На абласным мерапрыемстве да Дня сям’і пабывалі “сярэбраныя” юбіляры з Валожына

Общество

На мінулым тыдні ў Барысаве прайшла ўрачыстасць “Мір у сям’і – адзінства ў Беларусі”. Наведаць яго запрасілі Андрэя і Наталлю МЯДЗІНСКІХ з Валожына, якія сёлета адсвяткавалі 25 гадоў сумеснага жыцця.

Будучыя муж і жонка пазнаёміліся ў дзіцячым спартыўным лагеры. Доўгі час маладыя людзі сябравалі, разам хадзілі на дыскатэкі. Вяселле, якое адбылося ў 1996 годзе, яшчэ больш змацавала цёплыя адносіны паміж імі, дало навастворанай сям’і штуршок для развіцця на далейшыя гады. Праз год з’явіўся першынец Міхаіл, сёння малады чалавек працуе фельчарам выязной брыгады хуткай медыцынскай дапамогі ў Мінску. А малодшую дачушку Таісію бацькі з вялікай радасцю прывіталі ў 2015 годзе. Яна марыць стаць ветэрынарам, вельмі любіць маляваць і займаецца плаваннем.

Увогуле, адносіны да спорту, актыўнага адпачынку і здаровага ладу жыцця ў цэлым для Андрэя, Наталлі і іх дзяцей – сапраўдны трэнд. Усе яны наведваюць спартыўную залу і басейн, рэгулярна выязджаюць на велапрагулкі. Нават працуюць муж і жонка ў адной установе – раённай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе.

Пра абласное мерапрыемства да Дня сям’і ў іх засталіся самыя прыемныя ўражанні. У Барысаве для 33 пар з усёй Міншчыны падрыхтавалі маштабную ўрачыстасць з наведаннем музея, круглым сталом і насычанай канцэртнай праграмай. Чырвонай лініяй праз усю ўрачыстасць праходзіла думка аб захаванні і прымнажэнні сямейных традыцый і каштоўнасцей. Што ж з’яўляецца сапраўднай каштоўнасцю для нашых герояў?

Узаемаразуменне, павага, дабрыня, уважлівыя адносіны адзін да аднаго – вось залог дабрабыту, лічаць у сям’і Мядзінскіх.

Сяргей САДОЎСКІ

Фота Галіны РАЙ