Сямейная традыцыя – Радзіму абараняць

76 лет Великой Победе! Люди и судьбы

Жыхар вёскі Сазонаўшчына, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Аляксандр Аляксандравіч ЯРМАК 1 сакавіка бягучага года адзначыў 101-ы дзень нараджэння. На шчасце, нягледзячы на салідны ўзрост, ён па-ранейшаму ў страі. Амаль пяць гадоў з-за складанага захворвання вачэй нічога не бачыць, аднак рухаецца самастойна, а памяці і мысленню чалавека, які перасягнуў стагадовы ўзрост, могуць пазайздросціць нават маладыя.

Наведаўшыся ва ўтульны дом ветэрана, мы пазнаёміліся з яго сынам – Іосіфам Аляксандравічам, які апошнія гады жыве з бацькам. Ветэран Вялікай Айчыннай і афіцэр Савецкай Арміі былі шчыра рады нечаканым гасцям і з ахвотай падзяліліся ўспамінамі. Высветлілася, што ў гэтай сям’і вельмі трывалая сувязь пакаленняў. 

Бацька Аляксандра Аляксандравіча і дзед Іосіфа Аляксандравіча (1888 г. н.) быў ветэранам Першай сусветнай вайны. Адважны беларус у складзе палка генерала Брусілава быў удзельнікам вядомага Брусілаўскага прарыву. За неверагодны гераізм ён двойчы адзначаны Георгіеўскімі крыжамі. У 1916 годзе пасля трэцяга ранення вярнуўся дадому, дзе хутка ажаніўся. У іх з жонкай нарадзіліся сямёра дзяцей. У сям’і з вялікай павагай ставіліся да мінулага Аляксандра Кандратавіча. Ён жа, нягледзячы на бясконцыя клопаты простага селяніна, знаходзіў час, каб спачатку дзяцей, а затым і ўнукаў знаёміць з гістарычнымі падзеямі, да якіх меў непасрэднае дачыненне. Яго другі сын Аляксандр нарадзіўся ў 1920 годзе, калі наша мясцовасць уваходзіла ў склад Польшчы, таму і адукацыю хлопец набываў у польскай школе. Вучоба давалася лёгка, хоць і вялася на чужой мове. Аднак здольны юнак самастойна вывучыўся пісаць і чытаць па-руску і па-беларуску. Таму для той пары лічыўся дастаткова адукаваным. Перад фашысцкай акупацыяй яго нават прызначылі загадчыкам клуба. Пасля вызвалення Беларусі гэта пасада давала магчымасць пазбегнуць прызыву ў армію,  і ўсё ж малады чалавек, які ўжо меў вопыт барацьбы з фашыстамі (служыў у партызанах), самастойна звярнуўся ў ваенкамат і ў якасці добраахвотніка атрымаў накіраванне на фронт. Служыў артылерыстам-разведчыкам, ваенным паштальёнам. З Чырвонай Арміяй праз усю Польшчу і Германію дайшоў да Берліна. Мае медалі “За адвагу”, “За вызваленне Польшчы”, “За ўзяцце Берліна”, “За перамогу над Германіяй” і мноства юбілейных узнагарод. Пасля вайны з’яўляўся адным з лепшых працаўнікоў мясцовага калгаса. Заслугі ветэрана працы адзначаны значнай колькасцю падзяк і ганаровых грамат.

Гераічнае мінулае дзеда і бацькі аказала магутны ўплыў на жыццё іх унука і сына. Іосіф Аляксандравіч яшчэ падлеткам вызначыўся з будучай прафесіяй. Пасля праходжання тэрміновай службы паступіў у Арджанікідзеўскае ваеннае вучылішча супрацьпаветранай абароны. Служыў у Паўночнакаўказскай, Прыбалтыйскай і Кіеўскай акругах. У запас выйшаў з пасады намесніка начальніка штаба Днепрапятроўскага зенітна-ракетнага палка ў званні маёра.

 Клапатлівы сын некалькі гадоў таму вярнуўся ў родную вёску спецыяльна для таго, каб ажыццяўляць догляд за пажылым бацькам. На шчасце, Аляксандр Аляксандравіч, нягледзячы на праблемы са здароўем (што не дзіўна для яго ўзросту), трывала супрацьстаіць старасці. Разам з малодшым Ермаком стараецца не адставаць ад жыцця – цікавіцца сусветнымі і рэспубліканскімі навінамі. У доме пастаянна гучыць радыё ці працуе тэлевізар. Абавязковы штодзённы рытуал – чытанне прэсы. Як выглядае наша “Працоўная слава”, шаноўны чалавек, на жаль, не ўяўляе, а вось пра што друкуецца на яе старонках, ведае добра. Напярэдадні галоўнага свята ў гэтай сям’і – Дня Перамогі – мужчыны, кожны з якіх па-свойму ўнёс важкі ўклад у абарону роднай краіны, з задавальненнем перадалі найлепшыя віншаванні жыхарам Валожыншчыны і шчыра пажадалі кожнаму з нас здароўя, аптымізму і мірнага радаснага жыцця.