Ліцэісты цікава правялі час

Молодежный курьер

Навучэнцы Валожынскага сельскагаспадарчага прафесіянальнага ліцэя наведаліся ў такое выдатнае месца ў райцэнтры, як time-кафэ “ВМесте”, што пачало працаваць на базе цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна.

Тут юнакоў і дзяўчат гасцінна сустрэлі супрацоўнікі цэнтра разам з дырэктарам Марыяй Валянцінаўнай Кушнір. Яны расказалі пра мэту стварэння кафэ і пазнаёмілі са шматлікімі магчымасцямі для цікавага правядзення часу. Тут не толькі рабяты, але і дарослыя змаглі акунуцца ў свет дзяцінства. Усе з вялікім задавальненнем удзельнічалі ў настольных і рухавых гульнях, спявалі пад караоке, радаваліся і весяліліся…

Прыемная атмасфера, зручная, сучасная мэбля, моднае і крэатыўнае афармленне памяшкання, утульная абстаноўка спрыяюць разняволенню і ствараюць добры настрой. Можна прыходзіць з сябрамі і ўсёй сям’ёй, каб правесці час разам або знайсці занятак па гусце асабіста. У time-кафэ можна праводзіць дзіцячыя святы і маладзёжныя вечарынкі, міні-канцэрты і навуковыя прэзентацыі! Адным словам – тут класна!

Кожны з наведвальнікаў-ліцэістаў застаўся ўпэўнены, што не аднойчы прыйдзе сюды за чарговай порцыяй станоўчых эмоцый!

Анжэла РАДЫНА