіч Андросік, які жыве ў вёсцы Яцкава-Пяскі. Сярод яго дарункаў слоўнікі, мастацкая і праграмная літаратура. Мастацкія кнігі перадала таксама жыхарка райцэнтра Алена Уладзіміраўна Пятроўская.