ДАБРАЧЫННАСЦЬ – ПРАФЕСІЯНАЛЬНЫ АБАВЯЗАК

Общество

Добраахвотнае таварыства “Чырвоны Крыж” – адна з першых грамадскіх арганізацый, якая ўзнікла з мэтай аказання дапамогі абяздоленым і безабаронным. Гэту пачэсную місію таварыства выконвае і ў сучасным жыцці.

Раённае аддзяленне таварыства “Чырвонага Крыжа” супрацоўнічае з калектывамі і арганізацыямі, якія па роду сваёй дзейнасці жывуць людскімі клопатамі і турботамі. Так, сумесна з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва праведзена акцыя “Рука дапамогі”, падчас якой раздавалася гуманітарная дапамога тым, хто найбольш мае патрэбу ў такой падтрымцы: адзінокім, састарэлым, шматдзетным, сіротам. Не былі забытыя жыхары і самых аддаленых вёсак раёна.

Актыўна сябруюць з “Чырвоным Крыжам” юныя валанцёры з атрада “Прымула” Дорскай сярэдняй школы, якім кіруе намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вераніка Віктараўна Загорская. Атрад двойчы прызнаваўся лепшым у вобласці, зараз яго члены распрацоўваюць цікавыя праекты па аказанню дапамогі сацыяльна-небяспечным і шматдзетным сем’ям. Старшыня раённага таварыства Ларыса Мытнік лічыць: “Дзякуючы таму, што дабрачыннасцю цікавіцца маладое пакаленне, высакародная дзейнасць “Чырвонага Крыжа” будзе працягвацца і ў будучым”.

Умацоўваюцца і замежныя сувязі раённай арганізацыі. Толькі за дзевяць месяцаў бягучага года нямецкімі спонсарамі дастаўлена гуманітарная дапамога на 22 мільёны рублёў. Прадукты харчавання, адзенне і абутак прыслалі і дабрачынцы са Швецыі.

Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий