Нам ёсць кім ганарыцца – у нас ёсць у каго павучыцца…

Общество

Аляксандра Уладзіміраўна ЛЯШУК.

Маладыя людзі сёння мараць працаўладкавацца ў вялікіх гарадах, атрымліваць вялікія заробкі, жыць бесклапотна і ў дастатку. Але ў дашкольных установах так не бывае – пастаянныя клопаты, невялікія зарплаты, ды і цярпенне трэба мець велізарнае. Дашкольнаму цэнтру развіцця дзіцяці “Расінка” г. Валожына ў гэтым плане пашанцавала: за апошні час да нас прыбылі тры маладыя спецыялісты. Адзін з іх застаўся і працуе ва ўстанове адукацыі ўжо трэці год.

У 2018 годзе ўладкавалася Аляксандра Уладзіміраўна Ляшук, якая закончыла Нясвіжскі дзяржаўны педагагічны каледж імя Якуба Коласа. Родам дзяўчына са Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. З першых месяцаў працы яна зарэкамендавала сябе як граматны, эрудзіраваны, любячы дзяцей спецыяліст. Малады педагог добрасумленна ставіцца да справы, рацыянальна ўмее арганізаваць навучанне і адпачынак сваіх выхаванцаў, паклапаціцца не толькі пра ўмовы жыцця дзіцяці, але і пра душэўны камфорт яго бацькоў. У калектыве Аляксандра Уладзіміраўна заўсёды актыўная, з’яўляецца членам прафсаюзнага камітэта, не застаецца абыякавай да чужой бяды і заўсёды гатова прыйсці на дапамогу. Нягледзячы на тое, што шмат часу аддае працы, ёсць у яе і захапленні: малюе, займаецца спортам. Мы вельмі спадзяёмся, што малады педагог і надалей застанецца працаваць ва ўстанове і створыць у нашым горадзе сям’ю.

Алеся Уладзіміраўна ГІДРЭВІЧ.

У 2019 годзе калектыў папоўніў яшчэ адзін малады спецыяліст – харэограф Алеся Уладзіміраўна Гідрэвіч. Прыехала яна з Пінскага раёна Брэсцкай вобласці пасля заканчэння Пінскага педагагічнага каледжа імя А. С. Пушкіна. Маладая, прыгожая, спартыўная дзяўчына прынесла разам з сабой шмат энергіі, актыўнасці, пазітыву. Яе выхаванцы з задавальненнем наведваюць заняткі па харэаграфіі. Алеся Уладзіміраўна мае шмат захапленняў – гэта танцы, спевы, лёгкая атлетыка, настольны тэніс. Яна ўдзельнічае ў разнастайных спартыўных мерапрыемствах і паказвае выдатныя вынікі. Так нядаўна Алеся Уладзіміраўна заняла 2-е месца ў раённай спартакіядзе сярод маладых спецыялістаў.

Анастасія Казіміраўна ТРЫВАШКЕВІЧ.

 У 2020 годзе ў дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці прыйшла працаваць выхавальнік Анастасія Казіміраўна Трывашкевіч. Дзяўчына, што нарадзілася і вырасла ў вёсцы Вайганы Валожынскага раёна, закончыла БДПУ імя М. Танка, факультэт дашкольнай адукацыі. Сваім калегам яна нагадвае гераіню казкі “Марозка” Настачку (якраз і імя супадае): такая ж мілая, прыгожая і спакойная. Анастасія Казіміраўна заваявала сэрцы дзяцей, бацькоў і калег сваёй спагадлівасцю і дабрынёй. Ветлая, з дзецьмі вельмі цярплівая, заўсёды ўмее знайсці патрэбнае і ласкавае слова. Захапляецца яна маляваннем, спортам, вышываннем.

Дзяўчаты сябруюць паміж сабой, пасля працы часта праводзяць час разам: ходзяць у басейн, катаюцца на лыжах, наведваюць спартыўныя мерапрыемствы.

Першыя крокі ў любой прафесіі – гэта заўсёды цяжка, хвалююча, а часам і страшна. Але, калі ў твае рукі аддаюць самае дарагое, што ёсць на зямлі, – дзіця, гэта яшчэ і каласальная адказнасць. Ты не можаш падвесці, не апраўдаць надзей, спатыкнуцца і расчараваць, бо носіш ганаровае званне выхавальніка і з’яўляешся пуцяводнай зоркай, якая вядзе малое па дарозе жыцця, азараючы сваім святлом. Здаецца, гэта непасільная задача. Але я ўпэўнена, нашы маладыя педагогі з усім справяцца, бо яны поўныя энтузіязму, імкненняў і новых ідэй.

Любоў КЕРБЕДЗЬ,

старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі

дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Расінка”