Свята сімвалаў беларускай дзяржаўнасці і Вялікай Перамогі завяршылася патрыятычнай акцыяй «Свечка памяці»

2021 - Год народнага адзінства 76 лет Великой Победе! Главное Общество

Пасля насычанага дня а дзясятай гадзіне вечара ў скверы на плошчы Свабоды г. Валожына пачалася патрыятычная акцыя «Свечка памяці».

На яе завіталі людзі, нераўнадушныя да подзвігу нашых продкаў, да іх гераізму, мужнасці і нязломнага духу ў барацьбе з фашысцкай навалай. У кожнага ў руках — рознакаляровыя лампадкі. Вядучыя мерапрыемства агучылі лічбы страт, якія панесла Валожыншчына ў гады Вялікай Айчыннай, узгадалі прозвішчы салдат і камандзіраў, у гонар якіх узведзены мемарыял на плошчы.

 

Тэматычная канцэртная праграма, падрыхтаваная артыстамі раённага Цэнтра культуры, гарманічна ўпісалася ў фармат мерапрыемства, стварыўшы атмасферу ўзнёсласці і жалю аб забраных вайной людскіх жыццях…

У іх гонар, іх памяць і запаліліся свечкі ўдзельнікаў мерапрыемства. І хутка на пляцоўцы заззяла трапяткімі агеньчыкамі вялікая пяціканцовая зорка, а потым узляцелі высока ў нябёсы паветраныя шарыкі. Няхай яны данясуць туды, дзе цяпер спачываюць і назіраюць за намі дзяды, што іх пакуты і іх ахвяра — не забыты…

 

Тэкст і фота Сяргея САДОЎСКАГА