Пакуль памятаем, жывём. Пакуль жывём, памятаем

Важное Молодежный курьер Общество

У сярэдняй школе № 1 г. Валожына адбыўся чарговы дыялог у рамках правядзення інфармацыйна-адукацыйнага праекта “ШАГ” – “Школа актыўнага грамадзяніна” на тэму “Ёсць у кожнай перамозе тваёй і маёй вясна сорак пятага года”.

У пасяджэнні вучняў 10 класа прыняў удзел першы сакратар Валожынскага РК ГА “БРСМ” Уладзімір Паўлавіч Ціханоўскі.

Па практыцы, якая ўжо склалася, у ШАГ 1 “Мы даведаемся” школьнікі пазнаёміліся з інфармацыйнымі блокамі “Перамога нам дасталася, ты памятай – ніколі не забывай!” і “Памятаць дзеля будучага”. З асаблівым пачуццём хвалявання і гонару Уладзіслаў Кізік і Анастасія Ракавец расказалі прысутным аб ваенным лёсе сваіх прадзедаў. З заміраннем сэрца дзесяцікласнікі слухалі і глядзелі трагічную гісторыю спаленых вёсак Валожыншчыны – Дораў і Кражына.

 У ШАГ 2 “Мы разважаем” у фармаце адкрытага дыялога з госцем мерапрыемства прайшло абмеркаванне інфармацыі, атрыманай у ШАГ 1. У многіх пытаннях старшакласнікам цікава было пачуць меркаванне Уладзіміра Паўлавіча як прадстаўніка маладога пакалення і лідара БРСМ. Напрыклад, як ён адзначае Дзень Перамогі, і як у яго сям’і захоўваюць памяць пра родных, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне? На якіх прынцыпах, на думку госця, павінны будавацца адносіны паміж народамі, каб трагедыя ХХ стагоддзя не паўтарылася?

Падтрымліваючы дыялог, першы сакратар Валожынскага РК ГА “БРСМ”  Уладзімір Ціханоўскі адзначыў актыўны ўдзел моладзі, у тым ліку і сярэдняй школы № 1 г. Валожына, у грамадска-патрыятычных акцыях і валанцёрскай дзейнасці: акцыі “Прыйдзі і пакланіся”, якая прайшла ў рамках 78-й гадавіны з дня, калі была спалена Хатынь; тыдня памяці, прымеркаванага да Міжнароднага дня вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў; працоўных акцыях па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на воінскіх пахаваннях і каля помнікаў.

У летапісе Беларусі не было бітвы больш жорсткай, чым Вялікая Айчынная вайна, не было подзвігу больш значнага, чым подзвіг савецкага салдата, які абараніў Радзіму ад ворага, які выратаваў чалавецтва ад нацызму. Памяць аб страшнай вайне і Вялікай Перамозе не можа загаснуць: яна навечна ўпісана ў гісторыю Айчыны і кожнай беларускай сям’і. Перажытая трагедыя і дасягнутая Перамога – вечная крыніца болю і горычы, гонару і славы беларускага народа.

Падчас рэалізацыі ШАГ 3 “Мы дзейнічаем” вядучыя, падводзячы вынікі, падкрэслілі, што Вялікая Айчынная вайна забрала жыцці мільёнаў людзей, трагедыя закранула кожнага беларуса. На працягу многіх гадоў народ нашай краіны беражліва захоўвае славу і веліч абаронцаў Радзімы. Тыя падзеі глыбокай ранай адбіліся ў сэрцы кожнага. Мільёны загінуўшых, сотні скалечаных лёсаў, асірацелыя дзеці – такую цану заплаціла беларуская зямля за мір. У розных кутках краіны, якая страціла ў 1941-1945 гадах кожнага трэцяга жыхара, створаны сімвалічныя мемарыяльныя комплексы, устаноўлены манументы, прысвечаныя падзеям самай трагічнай і кровапралітнай вайны на гэтай шматпакутнай зямлі. На тэрыторыі сярэдняй школы № 1 таксама ўстаноўлены помнік Герою Савецкага Саюза Васілю Васільевічу Шчарбіну – камандзіру разведвальна-дыверсійнага партызанскага атрада, што дзейнічаў на тэрыторыі Віцебскай і Мінскай абласцей. Удзельнікі ШАГу ўшанавалі памяць усіх ахвяр Вялікай Айчыннай вайны хвілінай маўчання ля помніка і ўскладаннем кветак.

Усяго за гады акупацыі ў раёне былі знішчаны дзве з паловай тысячы жылых дамоў, разрабаваны прамысловыя прадпрыемствы, калгасы, школы, бальніцы. Але самымі цяжкімі і беззваротнымі былі чалавечыя страты. Карнікі знішчылі ў раёне амаль дзевяць тысяч мірных грамадзян. На тэрыторыі Валожынскага раёна шэсцьдзясят чатыры вёскі і сотні хутароў атрымалі такі ж лёс, як Хатынь.

Толькі захоўваючы памяць аб тых страшных падзеях і аддаючы даніну павагі загінуўшым і выжыўшым у тым пекле людзям, можна спадзявацца, што падобнае больш ніколі не паўторыцца ў чалавечай гісторыі.

Вера КАРАНІК,

намеснік дырэктара

па выхаваўчай рабоце

СШ № 1 г. Валожына