Валожынцы, задумайцеся!

Общество

Экалагічная акцыя “Пачні з чысціні” адбылася на мінулым тыдні ў гарадскім фруктовым садзе і была прымеркавана да Міжнароднага дня Зямлі. Яе ініцыятарамі выступілі наведвальнікі аддзяленняў дзённага знаходжання для інвалідаў і дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

 

 

Дзень Зямлі ў чарговы раз прымусіў паразважаць аб праблемах узаемадзеяння чалавека і навакольнага асяроддзя. Кожныя пластыкавая, шкляныя бутэлькі, недакурак і інш., што кінуты на зямлю, наносяць непапраўную шкоду экалогіі. Але калі навучыцца проста прыбіраць за сабой, то сітуацыя можа значна палепшыцца.

Менавіта таму людзі з інваліднасцю і актыўныя пажылыя грамадзяне вырашылі навесці парадак у гарадскім фруктовым садзе і прыцягнуць увагу насельніцтва да вышэйакрэсленай праблемы. Імі было сабрана шмат пластыкавых бутэлек, а таксама шкло, цэлафанавая ўпакоўка і інш. Гэты станоўчы вопыт беражлівых адносін да прыроды павінен стаць прыкладам для ўсіх жыхароў Валожына і заставіць іх задумацца пра экалогію гарадскога асяроддзя.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара