Вакцынай па каранавірусе. ЗА і СУПРАЦЬ

COVID-19 Важное

Медыцынская сястра працэдурнага кабінета Алена Мікалаеўна ЖУРКЕВІЧ перад ін’екцыяй тлумачыць наведвальнікам свае дзеянні, дае рэкамендацыі. Нядаўна зрабіў першую ін’екцыю прышчэпкі рэдактар нашай газеты Сяргей Браніслававіч САДОЎСКІ. Я нават сфатаграфавала момант, калі яму калолі вакцыну. У Сяргея Браніслававіча вялікая сям’я, у якой ёсць і пажылыя людзі. На працэдуру малады мужчына пайшоў у першую чаргу дзеля іх бяспекі. Да таго ж яшчэ зімой ён сустрэўся з гэтым непрыемным захворваннем, таму вырашыў рабіць усё магчымае, каб больш не атрымліваць “падарункі” каранавіруса. Сёння мы з начальнікам дамовіліся шчыра расказаць вам пра тое, як ён, а пасля і я перажывём вакцынацыю. Сяргей Браніслававіч перанёс працэдуру лёгка. Ніякіх нязвыклых адчуванняў не наглядалася ў яго і ў наступныя дні. Сачыце за нашымі публікацыямі.

Каранавірус – не першы вораг чалавецтва, зброяй супраць якога павінна стаць масавая вакцынацыя. Сотням мільёнаў людзей ва ўсім свеце пашчасціла застацца ў жывых дзякуючы вынаходніцтву ўправы на нябачных забойцаў, што настойліва тэрарызуюць насельніцтва планеты. Так, прышчэпкі супраць інфекцыйных захворванняў сапраўды змянілі свет, падарыўшы людзям надзею на больш працяглае жыццё. Канешне, гэта стала магчымым толькі для тых, хто мае доступ да медыцынскай дапамогі. На шчасце, сёння ў нашай краіне вакцынацыя даступная кожнаму. Дык чаму ж мы, такія цывілізаваныя, сутыкнуўшыся з каварным СОVID-19 (а ён працягвае настойліва прарэджваць нашы рады), упарта баімся доўгачаканага сродку супраць яго?

Між іншым, правобразы вакцын з’явіліся яшчэ ў старажытнасці, калі людзі не   ведалі ні пра бактэрыі, ні пра вірусы, а грунтавалі свае прафілактычныя мерапрыемствы на нагляданнях і высновах з іх. А тры стагоддзі таму англійскі ўрач Эдвард Джэнер стварыў першы прэпарат, што дазволіў перамагчы ў барацьбе з натуральнай воспай. Медык заўважыў: даяркі амаль не хварэюць на яе. Справа ў тым, што жанчыны падчас даення кароў заражаліся каровінай воспай, пераносілі яе ў лёгкай форме, таму да натуральнай станавіліся неўспрымальнымі. Джэнер – сапраўдны рэвалюцыянер ад навукі – стварыў сыроватку на аснове выдзяленняў з рук даярак і ўкалоў яе сыну сваіх знаёмых (гісторыя нават захавала яго імя –  Джэймс Фіпс), а праз нейкі час у дачыненні да таго ж хлопчыка прымяніў прэпарат на аснове натуральнай воспы. І малы не захварэў!

Так пачалася гісторыя прафілактычных прышчэпак. Дарэчы, само слова “вакцына” паходзіць ад лацінскага vaccinus, што значыць “каровы”. Думаю, ніхто з нас не дапускае, быццам  з таго моманту ўсе людзі адразу паверылі ў вакцынацыю, і праходзіла яна заўсёды гладка. На самай справе людзям характэрна баяцца нязведанага. Але ж давайце не забываць, што за трыста гадоў вучонымі распрацаваны спецыяльныя методыкі для таго, каб пацвердзіць бяспечнасць створаных імі вакцын. У першую чаргу гэта некалькі стадый праверак, уключаючы іспыты на жывёлах і добраахвотніках.

Як і ў сусветным грамадстве, так і сярод валожынцаў пакуль няма адзінай думкі адносна прышчэпкі супраць каранавіруса. Пры падрыхтоўцы гэтага матэрыялу я паспрабавала высветліць, на чым грунтуюцца  меркаванні тых, хто выступае супраць, і тых, хто абедзвума рукамі – за.

Цікава, што ніводзін з маіх знаёмых праціўнікаў вакцынацыі не пажадаў выказацца на старонках газеты. Таму пазнаёмлю чытачоў толькі з найбольш часта прыведзенымі аргументамі:

– не хачу быць падвопытнай мышшу, лічу патрэбным паназіраць за тымі, хто згадзіўся на прышчэпку, пачакаць пэўных вынікаў;

 – баюся, каб пасля прышчэпкі не захварэць;

– пачакаю, калі вакцын будзе мноства, і выберу тую, што будзе самай ацэненай у свеце;

– спадзяюся, што ў мяне пасля перанесенага захворвання маецца дастаковая колькасць антыцел.

Неабходна заўважыць, што суразмоўцы, і гэта напэўна павінна радаваць медыкаў, не выказаліся супраць у катэгарычнай форме. Кожны дапускае, што з цягам часу зробіць прышчэпку. Асцярожнасць – адна з галоўных рыс характару беларусаў. Таму словазлучэнне “хачу пачакаць” прагучала ад большасці тых, з кім абмяркоўвала гэта пытанне. А смелыя валожынцы, што рызыкнулі і ўжо пабывалі ў працэдурным кабінеце райпаліклінікі, з радасцю падзяліліся сваім вопытам.

Давайце прыслухаемся да землякоў, якіх можна назваць першапраходцамі.

Загадчык паліклінікі Аляксандр Аляксандравіч БУРАК:

 – Я – адзін з нямногіх, хто пасля прышчэпкі ўсё ж перахварэў. Наконт гэтага факту сярод жыхароў нашага горада нават распаўсюдзіліся чуткі. Толькі ніводную з іх нельга прызнаць праўдзівай. Перш-наперш хачу нагадаць: прышчэпка – не панацэя ад захворвання. Прышчэпка – магчымасць больш лёгка перанесці захворванне ці ў вогуле яго не заўважыць. У маім выпадку вакцынацыя дапамагла вельмі хутка справіцца з інфекцыяй. Людзям патрэбна разумець, што вакцынацыя – просты, бяспечны і эфектыўны спосаб падрыхтавацца да сустрэчы з узбуджальнікам. Яна задзейнічае ўласныя ахоўныя механізмы арганізма для фарміравання ўстойлівасці да інфекцыі і робіць нашу імунную сістэму больш моцнай. Як і само захворванне, вакцына трэніруе яе здольнасць выпрацоўваць спецыфічныя антыцелы. Да таго ж (неабходна гэта добра ўсвядоміць) вакцына ўтрымлівае толькі нежывыя ці аслабленыя формы ўзбуджальніка, а гэта ні ў якім разе не можа прывесці да захворвання ці стварыць рызыку звязаных з ім ускладненняў. Мы працуем з вакцынай “Спадарожнік V”, якая ўтрымлівае толькі часцінкі віруса.

Начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Таццяна Мікалаеўна КРЫКАЛА:

– Перахварэла каранавірусам яшчэ ў першую хвалю. Форму, напэўна, нельга назваць складанай. Я не трапіла ў стацыянар, цяжкіх сімптомаў не мела. Аднак, паверце, мне, мякка кажучы, не спадабалася. Таму, як толькі пачалі гаварыць пра тое, што вакцына ўжо з’явілася, адразу стала вывучаць матэрыялы, звязаныя з ёй, раілася з медыкамі. Хачу зазначыць: у Інтэрнэце шмат супярэчлівай інфармацыі. Таму кожны знойдзе тое, што імкнецца знайсці. Я паглыбілася ў гісторыю, пачытала артыкулы сур’ёзных вучоных. Гэта падтрымала мой намер. Разам з мужам мы прайшлі абодва этапы вакцынацыі. Ніякіх непрыемных праяў не адчулі. Працэдура не гарантуе 100-працэнтную ахову ад віруса, але я ўпэўнена: яна падрыхтуе мой арганізм да сустрэчы з ім. Шчыра раю ўсім, асабліва сваім калегам, смела ісці на вакцынацыю. Гэта неабходна рабіць і для сябе, і дзеля тых, хто побач.

Былы дырэктар гімназіі № 1 Тамара Іванаўна ІНФАРОВІЧ:

– Мае дзеці – урачы.  Калі на нашы прасторы прыйшоў каранавірус, яны адразу “пасадзілі” мяне на строгую самаізаляцыю. Я і сама, цудоўна разумеючы небяспеку, паводзіла і паводжу сябе адказна – людныя месцы не наведваю, карыстаюся  маскай, апрацоўваю рукі. Шчыра шкадую тых, хто хварэў, тым больш – у цяжкай форме. Вельмі перажывала, калі чула: некаторыя знаёмыя не здолелі перамагчы захворванне. Засынала і прачыналася з думкай: “Хутчэй бы ўжо пачалася вакцынацыя!” Пра тое, што вакцыну вынайшлі, даведалася ад сыноў. Яны і іх бліжэйшае акружэнне прышчэпкі зрабілі амаль адразу, як толькі гэта стала магчымым. Мне параілі трошкі пачакаць, каб упэўніцца: пераносіцца працэдура лёгка. Я шчыра ўдзячна свайму ўчастковаму тэрапеўту Ірыне Іосіфаўне Шота. Доктар цудоўна патлумачыла, што я павінна ведаць, да чаго быць гатовай. Усё прайшло добра. Пасля першай ін’екцыі мая звычайна паніжаная тэмпература нязначна павысілася, але не перасягнула 37 градусаў. Пасля другога этапу ўвогуле нічога асаблівага не заўважыла. Тое, што прыняла вакцыну, мяне не расхалоджвае. Буду, як і раней, асцерагацца. Спадзяюся, у хуткім часе людзі перастануць гуляць у гульню “за і супраць” і ўсвядомяць: прышчэпка – адзінае выйсце.

Дырэктар СШ № 2 г. Валожына Аляксандр Мікалаевіч УЛАНЧЫК:

– Сярод маіх калег шмат перахварэўшых. Многія перанеслі вірус з ускладненнямі. Я старанна выконваў усе неабходныя правілы і вельмі спадзяваўся на прышчэпку. Не разумею тых, хто супраць вакцынацыі. Каб у свой час не з’явіліся сыроваткі супраць мноства страшных захворванняў, пра якія мы зараз нават і не ўспамінаем, магчыма, род людскі даўно б вымер. А, між іншым, хтосьці на тыя прышчэпкі ішоў у першых радах. Людзі рызыкнулі і перамаглі. Чаго чакаем мы? Я і мая жонка свядома пайшлі на вакцынацыю. Перанеслі яе без праблем. У калектыве, які ўзначальваю, ідзе паступовы, але стабільны працэс прыняцця неабходнасці вакцынацыі. Некалькі чалавек прайшлі абодва этапы, некалькі – пакуль першы. Маюць намер зрабіць прышчэпку і тыя, хто нядаўна перахварэў, аднак пакуль стараюцца даць арганізму адпачыць. Час яшчэ ёсць.

Як паведамілі ў паліклініцы, грамадскасць Валожыншчыны ў адносінах да прышчэпак хоць і павольна, але актывізуецца. Сярод калектываў у лідарах па прыняцці прышчэпак – воінская часць і школы. Задаюць тон і самі медыцынскія работнікі.  Магчыма таму, што ведаюць значна больш, чым просты абывацель. Яны нагадваюць: імунная ахова ад каранавіруса пасля прышчэпкі  захоўваецца не менш за 9 месяцаў, а па выніках матэматычнага мадэліравання (на практыцы пакуль не праверана, таму што для гэтага патрэбен час) – да 2-х гадоў.

Карыстаючыся магчымасцю, я пацікавілася ў медыкаў, ці не пара рабіць прышчэпку і мне (з улікам таго, што хварэла ў студзені). Мне патлумачылі: анцтыцелы пасля захворвання могуць захоўвацца да 6-і месяцаў (іх можа і не быць). Таму перыяд праз 4-6 месяцаў – самы прыдатны для прышчэпкі. І, дарэчы, антыцел ад яе выпрацоўваецца непараўнальна больш, чым пасля таго, як асабіста пазнаёмішся з сапраўдным жывым вірусам.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара