ІНІЦЫЯТЫВУ ПАДТРЫМЛІВАЕ ДЗЯРЖАВА

Общество

На парадак дня чарговага пасяджэння райвыканкама былі вынесены два пытанні: рэалізацыя ў раёне Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 4 “Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымулявання дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь” і арганізацыя вучэбна-выхаваўчага працэсу, музычнага і эстэтычнага развіцця дзяцей у музычных школах і школах мастацтваў.

Гэтыя тэмы былі разгледжаны нездарма. Напрыклад, ад таго, як развіваецца сёння прыватны бізнэс, залежыць фарміраванне здаровага канкурэнтнага асяроддзя, рост вытворчасці спажывецкіх тавараў, развіццё сферы паслуг, з’яўленне новых рабочых месцаў… Менавіта таму раён зрабіў стаўку на стварэнне спрыяльных умоў для развіцця прадпрымальніцтва: гэта адзін са стратэгічных фактараў сацыяльна-эканамічнага развіцця Валожыншчыны на будучыя 4 гады.

Як адзначыў у сваім дакладзе намеснік старшыні райвыканкама А. В. Бразоўскі, сёння ў раёне дзейнічаюць 173 арганізацыі малога бізнэсу, 360 індывідуальных прадпрымальнікаў і 15 рамеснікаў. З агульнай колькасці дзеючых прадпрымальнікаў 151 ажыццяўляе рознічны гандаль, 22 займаюцца вытворчасцю, 47 аказваюць транспартныя, 41 – будаўнічыя паслугі, 15 займаюцца тэхнічным абслугоўваннем і рамонтам аўтамабіляў. 28 юрыдычных асоб заняты ў сельскай гаспадарцы, 37 – у вытворчасці, 17 – у будаўніцтве, 82 – у галіне аптовага і рознічнага гандлю і 21 арганізацыя аказвае розныя паслугі. Акрамя таго, на тэрыторыі раёна дзейнічаюць 8 аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу, вядзецца падрыхтоўка дакументацыі на будаўніцтва яшчэ двух. Значна вырасла і колькасць аграсядзіб: калі ў 2007 годзе іх было толькі 3, то сёлета – ужо 28.

Немалаважнае значэнне для фінансавага дабрабыту Валожыншчыны маюць і прамыя замежныя інвестыцыі ў асноўны капітал. Па выніках работы за 7 месяцаў 2011 года па раёне яны склалі 3,463 мільёна долараў ЗША. Сёння рэалізуюцца два буйныя інвестыцыйныя праекты з прыцягненнем замежных інвестыцый: будаўніцтва транспартна-лагістычнага цэнтра СТАА “БелВінгесЛагістык” у Ракаве (плануемы аб’ём інвестыцый на чыстай аснове на 2011 год – 2,6 мільёна долараў ЗША) і будаўніцтва вытворчай базы па перапрацоўцы нафтапрадуктаў і інжынерных камунікацый да яе каля Багданава, якім займаецца ТАА “Нафтатрэйдэкспарт” (запланаваны інвестыцыйны бюджэт сёлета – 1,3 мільёна долараў ЗША).

Спыніўся дакладчык і на пытаннях стымулявання прадпрымальніцкай актыўнасці, дапамогі ў станаўленні прыватнага бізнэсу. Вялікую работу тут праводзяць упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне сумесна з аддзелам эканомікі райвыканкама. Да прыкладу, сёлета запланавана выдаць 5 беспрацоўным субсідыі для садзейнічання прадпрымальніцкай дзейнасці, 2 чалавекі іх ужо атрымалі. Акрамя таго, аддзел занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне арганізуе выдзяленне беспрацэнтнай пазыкі для стварэння новых рабочых месцаў для прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнэсу. Таксама беспрацоўныя грамадзяне маюць магчымасць за кошт сродкаў фонду сацыяльнай абароны насельніцтва прайсці навучанне ў Рэспубліканскім інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў па спецыяльнасці “прадпрымальнік”. Увогуле, для тых, у каго ёсць свая справа або хто збіраецца распачаць яе, прадугледжана вялікая колькасць усемагчымых ільгот і мер падтрымкі. Узамен жа патрабуецца не так і шмат – арганізаванасць ды сумленнасць.

Не менш важным аказалася і абмеркаванне пытання арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу ў дзіцячых музычных школах і школах мастацтваў раёна. Пра стан спраў у данай сферы далажыў прысутным начальнік аддзела культуры райвыканкама В. М. Адамовіч. Як сведчылася ў дакладзе, дадатковую мастацкую адукацыю ў бягучым годзе атрымліваюць 704 навучэнцы 4 музычных школ і 2 школ мастацтваў. Музычная адукацыя па класах баяна і акардэона, фартэпіяна, скрыпкі, гітары, цымбалаў, медных і драўляных духавых інструментаў дапаўняецца ўрокамі выяўленчага мастацтва, на якіх дзеці атрымліваюць навыкі жывапісу, малюнка, скульптуры, графікі, а таксама займаюцца саломапляценнем, выцінанкай, работай з глінай і скурай, фларыстыкай, вучацца вырабляць мяккія цацкі і прафесіянальна танцаваць. У дадзенай сферы дасягнуты значныя поспехі, пацверджаныя 15 дыпломамі за першыя-другія месцы на конкурсах, алімпіядах, творчых мерапрыемствах раённага, абласнога і нават міжнароднага ўзроўняў. Высокія творчыя паказчыкі дзіцячых музычных школ і школ мастацтваў пацвердзіла і запрошаная на пасяджэнне райвыканкама намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінскага абласнога выканаўчага камітэта С. А. Баранок. У пэўнай меры такім вынікам паспрыялі і кадравыя рашэнні валожынскага аддзела культуры: за тры гады кіраўніцкі састаў пазашкольных устаноў быў зменены на 100 працэнтаў, сёння іх узначальваюць дырэктары з вышэйшай адукацыяй і сярэднім узростам у 32 гады – ініцыятыўныя, творчыя, поўныя новых задум і планаў.

Разам з тым нельга не закрануць тых праблем, якія сёння выклікаюць непакой. І найпершая з іх – аснашчэнне музычнымі інструментамі (пераважная большасць якіх маюць стопрацэнтную зношанасць), мэбляй, тэхнічным інвентаром. Неабходна таксама папаўняць бібліятэкі школ новымі выданнямі, для паляпшэння якасці выкладання музычных дысцыплін час вымагае аснасціць класы камп’ютарамі, інтэрактыўнымі дошкамі, сучаснай гукаўзмацняльнай і відэаапаратурай. Дарэчы, як адзначыў дакладчык, гэта работа ўжо пачата і будзе працягвацца. Акрамя таго, трэба наладжваць больш адкрытых урокаў, майстар-класаў, творчых лабараторый, скаардынаваць сістэмную работу ўнутрышкольных і раённых метадычных аб’яднанняў. Гэтай мэце паслужаць пленэр маладых мастакоў-пейзажыстаў, прысвечаны нашаму земляку Фердынанду Рушчыцу, фестываль фартэпіяннай музыкі ў гонар беларускага кампазітара і таксама нашага земляка-ракаўчаніна Міхаіла Грушвіцкага, і раённы фестываль харавога мастацтва “Звонкія галасы”.

Сяргей САДОЎСКІ.

 



Добавить комментарий