Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

Год народнага адзінства напярэдадні 9 мая быў азнаменаваны значнай падзеяй у жыцці галіновага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, у прыватнасці, нашай раённай арганізацыі. Упершыню быў праведзены Адзіны абласны прафсаюзны дыктант.

Прафсаюзныя актывісты самага рознага ўзросту з душой падышлі да акцыі “Быць годнымі Вялікай Перамогі” і напісання дыктанта. Былі аформлены тэматычныя фотазоны, выставы, прайшлі сустрэчы з ветэранамі педагагічнай працы – нашчадкамі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, выкарыстоўваліся гістарычныя матэрыялы школьных музеяў і музейных пакояў. Усяго ў напісанні дыктоўкі прынялі ўдзел 1022 вучні і 136 членаў прафсаюза.

Самай масавай стала пярвічная прафсаюзная арганізацыя сярэдняй школы № 1 райцэнтра. Сярод 271 удзельніка былі вучні, педагогі, ветэраны, члены раённага Маладзёжнага савета, старшыня райкама прафсаюза М. М. Камінская. Маладыя педагогі Яна Ярота і Анастасія Карачун аформілі тэматычную фотазону. Са словамі віншавання да вучняў 11 “А” класа звярнулася ветэран працы, дачка ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, былога разведчыка М. Ф. Шакуна Ніна Мікалаеўна Хількевіч. У Дорскім ВПК дыктант адбыўся ў музейным пакоі, прысвечаным роднай вёсцы, якая паўтарыла лёс Хатыні. Тэкст чытала малады спецыяліст, член раённага Маладзёжнага савета Айна Султанава.

У мінулым месяцы рашэннем райвыканкама сямейны капітал быў прызначаны чатыром сем’ям, дзе нарадзілася па трэцім дзіцяці.

Гэта сем’і Ірыны Віктараўны Ваўчок з Івянца, Ксеніі Андрэеўны Унукоўскай з Валожына, Алены Дзмітрыеўны Трацяк з вёскі Паморшчына Ракаўскага сельсавета і Кацярыны Ігараўны Забродскай з вёскі Пяршаі. У маі мнагадзетнымі маці пасля нараджэння трэцяга дзіцяці сталі Аліна Ігараўна Мойса з Ракава і Вольга Генадзьеўна Каваленка з Валожына. Ім таксама прызначаны сямейны капітал.

Працягваецца адкрыты раённы конкурс мастацкага чытання вершаў “Беларусь – ты ў сэрцы маім”, прысвечаны Году народнага адзінства і 80-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Ён праходзіць у два этапы – завочны і вочны. Відэаролікі можна дасылаць у РЦК да 20 чэрвеня.

Будуць адабраны па тры лепшыя ў кожнай узроставай катэгорыі. Вочны тур адбудзецца напярэдадні Дня Незалежнасці рэспублікі. Менавіта тады будуць падведзены вынікі і ўзнагароджаны лепшыя дэкламатары.

Усё большую папулярнасць набывае такі від страхавання, як добраахвотнае страхаванне ад небяспечных захворванняў. У прыватнасці, страхаванне рызыкі ад COVID. Ад гэтай хваробы сваіх работнікаў калектыўна страхуюць нават некаторыя працоўныя калектывы.

У прадстаўніцтве Белдзяржстраху па Валожынскім раёне за 2020 год і тры месяцы бягучага выплачаны 54550 рублёў страхавой кампенсацыі.

На працягу двух дзён валанцёры раённага таварыства інвалідаў – мнагадзетная маці Вераніка Гомаль з Івянца і жыхарка гарпасёлка Улада Марковіч – у рамках дабрачыннай акцыі па зборы прадуктаў харчавання выстаялі вахту ў сталічным гандлёвым цэнтры “Віталюр”.

Сабраныя прадуктовыя наборы і ласункі былі перададзены воінам-афганцам напярэдадні Дня Перамогі, а таксама членам арганізацыі, якія маюць у гэтым патрэбу.

10 вулічных трэнажораў устаноўлены на пляцоўцы ў дзіцячым санаторыі “Налібоцкая пушча”.

Трэнажоры разлічаны на розныя групы мышцаў. Падлеткі з задавальненнем займаюцца фізічнымі практыкаваннямі на свежым паветры. Навінка разнастаіць адпачынак дзяцей з чарнобыльскіх рэгіёнаў, якія праходзяць тут аздараўленне.

29 красавіка ў Валожыне адбыліся фінальныя спаборніцтвы па настольным тэнісе ў рамках абласной спартакіяды сярод дзяцей і юнацтва, якія займаюцца ў групах і секцыях фізкультурна-аздараўленчай накіраванасці па месцы жыхарства. Спаборніцтвы праходзілі сярод хлопчыкаў і дзяўчынак 2007-2009 гадоў нараджэння.

Сярод дзяўчат прадстаўніцы нашага ФАЦ занялі чацвёртае месца, а перамогу святкавала каманда Уздзенскага раёна. Сярод хлопчыкаў каманда нашага раёна паказала лепшы вынік. Вось прозвішчы пераможцаў: Арцём Лобач, Станіслаў Язубец, Цімафей і Філіп Буйніцкія. Усе яны – вучні Ракаўскай СШ. Прадстаўляў каманду трэнер Дзмітрый Пазнякоў.