Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Пяршайскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа Ядвіга Зыгмундаўна Калясінская правяла семінар-практыкум “Літаратурная спадчына Валожыншчыны як сродак патрыятычнага выхавання”. Яго ўдзельнікамі сталі вучні сярэдніх і старэйшых класаў.

Настаўніца на працягу некалькіх гадоў працавала над гэтай тэмай, назапасіла шмат цікавага матэрыялу, якім вырашыла падзяліцца са сваімі вучнямі. Дарэчы, і сама яна піша вершы, з-пад яе пяра выходзяць вельмі трапныя радкі. На сустрэчу са школьнікамі Ядвіга Зыгмундаўна запрасіла калег па пяры, членаў народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” – члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Марыю Шакун, Наталлю Жылевіч, члена Міжнароднай асацыяцыі рускамоўных пісьменнікаў, члена Саюза пісьменнікаў Паўночнай Амерыкі Наталію Жызнеўскую, Галіну Гражынскую, Наталлю Сельвясюк, Галіну Філяноўскую. Госці чыталі ўласныя вершы, разважалі пра патрыятызм, пра людзей, што пакінулі адметны след у літаратурнай спадчыне нашага краю.

Работнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва разам з выхаванцамі працягваюць добраўпарадкаванне тэрыторыі ля свайго будынка на вуліцы Набярэжнай.

Мясцовы лясгас аказаў ім дапамогу і перадаў з гадавальніка некалькі шарападобных туй, паркавых ружаў, кустоў фарзіцыі. Плануюць упрыгожыць тэрыторыю ружамі. Знайшлося месца не толькі для кветак. Ужо пасадзілі для сваіх патрэб бульбу. Таксама будзе прымяненне лекавым травам – чабару, мяце, мелісе і лавандзе.

Фізкультурна-аздараўленчы цэнтр Валожынскага раёна працягвае паляпшаць матэрыяльна-тэхнічную базу. Не так даўно за ўласныя сродкі набылі бегавую дарожку коштам 3500 рублёў.

Новая дарожка ўстаноўлена ў трэнажорнай зале на другім паверсе. Дзве ранейшыя зараз знаходзяцца ў рамонце.

Тэма Вялікай Айчыннай вайны працягвае гучаць у нашых сэрцах. У кожнага свая памяць пра вайну, і выказваюць яе людзі па-рознаму.

Член народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь”, дырэктар Пугачоўскага СДК Наталія Жызнеўская якраз напярэдадні Дня Перамогі стала ўдзельніцай міжнароднага мега-бліц-конкурсу “Помнит сердце, не забудет никогда…”, які праводзіў Міжнародны Саюз Рускамоўных Пісьменнікаў. За свае вершы паэтка атрымала чарговы дыплом.

У адкрытым фестывалі-конкурсе для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту “Вясёлы Жужа”, які ў чарговы раз праводзіла Гальшанская дзіцячая школа мастацтваў (Гродзенская вобласць), прымалі ўдзел і выхаванцы Валожынскай ДШМ.

У намінацыі “Інструментальнае выкананне” ў старэйшай групе цымбалістка, вучаніца 3 класа Паліна Далбаносава атрымала Дыплом лаўрэата ІІІ ступені. Выхаванка педагога А. Л. Клімянковай выконвала беларускую народную песню “Купалінка”.

У кафэ “ВМесте”, якое ў мінулым месяцы адкрылася ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, цяпер можна бавіць час яшчэ больш змястоўна, чым проста гуляць у настольныя гульні ці разам з сябрамі глядзець тэлевізар. Пра гэта паклапаціліся арганізатары незвычайнай установы.

У некаторыя дні моладзі прапануюць жывую музыку, творчыя сустрэчы з таленавітымі равеснікамі, майстар-класы, выступленні салістаў, музыкантаў і чытальнікаў. А, напрыклад, 24 мая адбудзецца гульня “Кола гісторыі” – віктарына па гісторыі Валожына. На наступны дзень – вечар-караоке, 26 мая – турнір гульні ў “Манаполію” і гэтак далей. Больш дальнабачныя падлеткі ўжо забраніравалі кафэ для сваіх дзён нараджэнняў і іншых святочных падзей.

65 новых кніг – сапраўдны падарунак для актыўных наведвальнікаў Валожынскай дзіцячай бібліятэкі.

На гэты раз паступіла толькі мастацкая літаратура, сярод якой некалькі твораў, якія праходзяць па школьнай праграме. Ёсць вершы і казкі беларускай пісьменніцы Валянціны Паліканінай, а таксама творы замежных аўтараў у перакладзе на беларускую мову. Радасць чытачам даставяць кнігі серыі “Моцарт і Рабінзон” Г. Хергета і Н. Рэнгера пра цікаўных мышанят і многія іншыя.