КАЛІ ГЕРОЙ НЕ ДЗЕД, А АКУПАНТ… Каму выгадная бессаромная фальсіфікацыя гісторыі?

76 лет Великой Победе! Общество

…Неанацысцкая ідэалогія,  усхваленне памочнікаў фашыстаў, узвядзенне на п’едэстал таго, супраць чаго ваявалі нашы дзяды… Калісьці ўсё гэта было чужым для Беларусі. Але ў 2020 і 2021 гадах наша краіна, як і практычна ўвесь свет, сутыкнулася з новымі рэаліямі. І ў іх усё перавернута з ног на галаву.

Генетычны імунітэт даў збой?
Доўгія дзесяцігоддзі беларускі народ меў генетычны імунітэт да нацысцкага светапогляду. Але сёння, на жаль, наш «арганізм» даў збой. Набіраюць папулярнасць адпаведныя тэматычныя сайты, а ультраправай нацысцкай субкультурай цікавіцца пэўная частка моладзі, у тым ліку і з вельмі радыкальнымі поглядамі. Яны не проста падтрымліваюць ідэалогію нацызму, але і заклікаюць іншых далучыцца да іх руху: на плошчах, у сацыяльных сетках.

Нельга недаацэньваць небяспеку гераізацыі нацысцкіх памагатых і калабарацыяністаў. Пад выглядам альтэрнатыўнага варыянту беларускай гісторыі нам навязваюць версію, што Вялікая Айчынная вайна была для Беларусі… ледзь не грамадзянскай. Часам ставіцца знак роўнасці паміж партызанамі і паліцаямі. Нам расказваюць, што памагатыя акупантаў — ні больш ні менш — змагаліся за незалежнасць Беларусі! Праўда, маўчаць пра тое, як яны супрацоўнічалі з фашыстамі, удзельнічалі ў рабоце арганізацый, звязаных з СС, і ім падобных. А гэтыя факты з гісторыі нікуды не дзеліся. І іх не сцерці.

Дзеля сучаснасці і будучыні
Каб пакласці канец фальсіфікацыі гісторыі, дэпутаты на пасяджэнні пятай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі сёмага склікання прынялі законапраект «аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму». Законапраект распрацаваны з улікам нормаў Мадэльнага закона Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў-удзельніц СНД «аб недапушчальнасці дзеянняў па рэабілітацыі нацызму, гераізацыі нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых».

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Лілія Ананіч заўважыла:

«На жаль, мы бачым гэтыя працэсы ў сусветным маштабе, калі перапісваецца гісторыя, пераглядаюцца вынікі тых падзей, якім адназначная ацэнка была дадзеная Міжнародным трыбуналам. На жаль, і ў нашай краіне атрымліваюць распаўсюджанне такія ідэі, спробы рэабілітацыі нацызму. Гэта выяўляецца ў павелічэнні разгляду спраў па адпаведных адміністрацыйных правапарушэннях. І мы павінны яшчэ раз уважліва паглядзець, таму што наша краіна праводзіць выразную, паслядоўную палітыку, у тым ліку і на міжнароднай арэне, аб недапушчальнасці гераізацыі нацызму».

Выхоўваць будуць дэсантнікі
Рэзананс у інфармацыйнай прасторы Беларусі выклікала навіна аб адзінаццацігадовым школьніку з Віцебска, які «хайпануў» у ТікТок. Школьнік апублікаваў відэаролік, у якім ён ідзе па мемарыяле на Успенскай горцы і плюе на магілы савецкіх воінаў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.

Нягледзячы на тое, што сацсетка неўзабаве выдаліла відэа абразы, ацаніць яго паспела міліцыя. Хлопчыка ўзялі на кантроль. Дзеянні яго кваліфікуюць як здзек над помнікамі. Патрыятычным выхаваннем школьніка зараз зоймуцца ў 103-й асобнай паветрана-дэсантнай брыгадзе. Дэсантнікі прыцягваюць Уладзіслава і яго аднакласнікаў да мерапрыемстваў напярэдадні Дня Перамогі і арганізоўваюць сустрэчы з ветэранамі.

А вось у Еўропе не ўсё «гладка»…

Пакуль у Беларусі аберагаюць і захоўваюць памяць пра герояў перамогі, не даючы моладзі забыцца пра подзвіг савецкага народа, у краінах Еўропы помнікі воінам-вызваліцелям у адзін момант сталі непатрэбнымі. У красавіку гэтага года Мінабароны Расіі рассакрэціла архіўныя дакументы аб вызваленні савецкімі салдатамі польскага горада Тшчанка зімой 1945 года. Тады гэта была тэрыторыя Трэцяга Рэйха і называўся горад на нямецкі манер — Шэнланке. Пяцьдзесят шэсць савецкіх салдат былі пахаваны ў маўзалеі на цэнтральнай плошчы. Чатыры гады таму мясцовыя ўлады знеслі помнік.

На думку польскіх чыноўнікаў, маўзалей — гэта не брацкая магіла. Экспертыза, якую правялі фармальна, не знайшла парэшткаў. Затое іх знайшоў трактарыст, які зносіў помнік…

Супраць фактаў не пойдзеш. Любы жадаючы можа даведацца праўду аб захаванні, адкрыўшы мультымедыйны раздзел — «Злачыннае бяспамяцтва: што сціраюць з гісторыі палякі» на сайце расійскага ваеннага ведамства.

Барацьба з савецкімі помнікамі — не толькі польскае вынаходніцтва. Ва Украіне ў рамках дэкамунізацыі зносяць манументы. Вуліцы і праспекты перайменаваны ў гонар нацысцкіх памагатых Бандэры і Шухевіча. Працягваюць знішчаць мемарыял у памяць аб пераможцах над нацызмам у Вялікай Айчыннай вайне, які мясцовыя ўлады абвясцілі «аварыйным» і вырашылі знесці яшчэ тры гады таму ў Львове. Пры гэтым многія расцанілі «аварыйнасць» толькі як прыкрыццё для «дэкамунізацыі» ва ўгоду радыкальна настроенай частцы грамадства…

Трактуюць гісторыю, мякка кажучы, па-свойму, не толькі ва Украіне. Паглядзім на Чэхію. Найбольш рэзананснай навіной да нядаўняга часу заставаўся дэмантаж помніка савецкім танкістам у 1991 годзе. Адразу ж пасля падзення сацыялізму помнік у выглядзе танка-вызваліцеля, аблілі ружовай фарбай і прыбралі з пастамента. У пачатку 2010-х рабілася спроба прыбраць серп і молат з манумента Савецкім вызваліцелям у Брно, аднак пасля рэстаўрацыі помнік вярнуўся на месца ў ранейшым выглядзе. У 2017 годзе ў Празе са Старамесцкай Ратушы знікла таблічка падзякі Чырвонай Арміі. І ўжо неўзабаве ў 2019-2020 гадах адбылася нашумелая гісторыя са зносам помніка савецкага маршала Івана Конева.

Чорнае ў белае

У пратэстным руху ў Беларусі таксама прысутнічаюць элементы гістарычных фальсіфікацый. Напрыклад, на ўзроўні сімвалізму і поўным неразуменнем таго, пад чыім сцягам выходзяць «неверагодныя». Укараненне ў масавую свядомасць думкі пра тое, што бел-чырвона-белы сцяг з’яўляецца беларускім нацыянальным сімвалам, можа па праве лічыцца фальсіфікацыяй стагоддзя.

Нагадаем, падчас акупацыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, якая забрала жыццё кожнага трэцяга беларуса, бел-чырвона-белы сцяг выкарыстоўваўся беларускімі калабарацыяністамі — нацысцкімі прыслужнікамі — і з’яўляўся іх сімвалам. Таксама пад гэтым жа сцягам маршыраваў і беларускі аналаг Гітлерюгенда — Саюз Беларускай Моладзі. Пасля распаду СССР бел-чырвона-белы сцяг стаў Дзяржаўным флагам незалежнай Беларусі. Аднак ужо ў 1995 годзе падчас рэспубліканскага рэферэндуму было прынята рашэнне адмовіцца ад бел-чырвона-белага сцяга. Яго выкарыстанне магло абразіць памяць продкаў, якія аддалі свае жыцці ў барацьбе супраць фашызму.

Сіла памяці

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на рэспубліканскім мітынгу-рэквіеме «Лампада памяці», прымеркаваным да 78-й гадавіны Хатынскай трагедыі звярнуўся да тых, хто перакананы, што фашызм нёс на нашу зямлю цывілізацыю; хто гераізуе забойцаў; хто пакланяецца БЧБ-сцягам, пад якімі праводзіўся генацыд беларускага народа. «Усім вам, аблудным і адурманеным, кажу: «Ідзі і глядзі!» Ідзі ў Хатынь, Баркі, Олу, Дальву, Усакіна, Шунеўку, Азарычы, да мемарыялаў «Трасцянец», «Яма», «Чырвоны Бераг». Ідзі і слухай Хатынскі звон, у звоне якога разам зліліся дзіцячыя крыкі, мацярынскі плач і горкі бацькоўскі боль мільёнаў беларусаў. Беларусаў, якія паспыталі нечалавечыя пакуты, але якіх так  і не заваявалі і не перамаглі».

…І няхай гэтыя галасы з мінулага кожнаму пакаленню нагадваюць аб тым,  наколькі кволы мір, наколькі каштоўнае чалавечае жыццё і як лёгка ўсё гэта страціць. І пакуль гучыць гэты звон, Беларусь памятае. У гэтым наша сіла.

Публікацыю па матэрыялах рэспубліканскай прэсы падрыхтаваў Сяргей САДОЎСКІ