ІРЖАВЫ КУЗАЎ – ВА ЎТЫЛЬ!

Закон и порядок

З 1 студзеня 2012 года ўступае ў сілу ўказ, які дапаможа ачысціць нашы двары ад аўтахламу.

Уся неэксплуатуемая тэхніка з прыкметамі няспраўнасці, якая захоўваецца па-за ахоўваемымі месцамі (гаражы, платныя пляцоўкі), будзе звозіцца на спецыяльныя стаянкі. Расходы за эвакуацыю і захоўванне панясе гаспадар аўтахламу. На сёння гэта складае: выклік камерцыйнага эвакуатара для поўнай пагрузкі машыны – ад 170 да 450 тысяч, адны суткі платнай стаянкі – 40 тысяч. Грошы не малыя, таму лепш паспець да Новага года здаць іржавага “сябра” ва ўтыль. Для гэтага звяртайцеся ў РУП “Валожынскі жылкамунгас”.

Згодна з палажэннямі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 348, з грамадскіх месцаў будуць прымацца тыя транспартныя сродкі, на якіх адсутнічаюць элементы, прадугледжаныя канструкцыяй, дэфармаваныя або з яўнымі пашкоджаннямі, а таксама тыя, якія не эксплуатуюцца звыш паўгода пасля заканчэння тэрміну дзеяння дазволу на ўдзел у дарожным руху.

Пры зняцці з уліку транспартнага сродку, які будзе выбракоўвацца, уласнік абавязаны здаць у рэгістрацыйнае падраздзяленне пасведчанне аб рэгістрацыі, сертыфікат аб праходжанні тэхнічнага агляду і рэгістрацыйныя знакі. У такім выпадку транспартны сродак для агляду супрацоўнікаў ДАІ можа не выстаўляцца.

Міхаіл ЛІШТВАН,

старшы дзяржаўтаінспектар ДАІ.

 



Добавить комментарий