Партыю зуброў з Белавежскай пушчы адправілі ў Кастрамскую вобласць

Кругозор

Нацыянальны парк «Белавежская пушча» адправіў у Кастрамскую вобласць Расіі партыю зуброў. Такая інфармацыя апублікавана на афіцыйным сайце нацпарка, паведамляе БЕЛТА.

Паводле вынікаў апошняга ўліку, папуляцыя зубра еўрапейскага ў Белавежскай пушчы налічвае 675 асобін. «Зубр у Беларусі занесены ў Чырвоную кнігу і знаходзіцца пад строгай аховай. Аднак фактычная для нацыянальнага парку колькасць значна большая за аптымальную. Гэта дае магчымасць рэалізоўваць дзікіх жывёл суб’ектам гаспадарання на тэрыторыі краіны і за мяжой, якія хочуць займацца ўтрыманнем і развядзеннем зубра ў паўвольных умовах і маюць для гэтага неабходныя магчымасці», — расказалі ў аддзеле аховы жывёльнага свету і паляўнічай гаспадаркі нацыянальнага парку.

Белавежская пушча атрымала ў Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя дазвол на адлоў і вываз зуброў і па дамоўленасці з ТАА «Віёла» з Кастрамской вобласці адправіла партыю жывёл у Расію.

«Працэс адлову, утрымання на каранціне, падрыхтоўкі ветэрынарных і іншых неабходных дакументаў — працаёмкі. Але вынік праведзенай работы важны як для нацыянальнага парку (рэгуляванне колькасці, дадатковы даход), так і для пакупніка. Размова ідзе аб стварэнні мікрапапуляцыі зуброў, дэманстрацыі жывёл турыстам, папаўненні фаўны Кастрамской вобласці», — дадалі прадстаўнікі Белавежскай пушчы.