Побач з намі — жывыя сведкі Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне

76 лет Великой Победе!

У гэтым матэрыяле мы расказваем пра тых, хто калісьці да канца прайшоў франтавымі сцяжынамі і здабыў для нас свабоду і мір.

Уладзіміру Антонавічу ШАБЛЫКУ – за 90. І кожны пражыты год для аднаго з самых паважаных жыхароў нашага райцэнтра і яго нашчадкаў – важкая падстава для гонару.

Ураджэнец Мядзельшчыны вырас у шматдзетнай сям’і. У час вайны дапамагаў бацьку, які быў сувязным у партызанскім атрадзе. У 1944 годзе юнака забралі ў армію. Служба пачалася ў Волагдзе, дзе маладых салдат рыхтавалі для адпраўкі на фронт. Хутка Валодзя аказаўся ў Мурманску. Па дарозе эшалон разбамбілі нямецкія самалёты. Гэты дзень запоўніўся на ўсё жыццё. Шмат людзей палягло ў той бамбёжцы. На шчасце, салдату Шаблыку пашанцавала…

Пасля была служба ў Фінляндыі, дзе сустрэў Перамогу. Пасля вайны ў якасці тэлеграфіста праслужыў яшчэ тры гады.

Вярнуўшыся з арміі, скончыў тэхнікум, ажаніўся, атрымаў накіраванне на працу на наш маслазавод. Тут, на Валожыншчыне, Уладзімір Антонавіч і Валянціна Вікенцьеўна Шаблыкі знайші сваю другую радзіму. Тут нарадзіліся і выраслі іх дзеці, у якіх даўно свае, такія ж дружныя, як у бацькоў, сем’і.

Уладзіміра Антонавіча валожынцы ведаюць не толькі як ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, але і выключнага бацьку і мужа (ён шмат гадоў клапаціўся пра хворую жонку), добрасумленнага работніка, руплівага гаспадара, шчырага і спагадлівага чалавека. Вядомы ён яшчэ і тым, што, не зважаючы на ўзрост, з году ў год прымаў удзел у лыжных спаборніцтвах у складзе каманды роднага прадпрыемства і да нядаўняга часу вадзіў аўтамабіль. Гэтага чалавека можна без перабольшвання назваць прыкладам жыццёвай трываласці і чалавечай годнасці.

Мікалай Рыгоравіч ГАРНАСТАЙ нарадзіўся ў Сакаўшчыне ў далёкім 1925 годзе. За яго плячамі вялікае і нялёгкае жыццё.

 У восем гадоў ён пайшоў у польскую школу, дзе закончыў чатыры класы. Маці Мікалая моцна хварэла, а 6 гектараў зямлі трэба было апрацоўваць, таму прыйшлося забыцца пра далейшую навуку і змалку далучыцца да сялянскай працы.

Калі прыйшлі немцы, на акупіраванай тэрыторыі жылося нялёгка. Пастаянна быў страх за жыццё сваё і блізкіх. Юнака абавязалі працаваць на вывазцы лесу з Букатова на чыгунку ў Багданаў, як і ўсіх жыхароў бліжэйшых населеных пунктаў, што мелі коней. Ветэран успамінае: у Вішневе стаяў фашысцкі батальён, і, калі яму споўнілася 18 гадоў, прыйшла павестка з’явіцца ў камендатуру. Гэта азначала прызыў на службу да немцаў. Мікалай узяў у старасты дакументы на бацькоў, што тыя ўжо старыя і хворыя, і яго адпусцілі.

Пасля вызвалення родных мясцін ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у лістападзе 1944 года Мікалая Рыгоравіча забралі ў войска. Прысягу прымаў у Горкаўскай вобласці, затым адправілі вучыцца ў мінамётную школу. Але на фронт не трапіў, затое наглядзеўся на смерць і людскі боль спаўна. Ён быў прыкамандзіраваны ў санчасць пры артылерыйскім палку. Аказваў дапамогу раненым і там знаходзіўся да 1947 года. Потым полк перавялі ў Бабруйск, дзе наш зямляк служыў яшчэ да 1949 года.

Калі дэмабілізаваўся, Мікалай Рыгоравіч вярнуўся ў родную вёску. Шмат і пачэсна працаваў, нават і пасля выхаду на пенсію. Амаль кожны год атрымліваў медалі, дыпломы, падарункі за выдатную працу. Многія з іх не захаваліся, але першая ўзнагарода – медаль “За перамогу над Германіяй” – нагадвае пра тыя даўнія шчымлівыя пачуцці радасці і гонару, якія ўзніклі некалі ў маладога чалавека.

Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Генадзій Якаўлевіч КАНЦАВЫ, які цяпер пражывае ў вёсцы Новы Двор, нарадзіўся ў горадзе Орша ў 1931 годзе. Дзесяцігадоваму хлопчыку прыйшлося непасрэдна ўдзельнічаць у падпольным руху.

“Мае бацька, маці, сястра і я з першых дзён вайны пачалі прымаць у сваім доме кіраўніцтва райкама партыі. Старэйшыя вырашалі пытанні арганізацыі барацьбы з ворагам і работы падполля, мне ж у гэты час даручалася сачыць за бліжэйшымі вуліцамі, каб папярэдзіць пра небяспеку выкрыцця канспіратыўнай кватэры”, – узгадвае ветэран. Так аднойчы хлопец своечасова заўважыў і сумеў далажыць сабраўшымся пра нямецкі патруль, які накіроўваўся да іх дома. Толькі паспелі тыя разысціся, як афіцэр і салдаты арміі вермахта ўжо распачалі вобыск. Нічога падазронага яны не знайшлі, хоць у міжсценавых перагародках былі схаваны і зброя, і радыёпрыёмнік, і пішучая машынка.

    Генадзь Якаўлевіч служыў у партызанскім атрадзе імя Варашылава, у партызанскай брыгадзе імя Заслонава. Шмат вылазак правёў ветэран, здабываючы разведданыя. На яго рахунку выкрыццё дыслакацыі складоў з варожымі боепрыпасамі і іншыя, не менш важныя, аперацыі. За самаахвярную дзейнасць ён узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалём “За перамогу над Германіяй”.

Калі Беларусь акупіравалі немцы, Станіславу Іосіфавічу САЕВІЧУ з Лаўскага Броду было 15 гадоў.

У жахлівыя гады Вялікай Айчыннай вайны немцы лютавалі, гінулі мірныя жыхары. Калі прыйшло вызваленне, Станіслава Іосіфавіча і яго аднагодкаў дэмабілізавалі ў Савецкую Армію. Але на фронт юнак не трапіў, бо захварэў на запаленне лёгкіх і апынуўся ў Мінску ў шпіталі. Сябры адправіліся ваяваць, а ён – каваць перамогу ў тыле. Прыходзілася нялёгка. Давялося спаўна пагаладаць і памерзнуць, кожны дзень падсцерагала небяспека. Але ў маладосці ўсё пераносіцца лягчэй.

    Пасля вайны мужчына стаў працаваць у Вішнеўскай МТС. Да тэхнікі ён быў здатны. Набыў спецыяльнасць трактарыста. З любоўю давёў да ладу старэнькі гусенічны трактар. У 1958 годзе механізатар атрымаў першую ўзнагароду – медаль “За працоўную доблесць”. Гэта адзнака простага вяскоўца натхніла на новыя дасягненні. Да медаля далучыліся ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга і Дружбы народаў, не лічачы шматлікіх юбілейных медалёў і знакаў “Ударнік” розных пяцігодак. Шмат гадоў ветэран плённа шчыраваў на карысць роднай гаспадаркі. Нягледзячы ні на якія цяжкасці, ён ніколі не  страчваў аптымізму, заўсёды спадзяваўся на сябе. На пытанне, як ідуць справы, у адказ нязменна чулася: “Красата, на ўсе 120!”.

Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Васілій Рыгоравіч ПАСЕКА – карэнны валожынец. Нарадзіўся ў 1926 годзе. Бацькі, хоць і працавалі на зямлі, рабілі ўсё магчымае, каб даць дзецям адукацыю. Васіль скончыў тры класы польскай школы, а затым, пасля ўсталявання ў нашай мясцовасці савецкай улады, вучыўся яшчэ шэсць гадоў. Магчыма, каб не вайна, здольны юнак мог бы прадоўжыць навучанне, але час працаваў не на яго памкненні…

 У 1939 годзе на Фінскую вайну забралі старэйшага брата Івана. У гэты час памёр бацька, і падлетку давялося, як кажуць, з галавой акунуцца ў дарослае жыццё. Затым была акупацыя. У 1944 годзе, пасля таго, як Беларусь скінула цяжар фашысцкай навалы, васямнаццацігадовага хлопца прызвалі ў Чырвоную Армію. Служыў сувязістам. “Марзянка” і іншыя неабходныя навыкі даліся лёгка. Пазней ён часта і з задавальненнем расказваў пра асаблівасці сваёй ваеннай спецыяльнасці. У цэлым жа пра вайну гаварыць не любіў, а пры праглядзе фільмаў  на гэту тэму заўсёды плакаў…

Доўгачаканы Дзень Перамогі для многіх салдат, у тым ліку і для Васілія Пасекі, не стаў апошнім днём службы. Яшчэ доўгіх пяць гадоў ён удасканальваў свае ўменні сувязіста ў адной з часцей, што дыслацыравалася пад Ленінградам. Родных убачыў толькі ў 1950 годзе. А вось брат Іван, які, дарэчы, прайшоў усю вайну і сустрэў май 45-га ў Берліне, вярнуўся дадому хутка пасля Дня Перамогі…

У пасляваенны перыяд і да выхаду на заслужаны адпачынак Васілій Рыгоравіч працаваў будаўніком у калгасе імя Леніна. Ажаніўся даволі позна – у 1964 годзе. Для жонкі Клаўдзіі Канстанцінаўны ён стаў выключным мужам, для дачкі і сына – любячым бацькам, а для пяці ўнукаў і праўнучкі – самым пяшчотным у свеце дзядулем і прадзядулем.

Васілій Рыгоравіч зараз хварэе. Слабае здароўе пажылога чалавека канчаткова падарваў каранавірус. І ўсё ж стары салдат выстаяў. На жаль, ён ужо нічога не можа расказаць пра сваё апаленае вайной юнацтва, але гэта зусім не азначае, што мы, яго землякі, напярэдадні 9 Мая забылі пра ветэрана. Паважаны Васілій Рыгоравіч! Жывіце доўга-доўга! Нізкі паклон Вам і ўсім, хто ў той жудаснай вайне здабываў дня нас нашу Перамогу!

Нарадзіўся Васілій Канстанцінавіч БУГАЙ у 1927 годзе. Калі вайна прыйшла ў родную вёску Харытоны, хлопцу было 14 гадоў.

Пасля таго, як у 1944 годзе раён быў вызвалены ад акупацыі, многія аднавяскоўцы, што падлягалі прызыву, пайшлі са зброяй у руках гнаць фашыстаў у іх логава. Васілія Канстанцінавіча не залічылі ў рады ваеннаслужачых па ўзросце. Хлопцу разам з усімі, хто застаўся ў тыле, давялося ўзяць на сябе нялёгкую місію па аднаўленні разбуранай гаспадаркі. Ніхто тады не думаў пра выхадныя ці працягласць працоўнага дня. Было зразумела, што ад намаганняў кожнага залежыць, наколькі хутка прыйдзе Перамога. Яе набліжалі і на фронце, і ў тыле. Менавіта за самаадданую працу ў час Вялікай Айчыннай вайны Васілій Канстанцінавіч Бугай атрымаў свой першы медаль “За перамогу над Германіяй”.

Дай Бог вам шчасця і здароўя, дарагія ветэраны! Нізкі паклон за мужнасць, гераізм і падоранае мірнае неба!