СВЕДКІ ВАЙНЫ – МЕДАЛЬЁНЫ

Культура

Зялёныя ўзгоркі, дагледжаныя палі, над якімі лунаюць буслы, – мірныя краявіды сучаснай Валожыншчыны. Цяжка паверыць, што 70 гадоў таму тут літаральна гарэла зямля. Але ж тыя падзеі пакінулі пра сябе матэрыяльныя сведчанні.

22 чэрвеня 2011 года ў Валожынскім раёне праводзіў раскопкі 52-і асобны спецыялізаваны пошукавы батальён з п. Заслонава Лепельскага раёна Віцебскай вобласці. Пашукавікі працавалі ў Сакаўшчынскім сельсавеце. Недалёка ад вёскі Навасельцы ва ўрочышчы Улавіна былі знойдзены косткавыя астанкі чалавечага шкілета і салдацкі эбанітавы медальён са зламанай верхняй часткай. Па ходу працы высветлілася, што ў 1943 годзе тры чырвонаармейцы заначавалі на хутары Улавіна. Раніцай адзін з іх выйшаў з хаты на двор і быў расстраляны з нямецкага самалёта. Астанкі байца былі перазахаваны, а медальён наш раённы ваенны камісарыят перадаў у фонды краязнаўчага музея.

Супрацоўнікі музея ад-разу пачалі шукаць звесткі, што гэта за рэч такая і для чаго яна прызначалася. Высветлілася, што гэта смертны медальён, які выкарыстоўваўся для апазнання асобы ваеннаслужачых. Ён быў уведзены задоўга да пачатку Вялікай Айчыннай вайны загадам Рэвалюцыйнага Ваеннага Савета ад 14.08.1925 года. Гэта быў дакумент для засведчання асобы. Медальён выдаваўся ўсім залічаным на ваенную службу, незалежна ад роду войск. Першыя ўзоры медальёнаў былі зроблены як плоскія бляшаныя каробачкі памерамі 50х33х4 мм з тасьмой для нашэння на шыі. Унутр каробачкі ўкладаўся стандартны бланк для запаўнення данымі на яго ўладальніка: прозвішча, імя, імя па бацьку, год і месца нараджэння, месца прызыву і адрас бліжэйшага сваяка. Звычайна, указваліся жонка, маці ці бацька. Указваць найменне вайсковай часткі забаранялася.

У ходзе баявых дзеянняў стала відавочным, што бляшаны медальён быў негерметычны, а пергаментны ўкладыш скора прыходзіў у непрыгоднасць. У сувязі з гэтым загадам НКА ад 15.03.1941 года за № 138 было ўведзена “Положение о персональном учете потерь и погребении погибшего личного состава Красной Армии в военное время” і ў зварот увялі новыя медальёны ў выглядзе эбанітавага васьміграннага цыліндрычнага пенала, у які ўкладаўся бланк у двух экзэмплярах. Згодна з пунктам 28 Палажэння, адзін экзэмпляр укладыша забіраўся пахавальнай камандай і здаваўся ў штаб вайсковай часці. Другі – заставаўся ў медальёне пры загінуўшым. На падставе ўкладышаў, забраных з медальёнаў, вызначалі імёны загінуўшых, застаўшыхся на полі бою, і складаліся спіскі страт. Але на самай справе, ва ўмовах баявых дзеянняў, гэта патрабаванне не выконвалася, медальён забіраўся цалкам. Да таго ж часта салдатам выдавалі толькі адзін экзэмпляр укладыша з-за іх няхваткі.

З часоў зараджэння пошукавага руху пашукавікі задаваліся пытаннем: чаму так мала забітых маюць пры сабе смертныя медальёны? Не ўсе гэта ведаюць і ў наш час. Па прычыне недаступнасці інфармацыі аб падзеях тых часоў нарадзілася версія, якая жыве і сёння. Нібы сярод салдат існавала татальнае забабонства: носіш пры сабе смертны медальён, значыцца, будзеш забіты. Таму многія салдаты гэтыя “смертнікі” проста выкідалі ці не запаўнялі бланкі-ўкладышы.

На самай справе, у цяжкіх франтавых умовах практычныя салдаты знаходзілі прымяненне капсулам медальёнаў у іншых мэтах. Напрыклад, калі спілаваць донца капсулы і выстругаць з дрэва ўстаўку з тонкай дзірачкай, то атрымаецца муштук, і будзе магчымым выкурваць каштоўны тытунь без астатку. А сам укладыш, у крайніх выпадках, мог спатрэбіцца для самакруткі. А яшчэ ў капсуле, калі яна цэлая, зручна захоўваць швейныя і патэфонныя іголкі, ніткі і іншыя дробныя бытавыя прадметы, у тым ліку, парой, і жыццёва неабходныя. Вядомы выпадкі, калі ў капсулах медальёнаў знаходзілі нават рыбалоўныя кручкі.

Хутчэй за ўсё, далёка не ўсе салдаты мелі смертныя медальёны, таму што іх больш-менш рэгулярна выдавалі няпоўны 1942 год. А вайна, як вядома, доўжылася чатыры гады. Вось гэта і ёсць адна з галоўных прычын адсутнасці медальёнаў у загінуўшых. А салдаты, насуперак забабонству, імкнуліся да таго, каб іх родныя і блізкія былі апавешчаны аб іх лёсе. Аб гэтым пераканаўча сведчаць многія факты. Напрыклад, калі ў салдата не было капсулы, у яе якасці выкарыстоўвалася гільза патрона, а з-за адсутнасці стандартнага бланка байцы свае даныя запісвалі на любым кавалачку паперы.

7 кастрычніка 1941 года загадам НКА СССР была ўведзена чырвонаармейская кніжка як асноўны дакумент, які засведчваў асобу ваеннаслужачага радавога ці малодшага каманднага саставу. Выдача чырвонаармейскай кніжкі замест ваеннага білета ці прыпіснога пасведчання выконвалася той вайсковай часцю, у якую чырвонаармеец прыбыў з райваенкамата. Адпраўка на фронт чырвонаармейцаў і малодшых камандзіраў без чырвонаармейскай кніжкі катэгарычна забаранялася. Афіцэрскаму саставу ў якасці асабістых дакументаў выдавалася засведчанне асобы.

У забітых і памёршых ад ран чырвонаармейскія кніжкі забіраліся і перадаваліся ў штаб часці ці шпітальную ўстанову, дзе на іх падставе і складаліся спіскі незваротных страт асабістага складу.

Кожнае пакаленне людзей ацэньваецца ў гісторыі па тым, як яно ставіцца да сваіх продкаў, ушаноўвае іх памяць. Чалавечае жыццё не бясконцае, прадоўжыць яго можа толькі памяць, якая перамагае час. Мы памятаем мінулае. Мы ставім помнікі загінуўшым. І няхай гэтыя помнікі не з чыстага золата, але тут прысутнічае золата іншай пробы, самай высокай – золата людской удзячнасці!

Галіна СЕНЧАНКА,

навуковы супрацоўнік раённага музея.

 



Добавить комментарий