Ім віншаванні – у першую чаргу

Общество

Алена ДАНЬКО, Вераніка ЗАГОРСКАЯ, Тамара ЯНЫШ, Раіса БАРАДА.

Дзе яшчэ, як не ў радзільным аддзяленні райбальніцы, можна па-сапраўднаму адчуць святочны настрой у Дзень сям’і? Менавіта сюды з падарункамі накіраваліся прадстаўнікі грамадскасці, каб падтрымаць валожынскіх парадзіх ці тых, хто яшчэ рыхтуецца стаць маці, а таксама медыцынскіх работнікаў, у чыіх руках здароўе маладых матуль і нашай будучыні – нованароджаных дзетак.

Таццяна ПРААБРАЖЭНСКАЯ, Тамара ЯНЫШ і Анастасія УЛЕЗЛА.

Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вераніка Віктараўна Загорская, старшыня прафсаюзнай арганізацыі работнікаў дзяржорганаў Тамара Уладзіміраўна Яныш, спецыяліст па сацыяльнай рабоце ТЦСАН Раіса Віктараўна Барада ад імя ўсіх жыхароў раёна павіншавалі са святам жыхарак Валожына Алену Юр’еўну Данько, Анастасію Віктараўну Улезла (чакаюць першынцаў),  Святлану Анатольеўну Крамянецкую (чакае нараджэння трэцяга дзіцяці) і  Вольгу Браніславаўну Яцук з Івянца (чакае другое дзіця).

 Ала СЯМЁНАВА з дачушкай Дар’яй.

Ала Аляксандраўна Сямёнава з Івянца ў палаце ўжо не адна. Пяць дзён таму яна нарадзіла дачку. Дома сустракаць матулю і жонку разам з маленькай Дар’яй рыхтуюцца муж і бацька Аляксандр Іванавіч і чатырохгадовая Анастасія.

Медыцынская сястра Таццяна Францаўна Праабражэнская і санітарка (дарэчы, шматдзетная маці) Таццяна Раманаўна Клямяціч  расказалі гасцям пра тое, як ажыццяўляецца клопат пра маладых матуль і немаўлят у аддзяленні, правялі па ім невялікую экскурсію. Яны папрасілі перадаць прывітанне ўсім маладым жанчынам Валожыншчыны і нагадаць, што кожнай з іх у спецыялізаваным аддзяленні ЦРБ будуць шчыра рады.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара