50 гадоў шчасця, узаемаразумення і падтрымкі: «залатое» вяселле ў пачатку мая адзначылі Мікалай Іванавіч і Валянціна Васільеўна АЛЕШКІ з Аўгустова

Люди и судьбы Общество

Гэта радасная падзея і стала нагодай візіту ў іх утульны светлы дом старшыні раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Галіны Рай і старшыні раённага савета ветэранаў Таццяны Ціганінай. Да Дня сям’і яны ўручылі юбілярам падарункі ад раённага выканаўчага камітэта і сваіх структур.

Гаспадар і гаспадыня сустрэлі гасцей з вялікай радасцю і хваляваннем: за доўгае сумеснае жыццё іх ні разу не ўшаноўвалі на раённым узроўні. Не былі яны і героямі раённай газеты, хаця вельмі варты таго. Адным толькі адносінам паміж гэтай парай трэба павучыцца многім: не кожны здолее прайсці са сваёй палавінкай па жыцці паўвека і захаваць у вачах – люстэрку душы – бязмежную любоў, пяшчоту і павагу, гатоўнасць падтрымаць, дапамагчы ў любых абставінах…

Гэта і адзначылі ў сваіх віншаваннях візіцёры, якія пажадалі, каб такія ўзаемаразуменне і згода, убачаныя ў гэтым прыгожым, вялікім і светлым доме, сустракаліся як мага часцей.

Мікалай Іванавіч і Валянціна Васільеўна – мясцовыя, аўгустоўскія. Знаёмы былі, лічы, з маленства. Вяселле згулялі акурат на Юр’е – 6 мая 1971 года. Бацькі маладых падтрымалі іх рашэнне, дапамаглі крыху абжыцца, займець гаспадарку. Абодва працоўнае жыццё звязалі з райспажыўтаварыствам: жонка шчыравала ў мясцовым магазіне, потым перайшла на аўталаўку, а муж, шмат часу аддаўшы рабоце ў аўтапарку № 14, 28 гадоў працаваў вадзіцелем у структуры спажывецкай кааперацыі. Нарадзіліся трое дзетак. Сёння адна дачка з сям’ёй жыве ў Санкт-Пецярбургу, другая – у Адэсе, сын – у сталіцы нашай краіны. Ва ўсіх па двое сваіх дзяцей. Няма большай радасці для Алешкаў, калі ўсе шасцёра ўнукаў збіраюцца на падворку аўгустоўкай хаты. У такія моманты наймацней адчуваецца непарыўная сувязь пакаленняў, вытокі якой – ва ўменні дзядулі і бабулі жыць душа ў душу…

Тэкст і фота

Сяргея САДОЎСКАГА