Ушанавалі ветэранаў

76 лет Великой Победе! Важное Общество

Напярэдадні вялікага свята – Дня Перамогі – ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Аляксандр Аляксандравіч Ярмак, Генадзій Якаўлевіч Канцавы, Мікалай Рыгоравіч Гарнастай, Уладзімір Антонавіч Шаблыка і Васілій Рыгоравіч Пасека прымалі віншаванні.

Да іх прама на месца жыхарства, у вёскі Сазонаўшчына, Новы Двор, Сакаўшчына, на вуліцы Кастрычніцкую і Леніна райцэнтра, завіталі прадстаўнікі райвыканкама, раённых арганізацый ГА “Беларускі саюз жанчын”, ГА “БРСМ” і Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, раённага аддзела ўнутраных спраў, ваеннаслужачыя воінскай часці 30695, а таксама ўзорны духавы аркестр Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мікалаевіча Грука.

 

Мікалай Рыгоравіч ГАРНАСТАЙ.

Генадзій Якаўлевіч КАНЦАВЫ.

Шчыра падзякавалі паважаным людзям і ўручылі ім падарункі старшыня райвыканкама Яўгеній Міхайлавіч Круковіч і яго намеснік Ігар Уладзіміравіч Шакун, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” і дырэктар раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Галіна Фадзееўна Рай, намеснік начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Аляксандр Вітальевіч Акушка. Сардэчныя, цёплыя пажаданні выказалі ў іх адрас старшыня раённага савета ветэранаў Таццяна Фёдараўна Ціганіна, ваеннаслужачыя воінскай часці 30695, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Уладзімір Паўлавіч Ціханоўскі разам з актывістамі маладзёжнай арганізацыі.

 

Уладзімір Антонавіч ШАБЛЫКА.

Аляксандр Аляксандравіч ЯРМАК.

Незабыўнае ўраджанне пакінула ў ветэранаў выступленне ўзорнага духавога аркестра дзіцячай школы мастацтваў. Расчуленыя, са слязамі на вачах яны слухалі “Дзень перамогі”, “Майскі вальс”, “Развітанне славянкі”. Некалі выдатны танцор Мікалай Рыгоравіч Гарнастай не стрымаўся, запрасіў на вальс Галіну Фадзееўну Рай і з задавальненнем пакружыўся з ёй пад музыку. Генадзій Якаўлевіч Канцавы ўспомніў гады ваеннага ліхалецця і расказаў моладзі пра сваю творчасць, паказаў выдадзеныя кнігі. Прысутныя з цікавасцю слухалі кожнага з шаноўных людзей.

Упершыню мерапрыемства адбылося ў падобным фармаце. Аляксандр Аляксандравіч, Генадзій Якаўлевіч, Мікалай Рыгоравіч, Уладзімір Антонавіч былі ўдзячны за ўвагу і падоранае ім прыгожае свята.

Хочацца яшчэ раз падзякаваць людзям, якія адстаялі нашу краіну ад фашысцкай навалы, за мірнае неба над галавой і пажадаць здароўя, пабольш радасных, шчаслівых дзён, даўгалецця, павагі і пашаны.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара