Аснова прафесіі – адданасць Радзіме

Общество

На здымку – адна з сямейных пар, на якую абавязкова звяртаеш увагу пры сустрэчы на вуліцах райцэнтра. Хоць людзі ў форме для Валожына – звыклая справа, аднак, калі побач з прывабным афіцэрам крочыць неверагодная прыгажуня, і яна таксама ў форме, між волі залюбуешся.

Перад намі прадстаўнікі воінскай часці 30695 – намеснік камандзіра батальёна па ідэалагічнай рабоце Станіслаў ВАЙТОВІЧ і яго жонка, яфрэйтар Юлія ВАЙТОВІЧ.

Трыццацігадовы капітан прызнаецца: выбар прафесіі і выбар спадарожніцы жыцця – яго самыя асэнсаваныя крокі. Стаць афіцэрам дапамагла тэрміновая служба. Менавіта з ёй звязаў свае спадзяванні на будучыню. Сам папрасіў накіраванне ў паветрана-дэсантныя войскі і ніколі не пашкадаваў пра гэты ўчынак. Фізічная нагрузка (як без яе дэсантніку?) у спалучэнні з пастаяннай неабходнасцю вучыцца натхнілі на прыняцце канчатковага рашэння. Затым быў ваенны факультэт БДУ, дзе набыў спецыяльнасць ваеннага псіхолага. Валожынская воінская часць стала першым і пакуль адзіным месцам службы. Тым, як развіваецца яго кар’ера, Станіслаў Валер’евіч задаволены. Аддана нясе няпростую службу і на 100 працэнтаў упэўнены: менавіта свядомае стаўленне да абавязаку абараняць Радзіму і свой народ робіць хлопчыка сапраўдным мужчынам. Выдатна адукаваны чалавек ганарыцца магчымасцю служыць у знакамітай ардэнаноснай брыгадзе побач з выключнымі спецыялістамі, што ў любую хвіліну гатовы стаць на абарону рубяжоў Рэспублікі Беларусь.

Прыемны падарунак лёсу: у часці Станіслаў Валер’евіч знайшоў і асабістае шчасце. Яго чароўная жонка Юлія пакуль пра афіцэрскія пагоны толькі марыць. Але такая ж, як і ў мужа, мэтанакіраванасць дапамагае ёй свядома праз удасканаленне ўласных ведаў і ўменняў імкнуцца да паступовага расту па службе. У свой час Юлія Аляксандраўна атрымала спецыяльнасць тэхніка па тэлекамунікацыях, а зараз з’яўляецца студэнткай-завочніцай Акадэміі сувязі. Гэта значыць, літаральна праз год атрымае дыплом інжынера, што пашырыць яе магчымасці. Маладая жанчына, як і нарачоны, вельмі ўдумліва ставілася да выбару прафесіі. Вось толькі, паступіўшы ў каледж, не ўяўляла сябе ў пагонах. У валожынскую часць прыбыла па размеркаванні. Дарэчы, знаёмства са Станіславам (у той час псіхолагам) адбылося падчас абавязковага для маладога папаўнення тэсціравання. Безумоўна, яна магла б застацца вольнанаёмным работнікам. Аднак, акунуўшыся ў армейскае жыццё, адчула непераадольнае імкненне стаць сапраўдным прадстаўніком Узброеных Сіл. Ні форма, ні статут не палохалі. І ўсё ж прызнаецца: ноччу перад прысягай заснуць не змагла – хвалявалася як ніколі. З таго моманту мінулі два гады. Упэўненасць у правільнасці адказнага рашэння не толькі не пахіснулася, наадварот – умацавалася. Тым больш, што побач ён – яе любімы абаронца.

Станіслаў і Юлія ганарацца поспехамі адзін аднаго. Разам імкнуцца да таго, каб і на службе, і ў паўсядзённасці быць годнымі людзьмі, цудоўнай парай – сапраўднай сямейнай камандай. Яны добра ўсведамляюць адказнасць, што ляжыць на іх плячах, і ніколі не скардзяцца на цяжкасці, цэняць кожнае імгненне, калі могуць быць разам. Гэта пара не дамаседы. Ім падабаецца падарожнічаць па населеных пунктах Беларусі. Багатая гісторыя краіны, клопат аб бяспецыя якой зрабілі часткай свайго жыцця, натхняе, дае сілы, напаўняе сэрца любоўю.

Аб чым мараць сціплыя, па-сапраўднаму інтэлігентныя мужчына і жанчына ў пагонах? Безумоўна, пра тое, каб наладжаным заставаўся быт, хапала часу на самаўдасканаленне і стасункі з сябрамі, каб нішто і ніколі не парушала мірнае жыццё суайчыннікаў, а значыць, і іх лёс складваўся стабільна годна і прыгожа.

Старонку падрыхтавала Валянціна КРАЎНЕВІЧ.