Хрыстос уваскрэс!!!

Общество

Улюбёныя ў Хрысце, богалюбівыя дзеці Святой Маці-Царквы! У цудоўнае Свята Святога Уваскрэсення Хрыстова нашы сэрцы азараюцца нябесным святлом выратавальнага Вялікадня, мы зноў сведчым перад Богам і людзьмі найвялікшую перамогу нашай веры ў тое, што Хрыстос уваскрэс!

Сапраўды ўваскрэс!

У гэтым велікодным прывітанні ўтоена радасць вечная “Сёння ўсялякае стварэнне весяліцца і радуецца: бо Хрыстос уваскрэс” (прыпеў 9-й песні Велікоднага канона).

У шэрагу хрысціянскіх свят няма больш урачыстага, больш велічнага, больш радаснага, чым Светлае Уваскрэсенне Хрыстова. Яно сапраўды “свят свята і ўрачыстасць ёсць урачыстасцей» (песня 8-я канона, ірмас).

“Радуйцеся”, – першае слова, якое пачулі з вуснаў уваскрэслага Ісуса Хрыста жоны-міраносіцы – першыя вястункі Уваскрэсення Хрыстова.

Ад гэтага ўцешнага прывітання, як ад “жываноснай крыніцы”, выліваецца невычэрпны паток хрысціянскай радасці, які суправаджае жыццё хрысціянскай Царквы на працягу стагоддзяў і дасягае нашых дзён. І мы цяпер маем магчымасць далучыцца да вялікай радасці Уваскрэсення Хрыстова і зрабіць для сябе Святы Вялікдзень святам свят і ўрачыстасцю ўрачыстасцей.

“Вучні ўзрадаваліся, убачыўшы Госпада” (Ін. 20, 20), калі ў той жа першы дзень тыдня ўвечары з’явіўся ім уваскрэслы Ісус Хрыстос. І з гэтага часу ніхто ўжо не адбярэ ў іх гэтай радасці. Яны панясуць яе разам з ісцінай Уваскрэсення Хрыстова ва ўвесь свет і зробяць яе асноўным настроем хрысціяніна.

Першае следства Уваскрэсення Хрыстова ёсць упэўненасць у будучым вечным жыцці пасля заканчэння нашага зямнога вандравання. Да прышэсця на зямлю Госпада Ісуса Хрыста будучае жыццё было краінай цёмнаю. Але сёння не невядомымі і чужымі прышэльцамі ўвойдуць веруючыя ў Госпада ў яго абіцель, а як верныя і любімыя авечкі яго духоўнага статка.

Другое следства Уваскрэсення Госпада нашага ў тым, што тутэйшае, зямное жыццё атрымала для нас іншае значэнне і іншы выгляд. Гэта ўжо не краіна выгнання, не сумная юдоль злачынцаў, якія чакаюць пакарання; гэта ніва для дзейнасці, месца падрыхтоўкі да лепшага, больш дасканалага жыцця.

Хрыстос для таго, каб нас выратаваць, зрабіў усё: замест таго, каб мы былі знішчаны за нашы грахі, ён памёр Сам; для таго, каб мы мелі паўнату быцця, Ён першы ўваскрэс і тым самым паказаў шлях кожнаму; для таго, каб нам выратавацца, Ён стварыў Царкву.

Якая радасць можа быць святлейшай за тую, што дадзена нам у праўдзе Уваскрэсення Хрыстова? Хрыстос уваскрэс з мёртвых, першынец з памерлых (1 Кар. 15, 20). Тое, што ўсяго больш натуральна палохае чалавека, пра што без жаху ён не можа падумаць, – смерць, яна знішчана з тых часоў, як не змагла ўтрымаць у сваіх абдымках Богачалавека Хрыста.

І вось мы ўжо не трапечам безнадзейна перад тварам смерці, бо не маем надзеі (1 Сол. 4, 13), але глядзім на яе толькі як на пераход да жыцця новага, бясконцага – да жыцця блажэннага ў злучэнні з Ісусам Хрыстом (Флп. 1, 23). Мы не смуткуем ужо так моцна і пра памерлых, бо калі верым, што Ісус памёр і ўваскрэс, то і памерлых у Ісусе Бог прывядзе з Ім (1 Сол. 4, 13).

Уваскрэс Хрыстос – і святло перамагло цемру, быццё перамагло небыццё, перамагло вечнае жыццё, бясконцае і светлае існаванне.

Вось чаму менавіта ў светлае і ўрачыстае свята Вялікадня неапісальная радасць напаўняе сэрцы ўсіх веруючых у Хрыста, увесь праваслаўны свет аб’ядноўваецца ў радаснай надзеі на неўміручасць, і пераліваецца ад краю зямлі да краю яе пераможная песня ў гонар Уваскрэслага “Хрыстос уваскрэс з мёртвых, смерцю смерць зваяваў і тым, што ў магілах, жыццё дараваў…»

Яшчэ і яшчэ раз віншую ўсіх вас, мае дарагія, са светлым Хрыстовым Уваскрэсеннем. Будзем жа паведамляць адзін аднаму вялікую радасць аб уваскрэслым Госпадзе: Хрыстос уваскрэс! Сапраўды ўваскрэс!

З любоўю ў Хрысце Уваскрэслым –  Благачынны цэркваў Валожынскай акругі протаіерэй Дзмітрый АГІЕВІЧ