Матыў велікоднай радасці

Кругозор Общество

Да цудоўнага, такога важнага свята, як Вялікдзень, прымеркавана выстава Ларысы Альбертаўны МЫТНІК “Матыў велікоднай радасці”, што праходзіць у памяшканні народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца”.

 

Жыхары Валожыншчыны добра ведаюць гэту гасцінную гаспадыню аграсядзібы “Раўнавага”. Выстава ж дазваляе дазнацца пра яе як выдатнага майстра ў розных відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Залатыя рукі, вытанчаны густ, цярпенне і ўседлівасць дазваляюць ствараць арыгінальныя творы мастацтва. На выставе можна ўбачыць шмат разнастайных велікодных яек. Кожнае з іх прадстаўляе сабой сапраўдны шэдэўр, што з любоўю і фантазіяй створаны ўмелымі рукамі нашай гераіні. Для іх вырабу прыменены розныя тэхнікі і матэрыялы. Нельга адвесці вачэй і ад шматлікіх цацак-падарункаў дзеткам і дарослым на Вялікдзень. Гэта і мяккія цацкі, і на палачцы, для самых маленькіх, і шматлікія абярэгі, а таксама цудоўны кухонны тэкстыль, які можна выкарыстаць для афармлення святочнага стала, і іншыя прыстасаванні, каб зрабіць сваё жыллё больш прыгожым, адметным. Уся гэта сувенірная прадукцыя радуе вока і цешыць душу. У жадаючых ёсць магчымасць не толькі паглядзець, але і набыць упадабаныя вырабы.

 

Майстар расказвае, што прага да творчасці прачнулася ў яе яшчэ ў дзяцінстве. У той час не было дзяўчынкі, якая б не гуляла з папяровымі лялькамі, якія стваралі сваімі рукамі. Але адны прасілі аб гэтым сяброў, дарослых, а іншыя… Ларыса Альбертаўна была проста ў захапленні ад самога працэсу. Яна з асалодай малявала, выразала лялек. Шафы, што ўяўлялі сабой складзеныя адпаведным чынам сшыткі, пастаянна папаўняла новым аддзеннем. Прыгожым почыркам там выводзіла: “Хатняе аддзенне”, “Сукенкі”, “Спадніцы” і інш. Гардэробы яе лялек адрозніваліся вялікай разнастайнасцю і стыльнасцю мадэляў.

Пазней дзяўчынка навучылася шыць, свае навыкі пастаянна ўдасканальвала. У 9 класе яна ўжо фарсіла па школе ва ўласнаручна створанай форме і вельмі ганарылася гэтым.

Пасля заканчэння 8-і класаў вырашыла паступаць у Мінскі тэхналагічны тэхнікум, але самаўпэўненасць і жаданне хутчэй закончыць малюнак не дазволілі зрабіць гэта. На другі год, маючы за плячамі адпаведны сумны вопыт, яна лёгка прайшла конкурс у 26 чалавек на месца. Вучыцца было цікава і лёгка. Тут Ларыса поўнасцю ўпэўнілася, што правільна выбрала свой жыццёвы шлях.

Ларыса Альбертаўна – актыўны ўдзельнік шматлікіх выстаў як раённага, так і абласнога, рэспубліканскага значэння. Яе вырабы карыстаюцца попытам, каля іх збіраецца вялікая колькасць людзей: пакупнікоў і тых, хто проста цікавіцца дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам. Жанчына заўсёды ветліва абслужыць, адкажа на пытанні, што ўзнікаюць, падзеліцца творчым вопытам. З задавальненнем яна право-дзіць і майстар-класы.

Вельмі радуе, што ўсе родныя людзі падтрымліваюць захапленне Ларысы Альбертаўны. Муж, напрыклад, выразае нарыхтоўкі для будучых драўляных вырабаў. Дапамагаюць і дачка з унучкай, якія жывуць побач.

Зразумела, што ў наш час так шмат усялякіх цікавых кірункаў у творчасці, і ва ўсіх хацелася б сябе паспрабаваць. Але гэта немагчыма. Таму наша гераіня займаецца тым, да чаго больш ляжыць душа. Гэта шыццё, вышыўка, дэкупаж. У планах навучыцца плесці з папяровых трубачак. Калі прыходзіць нейкая цяжкая хвіліна ці проста дрэнны настрой, яна бярэцца за любімую справу і такім чынам знаходзіць выхад для апанаваўшага негатыву. І паступова жыццё наладжваецца…

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара