Напоўненым і асэнсаваным кожны дзень робіць бацькоўства

Люди и судьбы

Дзеці – не цацкі. Бацькоўства павінна быць свядомым, тым больш, калі чалавек прымае рашэнне ўскласці на сябе адказнасць за чужых дзяцей, якім давялося перажыць шмат негатыву ў біялагічнай сям’і. Падобнае сцвярджае жыхарка вёскі Брылькі Вольга ВОЛКАВА. 

З Вольгай Аляксандраўнай мяне пазнаёміла дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра Святлана Мучынская. Менавіта яна прапанавала больш падрабязна ўнікнуць у жыццё і праблемы прыёмных сем’яў і параіла пачаць з гісторыі гэтай жанчыны. Святлана Іванаўна з цяплом і ўдзячнасцю расказала пра Вольгу, якая, аднойчы паспрабаваўшы сябе ў ролі прыёмнай маці, знайшла ў ёй сваё прызванне. “Ведаеце, яна проста надзвычай добры і шчыры чалавек. З аднаго боку, для яе гэта праца, а з іншага – колькі душы ўкладвае ў нашых дзетак, колькі робіць дзеля таго, каб парог яе дома стаў мяжой, за якой для іх пачнецца новае жыццё без страху, бруду, абразы і насілля”, – падзялілася думкамі кіраўнік сацыяльнай установы.

Вёска Брылькі. Вялікі дом з прасторным участкам і гаспадарчымі пабудовамі. Адразу бачна: людзі тут жывуць працавітыя, акуратныя. Сустрэлі нас гаспадыня і дочкі – старэйшая Ілона і малодшая Насця. Вялікай нечаканасцю стаў знешні выгляд асобы, пра якую ішла гутарка. Дзяўчо, інакш не скажаш. На самай жа справе Вользе за трыццаць, але побач з дзяўчатамі яна – нібы старэйшая сястра. І гэта пры тым, што пакуль ніводная старонка яе жыцця не пісалася лёгка…

З нагоды прыезду гасцей дружнае трыа прыгатавала прыгожы і смачны торт. Таму, не паспелі мы пазнаёміцца, пачалося чаяпіцце. Вось так, за няспешнай гутаркай, мы і даведаліся пра тое, што значыць адначасова быць маці і працаваць прыёмнай маці.

Лёс чалавека – рэч складаная. Аднаму наканавана шчаслівае, лёгкае і прыемнае ва ўсіх адносінах існаванне, іншаму ж даводзіцца літаральна за кожны крок плаціць дарагой цаной. Слухаючы аповед пра жыццёвыя калізіі нашай гераіні, раз-пораз бярэшся за галаву, і адзіная думка трывожыць розум: а ці любы з нас змог бы ў такіх абставінах не разгубіцца, не страціць сябе, а, наадварот, годна жыць, любіць, гадаваць дзяцей…

Вольга рана засталася без матулі.  Пахаваць роднага чалавека, калі табе толькі 18, а на руках немаўля… Хіба прыдумаеш горшы жыццёвы старт для юнага чалавека? Адносіны з бацькам складаныя, з маладым мужам – яшчэ горшыя. Адна, зусім адна, і ніхто не дапаможа, не паклапоціцца. А трэба ж адказваць не толькі за сябе і сваё дзіця, а яшчэ і за малодшага брата. Пэўны час фармальна апекуном 12-гадовага падлетка быў бацька, хаця па факце Дзмітрый жыў з сястрой і пляменніцай у пакоі ў інтэрнаце, які тая атрымала  ў якасці работніцы РАПТ.

Непрыемнасці крочылі за маладой жанчынай па пятах. Асабістае жыццё – ніякае, грошай катастрафічна не хапае, а тут яшчэ і здароўе пачало падводзіць… Спачатку – аперацыі, затым – доўгае лячэнне. Усё перажыла, з усім справілася. Ніводнага разу нават думкі не мела, каб даверыць дачушку чужым людзям. Яна нават разышлася з чалавекам, з якім дапускала магчымасць стварэння моцнай сям’і. Справа ў тым, што мужчына хоць і даражыў адносінамі з Вольгай, але ў сваёй душы не знайшоў месца для чужой яму Ілоны…

Усё ж Вольга не губляла аптымізму. І вось дзіва! Паступова праблемы і беды сталі адступаць. Вырашылася праблема з жыллём, спачатку для яе, пазней і для брата. Працавітая, старанная, яна з лёгкасцю знайшла работу – уладкавалася поварам адразу ў дзве ўстановы. Працавала нібы апантаная. А праз пэўны час сустрэла свайго Ігара.

Разам пара ўжо шмат гадоў. Ігар, хоць знешне гэта і не праяўляецца, маладзейшы за жонку. Але розніца ва ўзросце ніяк не адбіваецца на іх адносінах. Трывалае сяброўства ўсталявалася між мужам Вольгі і яе дочкамі. Дарэчы, малодшая дачка – не родная, яна прыйшла ў сям’ю ў 6-гадовым узросце. Перад гэтым з Вольгай і Ілонай два гады жыла стрыечная пляменніца Вольгі Каця (так склаліся абставіны ў сваякоў). Менавіта ў гэты перыяд і выспела рашэнне аб прыёмным бацькоўстве.

Насця літаральна з першых дзён адчула: ласкавая, прыгожая жанчына – свая. Ілона ж прызнаецца: спачатку трошкі раўнавала, але маці так цудоўна патлумачыла сітуацыю (калі мы не будзем любіць яе, то хто?), што 11-гадовая дзяўчынка вырашыла пацярпець, а праз нейкі час зразумела: ёй пашчасціла адразу займець і  сястру, і лепшую ў свеце сяброўку. Насця  трошкі баялася, каб яе не перадалі ў іншую сям’ю, але Вольга запэўніла: такога не будзе. Па-першае, ніхто не аддасць дзіця, што стала родным; па-другое, прыёмная дачка даволі дарослая, і яе думка будзе ўлічвацца, калі ўзнікне нейкая асаблівая сітуацыя.

Максім трапіў у сям’ю трохмесячным. Хлопчыка палюбілі ўсе і адразу. Аднак у СПЦ Вольгу і Ігара папярэдзілі: не прывязвайцеся да малога, ён – у базе на ўсынаўленне, з вамі – часова. На сямейным савеце тут жа прынялі рашэнне: “Усынаўляць Максімку будзем мы!” Калі дакументы былі гатовы, устроілі хрэсьбіны. Насця стала для хлопчыка хроснай маці, а брат Вольгі Дзмітрый – хросным бацькам.

Наступным у прыёмную сям’ю трапіў Кірыл. Гэта ўжо падлетак са сваім светапоглядам і адметным характарам. Затым па просьбе Святланы Іванаўны Вольга і Ігар забралі двух брацікаў і сястрычку. Магчыма, яшчэ адзін Максім, Даша, Нікіта і не будуць жыць у гэтай сям’і доўга (іх лёс вырашаць адпаведныя органы), аднак сёння бацькоўскі догляд і клопат яны атрымліваюць менавіта ў шчырых людзей з Брылькоў.

Ігар, калі пазнаёміўся з Вольгай, служыў тэрміновую службу ў валожынскай часці. Зараз ён – вадзіцель-дальнабойшчык. Як толькі прыбывае з рэйса, займаецца абасталяваннем дома, шмат часу праводзіць з дзецьмі. Вольга ж паспявае ўсё. Нядаўна падгаварыла мужа, і яны выкупілі будынак ФАПа, што насупраць іх дома. Цяпер у планах – рамонт. Навошта, запытаеце вы? Усё проста. Вялікай сям’і (магчыма, яшчэ будзе расці) патрэбна прастора…

Ілона – ужо дарослая. Скончыла педвучылішча, працуе ў дзіцячым садзе ў Бараўлянах, вучыцца завочна ў Акадэміі МУС. Насця – старшакласніца. Яна, па прыкладзе старэйшай сястры, таксама вырашыла стаць юрыстам. І 12-гадовы Кірыл не адстае – марыць пра ліцэй МУС. Такім чынам, тэма прыналежнасці да праваахоўных органаў у сям’і – адна з асноўных. Максім наведвае дзіцячы сад. Гэта агульны любімец, які, дзякуючы свайму ўзросту, пакуль не здагадваецца пра тое, што не заўсёды ў яго жыцці ўсё было светлым і радасным.

Утульна адчуваюць сябе і дзеці, якія жывуць у сям’і часова (згодна з законам, бацькі, у якіх адабралі дзяцей, могуць на працягу 6 месяцаў прыкласці намаганні, каб іх вярнуць, калі ж – не, то іх чакае пазбаўленне бацькоўскіх правоў, а гэта ўжо будзе іншая гісторыя). Малыя наведваюць дзіцячы сад, старэйшы разам з Кірылам і Насцяй – школу.

Няўжо ў іх усё так лёгка і прыемна? Безумоўна, не. Ёсць і праблемы, і спрэчныя пытанні. Хіба ў сямейных адносінах бывае інакш? Кожнага трэба накарміць, апрануць… І гэта самае лёгкае, што можна арганізаваць для дзяцей, прайшоўшых праз сямейны недабрабыт. Значна цяжэй дабіцца таго, каб адтаялі іх юныя душы, і ў сэрцы не нарадзілася жаданне стаць на тую ж зыбкую сцежку, па якой пайшлі родныя бацькі.

Вольга стараецца не проста шкадаваць давераных ёй дзяўчынак і хлопчыкаў, а шчодра дзеліцца з імі уласным жыццёвым вопытам і ў кірунку самаабслугоўвання ў быце, і ў сэнсе ўмення наладжваць стасункі з акружэннем. Цяжкасцей хапае. Кожнае дзіця патрабуе ўвагі, індывідуальнага падыходу, рознай ступені эмацыянальнасці ў адносінах. Але сапраўдны энерджайзер Вольга спраўляецца. Яна ў любы момант гатова паставіць сябе на месца сваіх сыноў і дачок. Гэты прыём дапамагае наладзіць кантакт, спрыяе ўзаемаразуменню. Прыёмная маці ніколі не адмаўляецца ад дапамогі, наадварот, шчыра ўдзячна дзяржаўным установам, што падтрымліваюць яе  ў жаданні стварыць для прыёмнай сям’і добрыя ўмовы, аказаваюць кансультацыі падчас вырашэння розных пытанняў.

Вольга Аляксандраўна ўпэўнена: людзям, якія могуць сабе гэта дазволіць, не трэба баяцца прыёмнага бацькоўства, бо дзеці абавязкова зробяць іх жыццё больш напоўненым і асэнсаваным. Патрэбна толькі рашыцца адкрыць сваё сэрца для любові.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара