Падары радасць блізкаму

Общество

У панядзелак Валожыншчына далучылася да правядзення абласной дабрачыннай акцыі “Падары радасць блізкаму”, якая праводзіцца па ініцыятыве Мінскага аблвыканкама і Мінскай мітраполіі Беларускай праваслаўнай царквы. Кіраўніцтва рэгіёнаў, святары, валанцёры наведваюць дамы-інтэрнаты, каб павіншаваць пастаяльцаў і выхаванцаў са светлым святам Уваскрэсення Хрыстова.

 

Так, старшыня райвыканкама Яўген Міхайлавіч КРУКОВІЧ і святар Спаса-Праабражэнскай царквы аграгарадка Ракаў айцец Сергій ЛЕПІН пабывалі ў Ракаўскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў. Тут пражываюць больш за 150 утрыманцаў – людзі розных узростаў, лёсаў, псіхічных захворванняў. Для большай часткі з іх гэты дом стаў апошнім прытулкам. Нягледзячы на фізічны стан, усе яны рады ўвазе і клопату. У той дзень кожны з падапечных пачуў цёплыя словы і атрымаў невялікі падарунак. А ў адказ на добрую справу ўсе разам паслухалі канцэрт, які называўся “Мая сям’я – мая краіна” і быў падрыхтаваны членамі сем’яў работнікаў сацыяльнай установы з мэтай умацавання сувязі між пакаленнямі.

Намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы Ігар Уладзіміравіч ШАКУН разам з настаяцелем Свята-Еўфрасіннеўскай царквы Віктарам ПЕРАГУДАВЫМ завіталі да выхаванцаў Івянецкага дома-інтэрната, якіх гасцінна сустрэла дырэктар Алена Сігізмундаўна Петрашкевіч. Айцец Віктар – даўні сябар і духоўны настаўнік хлопчыкаў і дзяўчынак. Госці павіншавалі ўсіх са святам Вялікадня і пажадалі дзецям і тым, хто клапоціцца пра іх, міру, дабра і светлай радасці на душы, а таксама ўручылі салодкія прысмакі.

Наш кар.