Буду помніць заўсёды

76 лет Великой Победе! Люди и судьбы Общество

Аб трагічных падзеях, якія адбыліся ў Вялікую Айчынную вайну, напісана шмат кніг і даследаванняў. Але мноства навуковых прац і публіцыстычных твораў не вельмі прыбліжаюць да разумення таго, што ж усё-такі адбылося ў тыя гады.

У нашай сям’і былі ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны: дзядуля Уладзімір Георгіевіч Радзівілка (брат бацькі маёй матулі) і прадзед Георгій Аляксандравіч Шаўлюк (бацька бабулі па лініі матулі). Ні для каго не сакрэт: вайна забірае ў чалавека самае дарагое. А іншы раз – і само жыццё. Усё, што я ведаю пра іх, – з расказаў сваякоў, бо, на жаль, жывымі іх ужо не застала.

Уладзімір РАДЗІВІЛКА з сябрам Адамам ЕХНАЎЦОМ.

Уладзімір Георгіевіч Радзівілка нарадзіўся 6 сакавіка 1922 года ў вёсцы Гародзькі. З дзяцінства зведаў нялёгкую сялянскую працу: пасвіў гусей і дапамагаў бацькам на заробках у памешчыка – іншымі словамі, жыў так, як большасць насельніцтва таго часу. Атрымаў адукацыю тры класы, далей вучыцца не пайшоў – не было магчымасці, ды і трэба было даглядаць за малодшымі братамі і сёстрамі. Усё ішло сваім парадкам, але ў 1941 годзе вёску захапілі немцы. Яны забіралі ў людзей жыўнасць і прадукты, прымушалі працаваць на палетках для іх, а за непадпарадкаванне каралі. Жыць стала яшчэ цяжэй. Дзяцей было многа, карміць няма чым. Неўзабаве дзядулю і іншых маладых хлопцаў немцы забралі.

З яго слоў: “Спачатку нас прывезлі ў Юрацішкі, што ў 65-і кіламетрах ад Гародзькаў. Пастроілі каля царквы. Стаялі доўга пад наглядам салдат, некалькі чалавек забілі за спробу ўцячы. Стала зразумела: проста так адсюль не пойдзеш. А дома ж сям’я… Затым прыйшоў чалавек у ваеннай форме, падобны на галоўнага. Штосьці сказаў іншаму на нямецкай мове. Той махнуў рукой, і мы рушыліся наперад”. Так дзядуля патрапіў у часовы ваенны лагер на беразе Свіслачы ва ўрочышчы Дразды, дзе прабыў некаторы час.

Са зборніка дакументаў “Злачынствы нямецка-фашысцкіх акупантаў у Беларусі” (Мн., 1963, с. 23-24): “Гэта быў адзін з першых лагераў на тэрыторыі Беларусі. Людзі ўтрымліваліся пад адкрытым небам. Спачатку арыштаваныя знаходзіліся разам. Праз некалькі дзён лагер падзялілі на тры часткі, у кожнай з якіх сканцэнтравалі асобна ваеннапалонных і грамадзянскіх асоб. З апошніх вылучылі яўрэяў. Іх размясцілі ля лукавіны ракі Свіслач у балоце. Магчымасці пераходзіць з адной часткі лагера з надзеяй убачыць сваіх родных ці блізкіх альбо даведацца хоць штосьці пра іх лёс не мелі. Час ад часу з лагера выводзілі камандзіраў, палітработнікаў, яўрэяў (урачоў, інжынераў, настаўнікаў…) і расстрэльвалі ў падрыхтаваных загадзя рвах…”

Маці дзядулі прыйшла навіна аб тым, дзе знаходзіцца яе сын. Тады яна разам з цёткай, прыхапіўшы з сабой бохан хлеба, накіраваліся туды пешшу. Ішлі доўга, але ніхто не адчуваў стомы, бо ішлі за родным чалавекам.

Канцэнтрацыйны лагер “Дразды” – адзін з першых у Беларусі лагераў смерці часоў нацысцкай акупацыі. Быў арганізаваны ў ліпені 1941 года паблізу вёскі Дразды, што ў 2-3 кіламетрах ад Мінска, на тэрыторыі саўгаса імя Крупскай. Плошча лагера складала 9 гектараў, праіснаваў некалькі месяцаў. Тут знаходзіліся прыблізна 100 тысяч ваеннапалонных і 40 тысяч грамадзянскіх асоб.

Калі сюды патрапіў дзядуля, то іх раздзелі, узамен далі іншыя рэчы, некаторыя атрымалі абутак. Іх маглі не карміць па 6 дзён. Піць даводзілася ваду з рэчкі. У такіх умовах многія хварэлі і паміралі. Людзей у лагеры падзялілі на дзве часткі: у першай былі тыя, каго выводзілі на работу ў горад, у другой – усе астатнія. Дзядуля патрапіў у першую групу і змог уцячы. Ён не разумеў, як дайсці дадому і што ўвогуле рабіць, але ведаў адно – каля лагера знаходзіцца нельга. З ім уцёк яшчэ адзін салдат, і яны разам пайшлі шукаць ежу.

Як маці знайшла сына – сказаць не магу. Ведаю толькі, што ім падказаў уцёклы салдат, якога яны сустрэлі каля лагера. Калі прыйшлі туды, убачылі многа людзей. Малюнак быў жудасны: галодныя, паабрываныя, маладыя людзі капаліся ў смецці ў надзеі знайсці ежу. Цётка запыталася ў маладых хлопцаў, ці ведаюць яны Уладзіміра Радзівілку? Адзін юнак адказаў, што ведае і прывядзе яго. І вось матуля ўбачыла свайго сына: запалыя шчокі, абарванае адзенне, кульгае. Яго забралі дадому. Але ў родных мясцінах давялося прабыць нядоўга – Уладзіміра Георгіевіча накіравалі на Першы Беларускі фронт пад камандаваннем Жукава…

Узгадваць пра вайну яму заўсёды было цяжка – на вачах адразу з’яўляліся слёзы. Дзядуля быў стралком. На шляху да Берліна пабываў у Польшчы: казаў, што там не любілі рускіх. Калі чулі рускія словы, то не давалі нават вады. Самым страшным успамінам стала пераправа парома праз раку Одру. Наша армія за дзень сем разоў спрабавала пераправіцца праз яе. На восьмы раз немцы перарэзалі паром. Большая частка людзей, зброя, коні апынуліся ў вадзе. Тады, па словах дзядулі, вада ў рацэ стала чырвонай. Салдаты страцілі надзею, але да іх прыехаў сам Жукаў, што дапамагло ўзяць сябе ў рукі. І яны змаглі, было цяжка, многія загінулі. У перастрэлцы  Уладзіміра Георгіевіча кантузіла. Але ўжо праз тыдзень па сваёй ініцыятыве ён ізноў быў у страі.

 Нават у такі складаны час салдаты ўмелі весяліцца. Амаль кожны вечар, калі заходзіла сонца і сціхалі выстралы, яны збіраліся каля вогнішча і пелі песні. Па словах дзядулі, гэта ўзнімала баявы дух. Разам з ім ваявалі два блізнюкі – заўсёды былі разам, стаялі адзін за аднаго гарой. Аднаго з іх падстрэлілі. Другі ўбачыў і падбег да цела. Але зразумеў, што брат мёртвы. Таварышы сілай адцягнулі яго, а ён крычаў… Не вытрымаўшы, малады чалавек вырваўся і пабег на поле бою, страляючы з аўтамата. Там і загінуў.

З правізіяй было складана. Кожны дзень ім давалі чарку гарэлкі і крыху ежы. Аднойчы хтосьці пачаў красці хлеб. Калі ўлічыць, што ежы было не так шмат, то гэта была вялікая праблема. Галоўныя вырашылі вылічыць злодзея з дапамогай хімічнага алоўка. Сам па сабе аловак меў цьмяны сіні колер, а калі яго намачыць (напрыклад, для капіравання тэксту, для чаго, дарэчы, і быў створаны), то ён набываў яркі колер. Адпаведна хлеб пазначылі-пафарбавалі, а калі салдат, які краў, яго з’еў, то рот стаў сінім. Вось так і вылічылі “злодзея”…

Пасля вяртання дадому дзядулю было цяжка: пачалі з’яўляцца прыступы – ён моцна крычаў, не разумеў, дзе знаходзіцца, кантраляваць яго было немагчыма. Гэта давалі сябе адчуць паследкі кантузіі. Калі ўся сям’я збіралася за сталом, часам ён пачынаў гаварыць пра вайну, пра тое, як маладыя рабяты гінулі, як салдаты дапамагалі адзін аднаму, разважаў, што вайна не каштуе такой колькасці людскіх ахвяр. Узгадваў свайго ваеннага таварыша Адама Ехнаўца, сувязь з якім пасля вайны страціў. Але праз 40 гадоў Адам знайшоў яго. Яны доўга гаварылі… і плакалі. Дзядуля любіў размаўляць з маім прадзядулем, які таксама прайшоў вайну. Праўда, вядома пра яго зусім мала – бабуля дрэнна памятае яго расказы, ды і гаварыць ён пра гэта не хацеў.

Засталіся лісты з фронту, ваенны білет, узнагароды “За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”, “За вызваленне Варшавы”, “За ўзяцце Берліна”, “Георгій Жукаў”, пасведчанне “За доблесць і адвагу ў Вялікай Айчыннай вайне”, ордэн Вялікай Айчыннай вайны I ступені, юбілейныя медалі. Частка ваенных рэліквій страцілася. Добра захаваліся лісты, у якіх напісана, які чарговы горад пакарыўся рускім салдатам. Праглядваючы дакументы, можна знайсці шмат памылак: напрыклад, прозвішча прадзядулі напісана няправільна. Можна ўбачыць подпісы падпалкоўніка Мурзы, зробленыя хімічным алоўкам. Перачытваць усё вельмі цікава, калі падумаць пра тое, колькі гадоў гэтым лістам, і як радаваліся родныя, калі атрымлівалі іх. Яны разумелі, што з іх абаронцамі ўсё добра. Сем’ям без мужчын было складана, так што героі не толькі яны, але і іх жонкі, якія вымушаны былі выконваць нялёгкую мужчынскую работу.

Я ганаруся тым, што ў мяне засталася такая памяць. Салдаты ваявалі не дзеля сябе, а за Радзіму, за родных людзей. Каб у мяне была магчымасць убачыць маіх мужных змагароў, я б сказала ім вялікае дзякуй, што жыву пад мірным небам. Хацелася б даведацца больш аб тым, што адбывалася на вайне, але не з кніг, а з іх вуснаў. На жаль, засталіся толькі расказы…

Дар’я САК,

студэнтка 1-га курса

Гродзенскага медуніверсітэта