БРСМ дае старт патрыятычнаму анлайн-праекту «Подзвіг маладых»

76 лет Великой Победе! Без рубрики Важное

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі запусціў 3 мая ў сацыяльных медыя рэспубліканскі патрыятычны анлайн-праект «Подзвіг маладых», прысвечаны 76-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Гэта праект для сучаснай моладзі. Ён расказвае пра жыццё юных беларускіх патрыётаў ваеннага ліхалецця, якія з першага дня вайны сваімі гераічнымі ўчынкамі ў барацьбе з фашысцкімі акупантамі імкнуліся прыносіць карысць роднай краіне. Юнакі і дзяўчаты не перакладвалі адказнасць на старэйшых, а, рана пасталеўшы, змагаліся на фронце, праяўлялі гераічную самааддачу і працаздольнасць у тыле і падполлі.

Анлайн-праект «Подзвіг маладых» рэалізуецца з 3 мая па 3 ліпеня ў цэнтральных і рэгіянальных афіцыйных сацыяльных медыя БРСМ у Telegram, Instagram, «УКантакце».

«Сёння важна захаваць гісторыю і расказаць моладзі пра подзвіг нашых равеснікаў, таму ва ўсіх кутках Беларусі актывісты БРСМ уключыліся ў даследчую работу. Моладзь даведаецца пра подзвігі Зінаіды Партновай, Пятра Кацельнікава, Марата Казея, Мікалая Кедышкі, Іраіды Іваноўскай і многіх юных герояў Вялікай Айчыннай вайны», – падкрэсліла прадстаўнік ЦК БРСМ Наталля Сталпінская.

Анлайн-ініцыятыва, якая расказвае пра подзвіг юных абаронцаў Айчыны, стане састаўной часткай шматступеньчатага рэспубліканскага патрыятычнага праекта «Кветкі Вялікай Перамогі», сімвалам якога з’яўляецца чырвона-зялёная стужка ў спалучэнні з яблыневым цветам. У гэтыя дні па ўсёй краіне будзе рэалізавана больш за 500 мерапрыемстваў праекта «Кветкі Вялікай Перамогі». Напрыклад, з 1 мая сімвал праекта ўпрыгожыў аватаркі ўсіх афіцыйных паблікаў маладзёжнага саюза ў сацсетках і мэсэнджарах, а таксама моладзі прапануецца паўдзельнічаць у рэспубліканскім творчым конкурсе «Мы памятаем».

Па матэрыялах БЕЛТА