У Валожыне святкуюць 9 Мая. Рэпартаж з мітынгу

76 лет Великой Победе! Главное Общество Официально

Дзень Перамогі і Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь у Валожыне пачаўся ў святочнай атмасферы. Транспаранты і флажкі, выставы творчых работ дзіцячых школ мастацтва і ўдзельнікаў народнага аб’яднання народных майстроў «Скарбніца», інтэрактыўная пляцоўка «Ваенны прывал» і канцэртная праграма ўзорнага духавога аркестра Валожынскай ДШМ — вось што прыцягвала ўвагу шматлікіх наведвальнікаў гарадской плошчы Свабоды перад пачаткам урачыстага мітынгу. Само ж святочнае мерапрыемства традыцыйна адкрыў кіраўнік Валожыншчыны.

Старшыня раённага выканаўчага камітэта Яўген КРУКОВІЧ павіншаваў прысутных з двайным святам. Ён падкрэсліў веліч, мужнасць і адвагу тых, хто здабываў мір для нашай зямлі. Перамога нашых дзядоў вярнула людзям права на свабоду. За гэтым словам стаіць гераізм мільёнаў савецкіх салдат, напружаная і цяжкая праца ў тыле. «Мы з глыбокай павагай схіляем галовы перад брацкімі магіламі, — адзначыў Яўген Міхайлавіч. — Мы памятаем і пра тых, хто не вярнуўся з поля бою, і пра тых, хто сёння застаецца ў страі. Асаблівыя словы прызнання ветэранам, якія на сваіх плячах вынеслі ўсе нягоды вайны, і працаўнікам тылу, работа якіх была не менш напружанай і важнай».

Тэрыторыя Валожыншчыны была акупіравана 26 чэрвеня 1941 года. За чатыры гады фашысты спалілі 64 вёскі і сотні хутароў. Гітлераўцы знішчылі больш за 8 тысяч мірных грамадзян, каля тысячы нашых землякоў не вярнуліся з фронту. У памяць пра тых, хто не шкадаваў жыцця за вызваленне роднай зямлі ад варожага гнёту, у раёне ўзведзены 74 помнікі баявой і воінскай славы. Наша задача — захоўваць і берагчы гераічнае мінулае, дастойна працягваць слаўныя баявыя і працоўныя традыцыі на карысць Радзімы.

Гэтай думцы былі прысвечаны прамовы і іншых удзельнікаў мітынгу — камандзіра воінскай часці 30695 Андрэя Калача, старшыні раённай арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане Рыгора Русакевіча і прадстаўніка ад маладога пакалення Дзмітрыя Уласіка.

У завяршэнне ўрачыстасці прысутныя ўсклалі вянкі і кветкі да помніка загінуўшым воінам у скверы на плошчы Свабоды райцэнтра, ушанавалі іх памяць хвілінай маўчання.

Пасля цырымоніі адбыўся ўрачысты марш воінаў Валожынскага гарнізона, узорнага духавога аркестра дзіцячай школы мастацтваў і прадстаўнікоў грамадскасці.

Мы паспрабавалі зняць і відэа:

Святочны дзень, насычаны падзеямі, канцэртамі, дзіцячымі забавамі, працягваецца…

Сяргей САДОЎСКІ, фота Сяргея БОБРЫКА