З ПАРАДКУ Ў ІХ ДВАРЫ ДОБРЫ ПРЫКЛАД БЯРЫ

Общество

Гэтыя людзі, вядома ж, не працуюць дзеля таго, каб перамагчы ў розных конкурсах па добраўпарадкаванню. Дагледжаны стан уласных сядзіб – люстэрка іх руплівага характару.

У іх святлее на душы, калі штодзень усё ля дома прыбрана як след. Яны рупяцца, каб з ранняй вясны да першых маразоў красавалі кветкі ў палісадніку, каб свежым бляскам светлай фарбы вабіла шаляванка, каб траўка на двары была своечасова падкошана, каб сцежкі-ходнічкі выглядалі чыста. Гаспадары ўзорных сядзіб лічаць, што раз яны ўжо на пенсіі, то грэх не патраціць багата часу на добраўпарадкаванне! Працуюць перш-наперш для саміх сябе. Але міжволі становіцца на душы прыемна, калі іх старанне заўважаць і добрым словам пахваляць. А тым больш, калі гэта робіцца на раённым узроўні! Такая ўвага прыемна мнагакратна.

3 кастрычніка райвыканкам прыняў рашэнне аб выніках правядзення раённага агляду-конкурсу “Лепшы ветэранскі падворак”. Для заахвочвання пераможцаў устаноўлены прэміі агульным аб’ёмам 525 тысяч рублёў.

Распачынаюць спіс лепшых гаспадароў ветэранскіх падворкаў  Уладзімір Адольфавіч і Ірэна Вячаславаўна Язерскія, якія жывуць у Вішневе па вуліцы Кастрычніцкай. Ім будзе выплачана прэмія ў 245 тысяч рублёў.

Вёска Зарэчная, што ў Багданаўскім сельсавеце, таксама ўмацавала свой імідж, дзякуючы многім узорным сядзібам. А вось права стаць адным з лепшых у раёне ў гэтым населеным пункце заслужыў толькі адзін падворак. На ім гаспадараць Антон Іосіфавіч і Альфрэда Антонаўна Кавалеўскія.

Трэцяе прызавое месца ў раённым конкурсе заняў Міхаіл Сцяпанавіч Шарко з вёскі Бабровічы Валожынскага сельсавета.

У бліжэйшых нумарах раённай газеты адзін са сваіх рэпартажаў мы і прысвяцім пераможцам. Добры вопыт трэба пашыраць і памнажаць!

Ірына ПАШКЕВІЧ.

3 кастрычніка райвыканкам прыняў рашэнне аб выніках правядзення раённага агляду-конкурсу “Лепшы ветэранскі падворак”.

 



Добавить комментарий