Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

У сярэдзіне красавіка ў Мінску на працягу трох дзён праходзіла 19-я Рэспубліканская выстава навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці вучнёўскай моладзі, прымеркаваная да Года народнага адзінства. Дашкольныя ўстановы Міншчыны прадстаўляў і наш раён. Аб важнасці падзеі сведчыў той факт, што на адкрыцці выставы прысутнічаў міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка.

На вялікай плошчы былі разгорнуты некалькі тэматычных пляцовак. Педагагічным вопытам калегі дзяліліся падчас круглых сталоў, канферэнцый, майстар-класаў. Загадчык Валожынскага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Расінка” Наталля Казак і намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Ракаўскага дзіцячага сада “Сонейка” Таццяна Доўнар-Слізская прадстаўлялі абласны праект “Вясёлая прагулка разам”, які ў мінулым годзе з поспехам быў рэалізаваны і ў нашым раёне. Дашкольныя ўстановы распрацавалі маршруты выхаднога дня. У “Расінцы”, напрыклад, распрацавалі 9 маршрутаў, актыўны ўдзел у сумесных падарожжах з дзецьмі бралі 12 сем’яў. А ўсяго па раёне было 11. Складзеная інтэрактыўная карта-даведнік, цікавы даведачны матэрыял, фатаграфіі і многае іншае былі прадстаўлены на выставе.

Аддзяленні паштовай сувязі ў Валожыне, Івянцы і Ракаве не так даўно аснашчаны сістэмай відэаназірання, якая працуе кругласутачна.

Відэакамеры ўстаноўлены на рабочых месцах супрацоўнікаў, што дае магчымасць кантраляваць якасць абслугоўвання кліентаў, а таксама паспяхова вырашаць спрэчныя моманты.

Падведзены вынікі раённага этапу рэспубліканскага творчага праекта для падлеткаў “Бяспечны пераход-2021”. У конкурсе відэаролікаў прынялі ўдзел 7 устаноў адукацыі: СШ № 1, СШ № 2 райцэнтра і гімназія № 1, Сакаўшчынскі, Багданаўскі, Гародзькаўскі і Вішнеўскі вучэбна-педагагічныя комплексы дзіцячы сад-сярэдняя школа.

У многіх работах быў бачны арыгінальны падыход да раскрыцця тэмы, выкарыстаны розныя мастацкія замыслы. Кожная конкурсная работа несла інфармаванасць аб правілах паводзін на пераходзе. Першае месца журы прысудзіла відэароліку вучня Сакаўшчынскага ВПК Аляксандра Гарбачэўскага пад назвай “Бяспечны пераход” (кіраўнік Л. І. Журкевіч). Другое месца заваявала работа вучня СШ № 1 Мікіты Юшы “Пешаходны пераход” (кіраўнікі М. Ю. Данько і А. А. Юша), трэцяе – вучня Гародзькаўскага ВПК Максіма Губіча “Я – на варце парадку” (А. Н. Качула). На абласны этап адпраўлены відэаролік пераможцы.

У суботнім выпуску ранішняй перадачы Першага нацыянальнага канала “Добрай раніцы са Святланай Бароўскай”, якая прайшла на мінулым тыдні, вядомая тэлевядучая пабывала ў нашым раёне – у Рэспубліканскім ландшафтным заказніку “Налібоцкі”.

Для многіх беларусаў і гасцей нашай краіны С. Бароўская адкрыла не толькі прыгажосць Налібоцкай пушчы, але і людзей, апантаных прыродай і захаваннем яе багаццяў, – работнікаў. Яны не толькі да дробязей ведаюць лясныя сцяжыны, флору і фаўну пушчы, але і з’яўляюцца выдатнымі расказчыкамі, прапагандыстамі. Адзін з іх – старшы егер Ю. Рудовіч, не адстаюць ад яго і маладыя калегі. Мяркую, што паток турыстаў пасля тэлеперадачы значна ўзрасце.

Увага: конкурс! На гэту інфармацыю ў першую чаргу павінны звярнуць увагу настаўнікі, кіраўнікі гурткоў і бацькі. Па 14 мая ўключна праводзіцца дзіцяча-юнацкі творчы конкурс “Прырода і жывёльны свет Беларусі”, прысвечаны 100-годдзю з дня стварэння Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў.

Конкурс праводзіцца ў дзвюх намінацыях: фатаграфія і малюнак. Работы варта даставіць у раённую арганізацыю таварыства па адрасе: г. Валожын, вул. А. Матросава, 1 ці адправіць па электроннай пошце: vologin-boor@mail.ru. Кожную работу патрэбна падпісаць, указаць ініцыялы, узрост канкурсанта і школу, якую прадстаўляе.

 З 22 па 25 красавіка ў Магілёве праходзіў другі тур каманднага першынства Рэспублікі Беларусь па настольным тэнісе сярод юнакоў і дзяўчат 2010 года нараджэння і маладзейшых.

Зборную Валожынскай ДЮСШ прадстаўлялі гімназіст Дзяніс Лугоўскі і вучань Ракаўскай СШ Аляксей Самец, таксама ў каманду ўваходзіў прадстаўнік Барысаўскай ДЮСШ Шэрвон Кіемідзінаў. У лютым у Магілёве праходзіў першы тур спабоніцтваў, дзе наша каманда ў гэтым жа складзе заняла трэцяе месца. Цяпер жа хлопцы былі чацвёртымі. І па суме двух тураў таксама занялі 4-е месца з 16 каманд. Для юных тэнісістаў з правінцыі гэта выдатны вынік. Галоўнае – верыць у сваю зорку.