Нашчадкі павінны памятаць

76 лет Великой Победе! Общество

Напярэдадні Дня Перамогі ў чытальнай зале Валожынскай дзіцячай бібліятэкі было арганізавана мерапрыемства “Вайна – боль і памяць народа”, на якое завіталі вучні 4 “Б” класа сярэдняй школы № 1 г. Валожына.

Нягледзячы на тое, што з пераможнага мая 1945 года праляцелі 76 гадоў, мы і сёння ўслаўляем гераічны подзвіг нашых салдат, ушаноўваем памяць тых, хто не пашкадаваў сваё жыццё дзеля нас, і перадаём яе ў спадчыну новым пакаленням.

Падчас літаратурна-музычнай кампазіцы, прысвечанай слаўным падзеям, супрацоўнікі бібліятэкі расказалі школьнікам пра тое, як пачалася Вялікая Айчынная вайна, пра Дзень Перамогі. Хлопчыкі і дзяўчынкі з цікавасцю слухалі, задавалі пытанні. Асабліва іх уразілі гісторыі пра юных герояў, на долю якіх выпала мноства выпрабаванняў у час ваеннага ліхалецця. Ніхто з дзяцей на застаўся раўнадушным да трагічнага лёсу вёсак Валожынскага раёна, якія былі спалены падобна Хатыні. Гэтым падзеям была прысвечана асобная старонка мерапрыемства.

На сустрэчу з рабятамі завітаў член народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь”, паэт Аляксандр Кулак, які  шчыра і пранікнёна прачытаў свае вершы. Рабяты таксама падрыхтавалі і прадэкламавалі творы, прысвечаныя тэме вайны і Перамогі над фашызмам. На працягу дзеі гучалі песні “Дзень Перамогі”, “Свяшчэнная вайна”, “Цёмная ноч” і інш.

Хлопчыкаў і дзяўчынак вельмі зацікавілі выданні ваеннай тэматыкі, прадстаўленыя на кніжна-ілюстрацыйных выставах “Вайна на старонках” і “Няхай памятаюць жывыя, няхай ведаюць нашчадкі”, а таксама выстава малюнкаў “Як добра на свеце без вайны” вучняў 2 “А” класа сярэдняй школы № 1 райцэнтра.

Анжэла РАДЫНА