ЧАС ЗБІРАЦЬ КАМЯНІ…

Культура

Той нядзельны дзень стаў досыць урачыстым і знакавым для праваслаўных вернікаў гарадскога пасёлка Івянец: ён азнаменаваўся асвячэннем нядаўна ўзведзенай на тэрыторыі мясцовай царквы каплічкі ў імя Адзінай і Нераздзельнай Тройцы.

Каплічка пабудавана на гістарычных прыступках былога Івянецкага жаночага манастыра, заснаванага свяшчэннамучанікам архіепіскапам Мітрафанам (Краснапольскім) у 1913 годзе. Фундатар, які ахвяраваў сродкі на будаўніцтва святыні, пажадаў застацца невядомым, а вось самі работы вяліся і айцом настаяцелем Свята-Еўфрасіннеўскай царквы Віктарам Перагудавым, і прыхаджанамі.  Наколькі велічнай для праваслаўных вернікаў стала гэта падзея, сведчыць той факт, што святочнае набажэнства ў храме правёў Уладыка Веніямін, епіскап Барысаўскі, вікарый Мінскі. У сваім малітоўным слове да прыхаджан ён адзначыў, што гэта вялікая духоўная радасць, калі мы маем магчымасць звярнуцца да сваёй гісторыі. “Ёсць добрая і разам з тым маркотная прыказка: час раскідваць камяні, час і збіраць…” І сапраўды, быў такі час, калі раскідвалі не толькі камяні, але і храмы: разбуралі купалы, кідалі іх на зямлю. Зараз аднаўляюцца храмы – па аднаму каменьчыку складваюцца будынкі веры нашага народа, якая прайшла многія выпрабаванні. Але, дзякуй Богу, што гэты час прайшоў, і мы маем магчымасць збіраць камяні ў прамым і пераносным сэнсе: будаваць храмы, адраджаць духоўнае жыццё на роднай беларускай зямлі”, – сказаў епіскап Веніямін.

Сімвалічным стала і тое, што асвячэнне каплічкі адбывалася напярэдадні 850-годдзя з таго часу, калі вельмі шануемая ўсімі беларусамі прападобная Еўфрасіння Полацкая, у гонар якой і асвечана івянецкая царква, стварыла свой крыж.

Варта адзначыць, што досыць значным і памятным стала мерапрыемства і для самога настаяцеля Свята-Еўфрасіннеўскай царквы протаіерэя Віктара Перагудава: у гэты дзень за добрую працу і прыкладнае служэнне на карысць маці-царквы ён удастоіўся высокай царкоўнай узнагароды за подпісам Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта – правам нашэння паліцы, якая прыкладаецца да адзення свяшчэннаслужыцеля. Граматы ад Уладыкі Філарэта атрымалі і самыя актыўныя прыхаджане.

Алена ЗАЛЕСКАЯ.

Фота Ігара ЛЯВІНСКАГА.

 

 



Добавить комментарий