Паклонімся вялікім тым гадам

76 лет Великой Победе! Без рубрики Кругозор Общество

Шыкоўным святам сустрэлі Дзень Перамогі ў аддзяленнях для інвалідаў і людзей пажылога ўзросту ТЦСАН. Увасобіць у жыццё задуму Таццяны Акушка дапамаглі прадстаўнікі воінскай часці. Вынік  парадаваў усіх, хто напярэдадні  9 Мая завітаў у двор сацыяльнай  установы.

На жаль, з-за вельмі паважаных лічбаў у пашпарце на мерапрыемства не змог прыбыць ніводзін з шасці ўдзельнікаў вайны, што пражываюць сёння на тэрыторыі Валожыншчыны. Аднак амаль у кожнага з арганізатараў і гледачоў сярод сваякоў былі мужныя людзі, якія ў час Вялікай Айчыннай абаранялі Радзіму. Многія з іх загінулі ў гады вайны, іншыя пайшлі з жыцця пазней. Таму менавіта з хвіліны маўчання было вырашана пачаць сустрэчу.

Спецыяліста цэнтра Дар’ю Жук у гэты дзень літаральна немагчыма было пазнаць. Юная прыгажуня ўпершыню апранула ваенную форму. Адзенне вядучай, хоць і стылізаванае, адразу дапамагло стварыць належны  настрой. Прысутныя з задавальненнем паглыбіліся ў баявое мінулае сваіх продкаў, узгадалі герояў беларускай зямлі. Дырэктар ТЦСАН Галіна Рай ад усяго сэрца павіншавала сваіх падначаленых і іх выхаванцаў, пажадала кожнаму з добрым настроем адзначыць пераможны дзень і ніколі не забываць пра тых, хто ў свой час падарыў сучаснаму пакаленню мірнае неба.

Прадстаўнік воінскай часці – намеснік камандзіра батальёна па ідэалагічнай рабоце Станіслаў Вайтовіч зрабіў кароткі экскурс у гісторыю беларускай арміі, а салдаты тэрміновай службы Аляксандр Тарлюкевіч, Ігар Цімашэнка і Павел Зыкаў падарылі шыкоўныя канцэртныя нумары, як, дарэчы, і Уладзіслаў Рэут. Песня “Паклонімся вялікім тым гадам” у яго выкананні выклікала слёзы на вачах і ў пажылых людзей, і ў моладзі.

Сярод сюрпрызных момантаў былі і сувеніры, вырабленыя наведвальнікамі аддзялення для людзей з інваліднасцю, і тэматычныя стэнды, што падрыхтавалі супрацоўнікі цэнтра, увасобіўшы ў жыццё ідэю Ірыны Кавяза аб сувязі пакаленняў. Вайскоўцы ж парадавалі юнакоў магчымасцю патрымаць у руках зброю. Некаторым нават удалося самастойна сабраць і разабраць аўтамат. Завяршылася свята амаль сапраўдным салдацкім прывалам, падчас якога можна было пачаставацца армейскай кашай. Са словамі падзякі  да людзей у форме звярнулася старшыня раённага савета ветэранаў Таццяна Ціганіна  і ад імя прысутных жанчын падарыла сучасным абаронцам свае фірменныя “бабуліны пірагі”.

 

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара