Наталля Аляксандраўна СІНОШЫНА:“Свайму калектыву пяю дыфірамбы…”

Люди и судьбы

Гісторыя Белдзяржстраху пачынае свой адлік з 3 снежня 1921 года, і сёлета споўніцца 100 гадоў з моманту, калі быў прыняты Дэкрэт “Аб арганізацыі дзяржаўнага маёмаснага страхавання”. Прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Валожынскім раёне на розных этапах утварэння ўзначальвалі высокакваліфікаваныя кіраўнікі. Адным з такіх была Наталля Аляксандраўна СІНОШЫНА. У сістэме страхавання Валожыншчыны яна адпрацавала амаль 30 гадоў, палову з якіх з’яўлялася дырэктарам. Цудоўныя дзелавыя якасці, унікальны талент арганізатара, самастойнасць у мысленні і прымаемых рашэннях, чалавечая дабрыня, надзейнасць у справах і ў адносінах з людзьмі, вялікая адказнасць за даручаную справу. Усё гэта дазволіла ёй стаць адной з нямногіх у рэспубліцы, узнагароджаных нагрудным знакам “Выдатнік Белдзяржстраху”.

…Ці думала калісьці карэнная гараджанка-сібірачка, што лёс закіне яе ў невялікі правінцыяльны беларускі гарадок, дзе яна знойдзе сямейнае шчасце, стане сапраўдным прафесіяналам і ўдастоіцца такога высокага ганаровага звання? Нездарма кажуць: “Шляхі Гасподнія неспазнаныя…”

Н. А. Сіношына родам з далёкага Навасібірска – горада-мільённіка, што на поўначы Расіі. Тут прайшлі дзяцінства і маладосць. У сям’і іх было двое – яна і старэйшая сястра. Бацька – гвардыі старшы лейтэнант-разведчык, з вайны вярнуўся без нагі, па адукацыі юрыст, рабіў пракурорам аднаго з раёнаў. Маці працавала адміністратарам у сістэме грамадскага харчавання. У доме была вельмі багатая бібліятэка, і Наталля вырасла на кнігах Самуіла Маршака, Аляксандра Купрына, Канстанціна Паўстоўскага, Антона Чэхава, Чарльза Дзікенса. Героі твораў класікаў літаратуры наклалі вялікі адбітак на светапогляд і ўнутраны стан дзяўчыны: яны выхоўвалі, вучылі разумець людзей навокал і саму сябе, адкрывалі новыя грані чалавечых паводзін.

У школе вучылася добра, асабліва любіла матэматыку і хімію. Таму пасля атрымання атэстата вырашыла паступаць у інстытут на эканаміста – прафесію выбрала спантанна, бо была прэстыжнай і запатрабаванай. Першым рабочым месцам стаў планавы аддзел Ленінскага трэста сталовых. Праз пяць гадоў з’явілася магчымасць перайсці ў сталовую Навасібірскага інстытута, дзе абслугоўвалі студэнтаў. Работа падабалася, калектыў падабраўся дружны. Наталлі даручылі весці культурна-масавую работу, а паколькі па характары яна была камсамолкай-актывісткай, жыццё проста кіпела.

1981-ы год стаў лёсаносным для расіянкі. У іх горад прыехаў пагасціць да цёткі малады прапаршчык з Беларусі – так выпадкова і нечакана адбылося знаёмства з будучым мужам, які праз два месяцы заляцанняў прывёз яе ў Валожын, на вуліцу Піянерскую, у бацькоўскі дом. А сам на другі дзень пасля жаніцьбы паехаў на месяц на вучэнні ў Латвію. Маладым выдзелілі пакой, у хаце не было ніякіх выгод – так жылі амаль усе гаспадары прыватнага жылля. Таму свёкар са свекрывёй не маглі зразумець, як гэта нявестка не ўмее паліць печку, ці не ведае, што ваду трэба насіць з калонкі?..

Наталля Аляксандраўна ўспамінае: “Напачатку было дзікавата: наўкола – цішыня ды глуш. Маленькі гарадочак, нікога не ведаю, муж – то ў нарад, то адказны. І яго родныя, і мае ўсё здзіўляліся, як рашылася на такі адважны крок? А я казала сама сабе: “Давай паспрабуем”. Праз тыдзень пасля пераезду ўладкавалася на працу эканамістам у Валожынскае райспажыўставарыства, якое тады ўзначальваў Уладзімір Аляксандравіч Вайцяхоўскі. Гэта былі гады росквіту спажыўкааперацыі: імпартныя рэчы, вялікія аб’ёмы тавараў, безліч накладных. Уліцца ў калектыў дапамаглі прафесіяналы – Антаніна Іванаўна Арцёмава, Леакадзія Паўлаўна Кулік, Антаніна Аляксандраўна Юзянкова: падтрымлівалі, падказвалі, накіроўвалі, дапамагалі.

Аднак, па словах маёй гераіні, такая работа для энергічнай, актыўнай натуры была нуднаватай, і праз тры гады яе ўзялі эканамістам у Белдзяржстрах на перыяд дэкрэтнага водпуску. Н. А. Сіношына распавядае: “Здавалася, часова, а выйшла – назаўсёды… Тут мне спадабалася: людзі вельмі актыўна страхаваліся. Служба займала пяць кабінетаў на другім паверсе райвыканкама, працавала 40 чалавек на чале з дырэктарам Эдуардам Іванавічам Ждановічам. Больш мудрага кіраўніка і настаўніка не сустракала: прыйшоў з агента, ведаў усё. Ніколі не пачула ад яго грубага слова ці каб павысіў на каго голас: так скажа, што ніколі такога не зробіш. Вельмі добрым чалавекам быў і Аляксандр Міхайлавіч Чупрыс, які ўзначаліў калектыў у 1994 годзе. Але ліхія дзевяностыя наклалі свой адбітак. Прайшла дэнамінацыя, скасаваліся тры нулі – у выніку “абнулілася” асабістае страхаванне, людзі істотна пацярпелі: яны лічылі, што ва ўсім вінаваты Белдзяржстрах. Наступныя пяць гадоў сталі сапраўдным выпрабаваннем.

1 студзеня 1999 года мяне прызначылі кіраўніком. Страхавая галіна знаходзілася ў заняпадзе – можна сказаць, на апошнім дыханні: паступленняў не было, працаваць няма чым, штаты скараціліся напалову. Ізноў сабе кажу: “Наташа, давай паспрабуем, на што ты вартая: справішся ці не?” Пераехалі ў будынак пошты, дзе арандавалі некалькі кабінетаў на 2-м паверсе. Адраджэнне пачалося з Указам Прэзідэнта аб абавязковым страхаванні будынкаў. Таксама прыватнікі добраахвотна страхавалі ўласную жывёлу, якой тады на падворках мелася шмат. А напрыканцы года ўступіла ў дзеянне абавязковае страхаванне грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў – пачаліся ажыятаж і сапраўднае паломніцтва вадзіцеляў. Камп’ютараў не было, мы сядзелі начамі, усё пісалі ўручную. Павялічылі страхавыя ўчасткі – калектыў стаў спачатку 32, а пасля 35 чалавек, у сельсаветах працавалі рахункаводы-касіры, да канца аддадзеныя абранай справе, такія, як Яўстафій Міхайлавіч Кукель, Уладзімір Міхайлавіч Бялевіч.

Людзям уласцівы недавер, тым больш, што адзін раз іх ужо ашукалі. І каб прабіць гэту брэш, вялікую ролю ў адраджэнні галіны адыгралі страхавыя агенты. 1 жніўня 2009 года прарвала дамбу: было вельмі шмат страхавых выпадкаў і выплат, пасля прайшоўся ўраган. Усё гэта падштурхнула людзей да страхавання, бо, як высветлілася, са стыхіямі і яе паследкамі чалавек застаецца сам-насам. Пасля ўвялі КАСКА. Вось тады пайшлі аб’ёмы. Падабраўся згуртаваны калектыў прафесіяналаў, якому і зараз пяю дыфірамбы, – гэта быў кулак, людзі-аднадумцы, заражаныя адной ідэяй: намеснік Сяргей Трафімавіч Шарко, бухгалтар ад Бога Леаніда Уладзіміраўна Далінкевіч, асы ў сваёй справе Ядвіга Антонаўна Кароль і Валянціна Іванаўна Селязнёва, страхавыя агенты Лія Мікалаеўна Бычкоўская, Святлана Іванаўна Мароз, Леанарда Феліксаўна Радзівіла, Ларыса Адамаўна Любінская. Дзякуючы ім, мы па рэйтынгу з 22-га месца перамясціліся на лідзіруючыя пазіцыі, і ў сваёй групе ішлі першымі ці ў тройцы лепшых.

Якім я была кіраўніком? І строгім, і справядлівым: патрэбна аддача, а не проста праседжванне часу. Планы даводзілі напружаныя, і іх трэба было выконваць. Усё прапускала праз сябе – прыйду дадому, у галаве: “Як выканаць пастаўленыя задачы?” Сённяшняга дырэктара Сяргея Анатольевіча Бражаловіча “ўзгадавала” сама і задаволена вучнем. Памятаю, як знаходзіліся яшчэ ў райвыканкаме, стук у дзверы: “Можа ў вас работа ёсць?” Пачынаў страхавым агентам Сугваздаўскага ўчастка, пасля – інспектарам, вядучым інспектарам, у 2003-м стаў маім намеснікам. А калі адыходзіла на заслужаны адпачынак, сказала: “Лепшага дырэктара не бачу”.

…Праз гады Наталля Аляксандраўна Сіношына атрымала дакладны і яскравы адказ на сваё пытанне: “Давай паспрабуем…” Яна з усім на выдатна справілася, усё змагла, пакінула пасля сябе моцную і трывалую спадчыну. На сёння сфера страхавання вельмі запатрабавана ў насельніцтва і, як паказвае час, з кожным годам толькі набірае абароты. Пацвярджэннем чаму словы вядучага еўрапейскага бізнес-трэнера Смільяна Моры: “Страхаванне – гэта парашут, калі ў Вас яго няма ў патрэбны момант, больш ён Вам не спатрэбіцца”.

Алена ЗАЛЕСКАЯ